
Раней трапіць на завод можна было толькі яго работнікам і членам спецыяльных дэлегацый, якіх знаёмілі з вытворчасцю. Сёння дастаткова патэлефанаваць (нумар пазначаны на сайце МТЗ) і забраніраваць час. Экскурсіі праводзяць з панядзелка па пятніцу — у 10 і 13 гадзін. Білет для дзяцей да 18 гадоў — 2,5 рубля, для дарослых — 5 рублёў, замежных турыстаў — 9 рублёў. У кошт уключаны паслугі перакладчыкаў з англійскай, іспанскай, нямецкай і кітайскай моў.
Праходжу на прадпрыемства. На выставе трактароў, дзе прадстаўлена найноўшая лінейка тэхнікі, Сяргей Сідаровіч, спецыяліст завода па рабоце сярод моладзі, прапануе зазірнуць у кабіну некаторых мадэляў. Па жалезнай лесвіцы падымаюся ў кабіну аднаго з самых вялікіх энерганасычаных трактароў — BELARUS-3522. Махіна вагой больш за 12 тон мае магутнасць 350 к.с. — трактар упэўнена працуе нават пры вялікіх нагрузках.
«Праўда, звычайнаму сельскаму трактарысту будзе складана ім кіраваць, — экскурсавод дэманструе мноства рычагоў і датчыкаў. — Каб стаць вадзіцелем, трэба атрымаць спецыяльнасць аператара». А вось BELARUS-82.1 пад сілу асядлаць нават пачаткоўцу-трактарысту — таму гэта самая масавая мадэль трактара. Універсальная тэхніка выпускаецца з 80-х гадоў і да гэтага часу папулярнасці не страціла. Раблю некалькі фотаздымкаў на памяць і выходжу на цэнтральную вуліцу завода, якая вядзе да асноўных вытворчых карпусоў.

«Вось два першыя механічныя цэхі. З іх усё і пачыналася», — Сяргей Сідаровіч паказвае на будынкі і тут жа дэманструе копіі архіўных матэрыялаў. На здымках — двухпавярховыя будынкі. «На першым узроўні рабочыя працавалі, на другім — жылі, — расказвае суразмоўца. — Пазней цэхі дабудоўваліся і відазмяняліся».
Цікава, што першым прадуктам МТЗ быў зусім не трактар, а балотны плуг. Іх колькасць пасля вайны скарацілася з 1,5 тысячы да ўсяго 36 асобнікаў — у часы асушэння балот вытворчасць гэтай тэхнікі была асабліва запатрабавана. Пасля вайны на заводзе вырабілі першы рухавік на 10 «конікаў» — ПД-10. Выпусцілі першы трактар — КД-35. Пасля эксперыментальнай мадэлі ў 1950-м праз тры гады запусцілі серыйную вытворчасць. Першы такі трактар устаноўлены на пастаменце каля ўвахода на завод. Нягледзячы на тое што гэта музейны экспанат, тэхніка і зараз у працоўным стане.
Праходжу алею Славы, дзе красуюцца партрэты перадавікоў вытворчасці. Далей — яшчэ некалькі заводскіх вуліц, а таксама магазіны, сталовыя, пошта, кіёск, пункт аховы здароўя. Пераходзім цераз «зебру», пераступаем чыгуначныя пуці — заводскія. Словам, падарожнічаем па сапраўдным міні-горадзе! 20 хвілін у дарозе, і мы трапляем у механічны цэх. Там вырабляюць шасцерні і валы. Цэх абсталяваны найноўшай тэхнікай — пры будаўніцтве новага ўчастка былі задзейнічаны 23 кампаніі з розных краін свету.

Машыны працуюць, людзі кантралююць працэс. Аператар Сяргей Ягораў на маіх вачах запускае праграму па шліфоўцы дэталяў. «Праца няпыльная, — прызнаецца. — Усё робіць камп’ютар, і праз шэсць хвілін шасцерні трэба змяніць». Праўда, гэты невялікі час быў для мяне сапраўдным выпрабаваннем — у цэху досыць шумна. «Гэта толькі здаецца, — тлумачыць аператар. — Тут бярушы не патрэбныя — паказчыкі шуму не перавышаюць дапушчальную норму».
За час экскурсіі складана (я б сказала, нават немагчыма) азнаёміцца з усім заводам. Тут працуе больш за 17 тысяч чалавек, а яго плошча перавышае 154 гектары. Таму за гадзіну турысту прапануюць убачыць толькі 15 працэнтаў вытворчасці — паверце, для масы ўражанняў гэтага цалкам дастаткова. Чаго толькі варты корпус зборкі трактароў — галоўны канвеер прадпрыемства. Наведвальнікі працэсу не перашкаджаюць.
На зваротнай дарозе экскурсавод агучвае яшчэ некалькі важных момантаў з гісторыі прадпрыемства. Разглядаем ілюстрацыі: на старым здымку — святочнае мерапрыемства. «У 1972 годзе святочнае шэсце ўзначальваў мільённы трактар. Гледачоў было столькі, што і без вадзіцеля машыну маглі вынесці на руках, — смяецца Сяргей Сідаровіч. — Юбілейную тэхніку падарылі Герою Сацыялістычнай Працы трактарыстцы з Мінскай вобласці Надзеі Куніцкай».
Жанчына працавала на гэтым трактары на калгасных палях, а ў 2004 годзе яму далі другое жыццё — цалкам замянілі ўсе вузлы і дэталі. «Куніцкая пазней перадала «мільённіка» свайму лепшаму вучню. Трактар да гэтага часу спраўна працуе», — Сяргей Сідаровіч завяршае экскурсію. Пакідаем завод, а разам з намі і тысячы трактаразаводцаў — чарговая змена закончана.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА