В Могилевском государственном областном лицее № 3 открылась необычная выставка, посвященная 80-летию героической обороны города

Экспанаты пахнуць порахам

Кнiгi i фота, копii дакументаў i плакаты, рэчы з савецкага мiнулага i колаты цукар. Выстава «Салдатамi былi ўсе» — не проста экспазiцыя. Гэта яшчэ i месца, дзе праходзяць урокi гiсторыi. Многiя з экспанатаў не так даўно былi сямейнымi рэлiквiямi. Падчас працы над праектам настаўнiкi i вучнi Магiлёўскага абласнога лiцэя № 3 здолелi не толькi адшукаць нямала ўнiкальных рэчаў, але i апублiкаваць раней малавядомыя факты пра землякоў-герояў. А прысвяцiлi выставу 80-годдзю абароны Магiлёва i падпольнай барацьбы ў гады нямецкай акупацыi.

Кнiгі пра абаронцаў города прачытаюць i будучыя пакаленні.

— Гэта далёка не першы грамадзянска-патрыятычны праект лiцэя. Вялiкая Айчынная ў лёсе асобна ўзятых сем’яў, урокi-рэквiумы, апавяданнi пра малую радзiму — усё проста немагчыма пералiчыць. У вынiку такiх даследчых работ высветлiлася, што ў сем’ях навучэнцаў ёсць сваякi трох Герояў Савецкага Саюза! — падзялiлася выкладчыца гiсторыi Вера­нiка Нiкалаенка.

Усе ўспамiны сабраны i заархiва­ваны. Веранiка Васiльеўна не сумняваецца: гэтая памяць будзе патрэбна i iншым пакаленням. 

— Здараецца, што пра нейкiя крупiнкi мiнулага даведваешся амаль выпадкова. Неяк каля мемарыяльнага комплексу «Ахвярам фашызму» на праспекце Шмiта пазнаёмiлiся з гараджанiнам. Было вiдаць, што яго не пакiнула абыякавым выступленне нашых рабят i ён таксама хоча нешта дадаць ад сябе, — успамiнае педагог. — Як высветлiлася, у мужчыны з гэтым месцам звязаны асабiстыя ўспамiны. У гады вайны яго мацi выкупiла «сваяка» з канцлагера, якi тады размяшчаўся ў гэтым месцы. А потым адпраўляла туды сына з бульбай i хлебам для палонных.

Якiя сакрэты хавае стары чамадан?

Выстава расказвае не толькi пра вядомых усёй краiне i свету абаронцаў Магiлёва, але i пра людзей, чые подзвiгi ведае больш вузкi круг. Напрыклад, пра сям’ю Асмалоўскiх, якая схавала i выхадзiла цяжкапараненага генерала Мiхаiла Раманава ў сваiм доме ў вёсцы Барсукi пад Магiлёвам. Але знайшлiся здраднiкi i паведамiлi пра гэта карнiкам. Гiтлераўцы расстралялi ўсiх, хто спрабаваў выратаваць героя. Навучэнцы лiцэя пабывалi ў Барсуках, прыбралi i добраўпарадкавалi брацкую магiлу, месца спачыну загiнулых ад рук нацыстаў вяскоўцаў.

— Яшчэ хацелася б нагадаць пра магiлеў­чанку Праскоўю Дзярыба, якая з дапамогай царквы збiрала для ваеннапалонных прадукты i адзенне. Пасля вайны яна была ўзнагароджана медалём «Партызан Айчыннай вайны» I ступенi. Але ў шасцiдзясятых па нейкiм сiгнале жанчыну пазбавiлi ўзнага­роды. А неўзабаве не стала i самой гераiнi, — падзялiлася Веранiка Нiкалаенка.

На «бабулiнай этажэрцы» сабраны рэчы даваеннага і пасляваеннага часу.
Для сучасных хлопцаў i дзяўчат немалаважна i тое, якiм быў побыт да- i пасляваеннага часу. Няхай «Рыа-Рыта» цi «Салаўi» для iх гучаць з дынамiка, але ўбачыць патэфон таксама цiкава. Або швейную машынку, якая была «паранена» ў ваеннае лiхалецце, аднак каваль з Быхава змог яе паправiць. Даваенныя кнiгi «Сталiн пра Ленiна» або «Матэрыялы XVI з’езда УКП(б)» сёння таксама вялiкi рарытэт. Ды i самаробны самакат пачатку шасцiдзясятых здольны здзiвiць, тым больш што ён усё яшчэ на хаду! Атмасферу мiнулага дапаўняюць цукеркi-падушачкi (без абгорткi), сушкi — гэтымi экспанатамi, дарэчы, можна i паласавацца. Ёсць i сапраўдны кавалак цукру ад цудам захаванай так званай цукровай галавы. Педагог упэўнена, што праца над чарговым праектам адкрыла ў яе аўтараў новыя гранi бачання:

— Рабяты пакiнулi надпiс на дошцы, якi маглi б зрабiць iх адна­годкi 80 гадоў таму: «Да пабачэння, школа! Добры дзень, новае жыццё! 21 чэрвеня 1941 года». Такая паралель невыпадковая: лёс не пакiнуў выбару выпускнiкам таго страшнага перыяду. Многiя з iх ваявалi на франтах, у падполлi i загiнулi за нашу будучыню.

Супрацоўнiкаў i выхаванцаў лiцэя адрознi­вае неабыякавасць да ўсяго, што звязана з вайной. Да прыкладу, адзiн з работнiкаў убачыў на сметнiку шкатулку з ордэнскiмi планкамi — i яны таксама занялi сваё пачэснае месца на выставе. «Сем’ям навучэнцаў, якiя ўнеслi асабiстую лепту ў тое, каб выстава адбылася, дырэкцыя вынесла падзяку», — расказала Веранiка Нiкалаенка. А пераможцаў алiмпiяд тут плануюць заахвоцiць паездкай у такiя знакавыя для ўсiх беларусаў месцы, як мемарыяльныя комплексы на тэрыторыi былога дзiцячага канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг Гомельскай вобласцi i «Памяцi спаленых вёсак Магiлёўскай вобласцi» ў Борках Кiраўскага раёна.





markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter