От легендарного пулемета ПКШ до реактивного штурмовика: какие уникальные экспонаты собраны за 15 лет работы музея военной славы в Гомеле

Экспанаты — гучныя сведкі эпохі

Гомельскі абласны музей ваеннай славы — сапраўдны запаведнік для тых, хто цікавіцца зброяй, абмундзіраваннем і тэхнікай розных эпох. Нядаўна ўстанова адзначыла 15-годдзе. А гэта выдатная нагода расказаць пра гісторыю самога музея і, зразумела, пра найбольш цікавыя экспанаты з яго калекцыі.

Баявы касцюм воiна Залатой Арды.

Усё пачыналася з тэматычнай экспазіцыі Гомельскага краязнаўчага музея. З часам колькасць фондаў расла, і гэта навяло на думку аб стварэнні самастойнай установы. Пад яе выдзелілі былы дзіцячы сад на вуліцы Пушкіна. 

Цяпер у васьмі залах на двух паверхах размешчана экспазіцыя, якая адлюстроўвае падзеі ваеннай гісторыі Гомельшчыны ад старажытнасці да нашых дзён. Заканамерна вялікая частка прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Храналагічна ёй папярэднічаюць Першая сусветная, Кастрычніцкая рэвалюцыя і ліхалецце Грамадзянскай вайны. Іх ілюстрацыя — востраканцовыя каскі салдат кайзераўскай Германіі, агітацыйныя плакаты царскай Расіі, амуніцыя і першыя ўзнагароды Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі.

У экспазiцыi прадстаўлена зброя са старажытнасцi да нашых дзён.

Амуніцыя салдата Першай сусветнай вайны.

У вялікім асартыменце прадстаўлена зброя савецкіх салдат, уключаючы пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна (ПКШ) з круглым дыскам. Сугучна абрэвіятуры пехацінцы любоўна празвалі яго «папашей». Яшчэ большую цікавасць уяўляюць саматужныя ўзоры, вырабленыя ў адным з атрадаў 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады. Канкурыраваць з арыгіналамі самаробкі, вядома, не маглі. Аднак галоўнае прызначэнне — біць ненавіснага ворага — аўтаматы выконвалі бездакорна. Ёсць і нямецкі антаганіст ПКШ — аўтамат МР-40, больш знаёмы абывацелю пад памылковай назвай «Шмайсер». А яго масавасць ва ўзбраенні салдат вермахта дзякуючы штампам савецкага кіно нашмат перабольшана.

Вялiкая Айчынная вайна заканамерна стала галоўнай тэматыкай.

Некаторыя экспанаты выглядаюць пасрэдна, але выклікаюць уздрыгванне ад гісторыі свайго паходжання. Фрагменты рэменя, лыжкі, курыльная трубка, абрыўкі дроту, які ўжываўся для звязвання рук, — усё гэта было знойдзена на месцы канцлагера ў цэнтры Гомеля і на месцах масавых расстрэлаў мірных жыхароў. У шкляных ёмістасцях — попел з папялішчаў вёсак, спаленых карнікамі. У іх ліку сумна вядомая Ола, цяпер мемарыяльны комплекс у Светлагорскім раёне.

Мабыць, самы экзатычны экзэмпляр быў перададзены музею гамельчанінам, які ўдзельнічаў у штурме Рэйхстага. Гэта пляшка з надпісам, што пасудзіна — падарунак фюрару ад царквы Балгарыі. Франтавік распавёў, што ўзяў трафей у бункеры рэйхсканцылярыі, дзе ў апошнія дні вайны адседжваўся Гітлер.

Адзін з музейных залаў прысвечаны пасляваеннаму перыяду, а менавіта лакальных канфліктаў, у якіх удзельнічаў СССР. Найбольш вядомы з іх — вайна ў Афганістане. Беларусаў, якія служылі ў Савецкай арміі, лёс закідваў і ў іншыя кропкі свету. Ангола, В'етнам, Егіпет, Куба, Лівія, Емен, Сірыя — гэта толькі некаторыя з іх.

Адна з залаў музея прысвечана воiнам-iнтэрнацыяналiстам.

Погляды знатакоў халоднай зброі прыцягнуць узнагародны егерскі кінжал, корцікі марскіх афіцэраў, штыкі, нажы і нават самурайскія катаны. Апошнія былі канфіскаваны мытняй пры спробе кантрабанднага ўвозу ў Беларусь.

Асобнага агляду заслугоўвае музейны двор, на якім стаяць больш за 40 адзінак ваеннай тэхнікі. Танкі і артылерыйскія прылады, легендарная «кацюша», бронетранспарцёры, зенітна-ракетны комплекс, пара верталётаў і рэактыўных штурмавікоў, адзін з якіх здзяйсняў баявыя вылеты ў Афганістане.

На музейным двары знайшлося месца для больш чым 40 адзінак ваеннай тэхнікі.

— Кожны раз, ледзь уціснуўшы чарговую машыну, мы думаем: дакладна апошняя, больш не ўлезе, — з усмешкай прызнаецца галоўны захавальнік фондаў Ігар Харышка. — Але як толькі з'яўляецца магчымасць набыць нешта яшчэ, месца чароўным чынам знаходзіцца. Упусціць экспанат мы не можам.

Апошні з набыткаў — патрульны катар «Бусел», перададзены Гомельскай пагранічнай групай. Судна пачынала службу ў Фінскім заліве, затым баразніла воды Дняпра на беларуска-ўкраінскай мяжы ў раёне Лоева. А перад самым спісаннем яшчэ і трапіла ў фільм з цыкла «Дзяржаўная мяжа».

Самы габарытны экспанат музея бачны з вуліцы. Гэта санітарны эшалон з лакаматывам. Махіну вагой 120 тон прыйшлося рэзаць на часткі і з дапамогай рознага транспарту, уключаючы водны, па чарзе дастаўляць у музей. Пры ўстаноўцы на вечную стаянку паравоз сабралі нанава.

Ідэй па далейшым развіцці музея, у якім працуюць энтузіясты, шмат. Дырэктар установы Святлана Яркавая расказвае пра адну з такіх:

— Зараз займаемся распрацоўкай уласнай эмблемы. Хочам зрабіць яе з захаваннем усіх стандартаў і афіцыйна зарэгістраваць у геральдычным савеце пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працэс вельмі карпатлівы, але мы прыкладаем максімум намаганняў. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

prolesk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter