В деревне под Березой недавно появился третий частный музей — сельской потребкооперации

Экспанаты трэба чапаць рукамі

У сярэдзіне 2000-х член Саюза мастакоў і жыхар Брэста Анатоль Жалудка падарыў сваёй малой радзіме — роднай вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна — адмысловы музей народнага побыту, пазней музеем стаў сельскі клуб, а нядаўна Жалудка выкупіў былы сельмаг і стварае там музей патрэбкааперацыі. Так што цяперашнія Сабалі — вёска-музей! 

Сабалёўскі маёнтак

Музей, можна сказаць, пачынаецца ўжо на ўездзе ў Сабалі. З паклоннага крыжа пры дарозе. Паставіў яго Жалудка. Прыварыў да рэпернага слупка. 

— Зборшчыкі металалому ўжо да знака прыглядаліся, дык я зварыў крыж і прымацаваў да рэпера. Наўрад ці ў каго паднімецца рука крыж зрэзаць, — мае рацыю Анатоль Жалудка. 

Едзеш па вёсцы і заўважаеш незвычайнае — то дрэва жаданняў са стужкамі, то арка каля лазні, то камень-ідал... Усё справа рук Жалудкі. 

Экскурсію па яго музеях пачынаем са скансена — этнаграфічнага музея народнай архітэктуры і побыту Заходняга Палесся «Сабалёўскі маёнтак». Дзеля яго стварэння мастак набыў дом сваяка. Колькі зараз на гэтым падворку і ў хаце экспанатаў, Анатоль нават прыблізна сказаць не можа. Не сотні — тысячы, і гэта безумоўна.

Прылады працы селяніна, каваля, сталяра, шапавала, рыбацкія прыстасаванні, прадметы бортніцтва... Старыя савецкія аўтамабілі і матацыклы. Мноства камянёў рознай формы, сярод якіх нямала так званых курыных багоў (камень са скразной адтулінай прыроднага паходжання). Адкуль гэтулькі ўсяго?

Мастак прызнаецца, што захапленне яго даўняе, таму не за адзін год калекцыя сабрана:

— Нешта купіў, нешта абмяняў, нешта знайшоў.

Шаляваны дом пабудаваны ў мінулым стагоддзі. З верандай, добрымі вокнамі, печчу. Заходзім — і зноў вочы разбягаюцца. Пад шклом — рознага кшталту знаходкі: керамічныя рэшткі, каменныя скрабкі, манеты, пярсцёнкі, лыжкі, відэльцы... І нават біўні маманта! 

Хатнія пакоі аформлены па перыядах жыцця Сабалёў. Асобны куток прысвечаны рэлігіі. Экспанаты дапаўняюць карціны ў выкананні Анатоля Жалудкі. 

Экскурсія працягваецца на гарышчы — там мэбля, вопратка вяскоўцаў, чамаданы...


Гартаем «Кнігу водгукаў» і не здзіўляемся, што пішуць столькі добрых слоў. Такой калекцыі прадметаў вясковага побыту не ўбачыш ні ў якім другім музеі.

Але ў кожнага работніка музея ўзнікае жаданне сістэма­тызаваць экспанаты, надаць інвентарны нумар, павесіць бірку. Анатоль Жалудка прызнаецца, што такой мэты ў яго няма:

— Хачу, каб прадметы жылі, а не ляжалі пад шклом мёртвымі. Таму ў мяне ўсё можна чапаць рукамі! 

Новае клубнае жыццё

Сабалёўскі клуб даўно пад замком, будынак перада­дзены ААТ «Вінец». Дырэктар гаспадаркі Яўген Шымчук дазволіў Анатолю Жалудку выка­рыстоўваць яго як музей. Перш-наперш Анатоль сабраў біблі-ятэку — на паліцах мы заўважылі нават шматтомнік Леніна. 

Пад столлю ў адзін рад — партрэты гістарычных дзеячаў, што мелі дачыненне да Палесся. 

Калекцыя тэлевізараў і радыёл, старое піяніна, тэнісны стол... Чаго толькі не ўбачыш у зале, дзе некалі круцілі кіно. Тут сабрана і багатая калекцыя ручнікоў і карцін, якія некалі ўпрыгожвалі вясковыя хаты, — гэта і выцінанка, і роспіс па шкле, і жывапісныя палотны. 

Лямпы, гаршкі, прасы

Сабалёўскі сельмаг закрылі не так даўно. Зараз у вёску прыязджае аўталаўка. Анатоль Жалудка вырашыў захаваць і гэты «цэнтр» вясковага жыцця, купіў будынак і стварае ў ім музей. 

— Ну, безумоўна, мяне родныя адгаворвалі, раілі пачакаць, калі будуць аддаваць за базавую велічыню, але не вытрымаў, заплаціў і купіў. Праўда, энергетыкі святло адрэзалі, прый­дзецца добра заплаціць, каб зноў падключыцца, — падлічвае непрадбачаныя расходы краязнавец. 


На паліцах сельмага-музея — гліняны посуд. Пазнавальная чорнадымлёная кераміка з Пружаншчыны, жоўтая са Століншчыны. Сабрана цэлая калекцыя керасінавых ліхтароў. Посуд керамічны і алюмініевы, які некалі быў у савецкіх сталоўках. Бутэлькі рознага часу. Самавары і чайнікі. Тэлефонныя апараты і магнітолы. Анатоль здымае з паліцы адзін з прасоў і звяртае ўвагу на выяву... Льва Талстога:

— Каб пакараць яго за ерась, майстры завода па вырабе прасоў горада Верэя Маскоўскай вобласці змясцілі барэльеф пісьменніка каля распаленага вуголля. Своеасаблівая геена вогненная. 

Па перыметры памяшкання — жывапісныя карціны з выявамі навакольных архітэктурных славутасцей, нават іконы. 

Цікавімся, якія экспанаты найбольш каштоўныя? Анатоль паказвае шматлікія манеты. Ну і шмат чаго іншага, што лепш убачыць сваімі вачамі...

У кожнага свой крыж

Два пытанні, якія, прызнаецца Анатоль Жалудка, найчасцей задаюць наведвальнікі, — навошта яму ўсё гэта патрэбна і ці прыносіць захапленне грошы? 

Адказваць края­знавец можа доў­га. І пра прод­каў, і пра жаданне зберагчы рэшткі таго жыцця, якім жылі не такія ўжо і далёкія бабулі і дзядулі. 

— Мяне захапленне задавальняе, атрымліваю асалоду, — падсумоўвае наш суразмоўнік. 


А наконт заробку... Бывае, нехта пакіне пару рублёў за экскурсію, але афіцыйна грошы Анатоль не бярэ. Ён спадзяецца, што манетызацыя магчыма. Можа, гэта зробяць дзеці. Яны ў яго хоць і захоплены гісторыяй (удзельнікі гістарычных рэканструкцый), але ўмеюць зарабляць. Пляменнік, дарэчы, узяўся рэаніміраваць мастацкія промыслы, якімі славілася некалі брэсцкая мастацкая фабрыка «Славянка». Прыватнае прадпрыемства ўжо прадае сваю прадукцыю амаль ва ўсе краіны свету. 

— Гэта мой крыж, — дадае Анатоль Жалудка.

Можна разумець яго словы ў пераносным сэнсе. А можна і ў прамым. Акрамя музеяў, мастак за свае грошы ўсталяваў пасярод вёскі крыж і памятную дошку з імёнамі землякоў, загінулых у Вялікую Айчынную...

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter