Итальянские костюмы Янковского, литографии Тычины, бисер Станюты: потомки известных деятелей искусства - главные пополнители фондов музея

Экспанат да запатрабавання

У нас шмат музеяў: і дзяржаўных, і прыватных. У кожным свой скарб. Але, на жаль, не ва ўсіх ёсць экспанаты, да якіх хочацца вяртацца, вывучаць і захапляцца імі. Як у Луўры, Эрмітажы і гэтак далей. Мы зазірнулі ў нашы музеі, каб зразумець, як там папаўняюцца экспазіцыі і фонды і ці ёсць у іх шанц займець сусветную славу.

Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі яшчэ няма і трыццаці. Для такой установы ўзрост, можна сказаць, падлеткавы, калі арганізм, а ў дадзеным выпадку калекцыя, толькі фарміруецца. Мы зазірнулі на Музычны завулак, 5, каб даведацца, адкуль, як і чым папаўняюцца фонды і экспазіцыя музея.

Чалавечы фактар

Зінаіда Кучар, дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, адразу запрашае нас не на экспазіцыю ці ў сховішчы, а ў свой кабінет. Там — апошнія набыткі, частка з іх яшчэ нават не прайшла атрыбуцыю:

Зінаіда КУЧАР.

— Адна з форм папаўнення нашых фондавых калекцый — чалавечы фактар. І ўсе музычныя дыскі, часопісы, афішы і іншае, што вы тут бачыце, якраз той выпадак. Вельмі прыемна, што ёсць людзі, якія разумеюць нашу працу, нашу мэту — захаваць як мага больш артэфактаў, матэрыялаў, якія звязаны з культурным жыццём нашай краіны. Дзякуючы аднаму такому чалавеку на працягу апошніх трох-чатырох гадоў я пастаянна атрымлівала пакет з надпісам «Кучар Зінаідзе Лявонцьеўне». Кожны раз з зачараваннем глядзела, чые музычныя дыскі цяпер трапяць у нашу калекцыю.

Гаворка не пра нейкага таемнага меламана. Усё прасцей. Апошнія гады значна ўзбагаціў фонды музея Павел Паўлавіч Латушка, пасол Беларусі ў Францыі. Чалавек, які некалі быў міністрам культуры, і на зусім іншай пасадзе працягваў апекаваць гэтую сферу. Ён не толькі садзейнічаў замежным гастролям нашых калектываў, але і збіраў фанатэку і іншыя рэчы, якія могуць уяўляць цікавасць для нашчадкаў. «Песняры», Аляксандр Анісімаў, «Бяседа», «Чысты голас» — некалькі дзясяткаў дыскаў сёння, можа, і не маюць вялікай гістарычнай каштоўнасці, але праз некаторы час абавязкова яе набудуць.

Тое ж тычыцца і трох вялізных скрынь, якія Павел Паўлавіч перадаў музею літаральна гэтымі днямі. Заканчваецца тэрмін яго замежнай службы, ён вяртаецца ў Мінск, сюды ж адправіў і рэчы, па якіх ужо зараз можна пісаць навуковую працу аб замежнай гастрольнай дзейнасці нашых сучасных артыстаў. У асноўным гэта часопісы з рэцэнзіямі на выступленні беларускага балета, іншых харэаграфічных калектываў. Шмат афіш, праграмак, аўтографаў і іншага. Гэтыя рэчы з’явіліся ў музеі вельмі своечасова. Зараз там праводзіцца мадэрнізацыя экспазіцыі па тэме «Музычная культура Беларусі», і некаторыя дыскі і часопісы зоймуць сваё пачэснае месца.

Асобнае месца ў музеі зойме папка «Ігнат Дамейка». Гэта таксама здабыткі Латушкі. Атрыбуцыя гэтых дакументаў яшчэ не праведзена, таму крыніцы іх паходжання пакуль невядомыя. Але відавочна, што некаторыя з іх можна лічыць унікальнымі, як, напрыклад, ксеракопію рукапісу 1945 года на французскай мове.

На шчасце, Павел Латушка не адзіны дыпламат, які ахвяруе на каштоўныя экспанаты, звязаныя з Беларуссю. Зінаіда Лявонцьеўна тут жа дастае з шафы яшчэ адзін нядаўні здабытак. Генеральны консул Беларусі ў Гамбургу Андрэй Рыгоравіч Кулажэнка набыў на аўкцыёне зборнік п’ес польскіх пісьменнікаў на французскай мове 1823 года выдання і два графічныя партрэты: Леанарда Хоцькі, сакратара Міхала Клеафаса Агінскага, і яго жонкі. Карціны Зінаіда Кучар перадала ў Музей-сядзібу Агінскага, што ў Залессі. Яна, дарэчы, аўтар канцэпцыі і стваральнік той экспазіцыі. Кнігу ж пакінула для МГТМКБ. Чым яна цікавая? Па-першае, сярод іншых там ёсць і п’еса Міхала Казіміра Агінскага. Па-другое — яшчэ адзін твор, прысвечаны Барбары Радзівіл, яго напісаў Алаіз Фялінскі.

— Зноў жа хутка мы будзем рабіць мадэрнізацыю экспазіцыі «Магнацкія тэатры», і гэта кніга для нас сапраўдная каштоўнасць, — гаворыць Зінаіда Кучар. — Справа ў тым, што наш музей яшчэ і сёння даганяе цягнік, бо створаны на сучасным этапе, і, адпаведна, у нас зусім мала экспанатаў XVIII—XIX стагоддзяў. Таму падобныя рэчы для нас удвая даражэйшыя.


Касцюмы «Песняроў» — сярод самых каштоўных экспанатаў музея.

Памяць  на  памяць

З кабінета дырэктара пераходзім у выставачныя залы. Там на канкрэтных прыкладах бачым іншыя шляхі паступлення экспанатаў у музей. Навуковы супрацоўнік Таццяна Бушава адразу паказвае часовую выставу, прысвечаную стагоддзю былога дырыжора Тэатра оперы і балета Іосіфа Абраміса.

«Милому и талантливому ученику Иосифу Абрамису в память об окончании консерватории» — гэта надпіс на нотным зборніку 1950 года ад яго педагога Р. Рубінштэйна. А вось фотаздымак пасляваеннага выпуску той жа кансерваторыі, на якім амаль увесь тагачасны музычны свет. Тут яшчэ шмат іншых цікавых экспанатаў, дарагіх сэрцу нашчадкаў Абраміса. Але яго дачка, якая прымала ўдзел у стварэнні выставы, вырашыла: гэта сапраўды патрэбныя музею рэчы — і бескарысліва падарыла іх яму.

І такіх выпадкаў у МГТМКБ штогод дзясяткі. Зусім нядаўна бацькоўскія рэчы перадала дачка мастака Анатоля Тычыны, сярод іх і аўкцыённы экспанат — эскізы да спектакля клуба чыгуначнікаў стагадовай даўніны, а таксама дзясятак літаграфій Мінска 1950—1960-х гадоў.

Але ўсё гэта экспанаты, з якімі наведвальнік ужо раней мог пазнаёміцца. А ёсць у Таццяны Бушавай і нешта зусім нечаканае:

— У нашага музея такая добрая рэпутацыя, што значныя асобы ці іх нашчадкі без праблем аддаюць нам свае каштоўныя рэчы. Бывае, што і самі звяртаюцца.

І тут жа дзеліцца з намі ўражаннямі ад нядаўняга наведвання ўдавы народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Ніна Давідаўна, абсалютна разумеючы значнасць асобы свайго мужа, перадала музею частку яго асабістых рэчаў. Камусьці больш цікавымі будуць яго разнастайныя прызы, у тым ліку «Крыштальная Паўлінка», а камусьці — яго касцюмы ад Nina Ricci і Hugo Boss. Таццяна Аляксандраўна ж асабліва ўсхвалявана паперамі з яго ролямі, праўленымі рукой самога майстра. Штосьці з гэтага абавязкова трапіць у «куточак» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, які ўжо шмат гадоў існуе ў музеі. Хутка і ён будзе абноўлены.

Дзеці з цікавасцю вывучаюць гісторыю тэатральнай і музычнай культуры.

Дарэчы, тэатры таксама аказваюць гэтаму музею абсалютны давер. Яны заўсёды дзеляцца сваімі афішамі і іншымі паперамі. Часам перадаюць і больш каштоўныя рэчы. Вось-вось з Вялікага прывязуць трыццаць тэатральных касцюмаў, якія ўжо аджылі свой час на сцэне. Такія падарункі, вядома ж, прэзентуюцца не без удзелу Міністэрства культуры. Яно ідзе насустрач і ў іншых выпадках. Напрыклад, заўсёды закупляе работы лаўрэатаў конкурсу Ушакова. Такім чынам не так даўно ў музеі з’явіўся бюст Мікалая Яроменкі-старэйшага. У музеі ёсць асобны пакой гэтага вялікага артыста, дарэчы, напоўнены дзякуючы яго ўдаве. І новы экспанат тут вельмі да месца.

Яшчэ адзін шлях папоўніць свае засекі — спонсарства. На жаль, багатыя людзі і мецэнаты не спяшаюцца развітацца са сваімі грашыма дзеля мастацтва. Адзінае, што ўзгадала Таццяна Бушава, — эскізы касцюмаў ансамбля «Песняры», створаныя спецыяльна для рок-оперы «Песня пра долю». Яны былі прадстаўлены на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі, выклікалі вялікую цікавасць, пасля чаго пастаянны спонсар гэтай установы і набыў каштоўныя малюнкі. Міністэрства культуры таксама не засталося ў баку і набыло дзевяць касцюмаў гэтага ж калектыву. Крыху пазней дзякуючы добрым асабістым стасункам мастачка падарыла музею і эскізы сучасных строяў «Песняроў». Так адразу трыма шляхамі прыйшлі ў музей каштоўныя экспанаты і стварылі адну калекцыю, якая ўжо сёння мае гістарычнае значэнне.

Які вынік мы маем? Кожны з нас, нават не з’яўляючыся родным ці сваяком якога-небудзь культурнага дзеяча, можа зрабіць унёсак у добрую справу. Можаце дапамагчы грашыма на набыццё якога-небудзь каштоўнага экспаната — калі ласка. На гарышчы ляжыць стагадовая кніжка з аўтографам ці рарытэтны гармонік — нясіце таксама.

Шляхі экcпанатаў нязведаныя…

З  ПЕРШЫХ  ВУСНАЎ

Сяргей ВЕЧАР, намеснік генеральнага дырэктара па рэстаўрацыі і фондавай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея:

— Калі існаваў Савецкі Саюз, то была адзіная культурная і палітычная прастора і без праблем можна было набываць экспанаты па ўсёй гэтай неабсяжнай тэрыторыі. І трэба аддаць належнае колішняму дырэктару музея Алене Васільеўне Аладавай, якая з неўтаймаванай энергіяй бралася за справу і сфарміравала шыкоўную калекцыю нашага музея. Галоўныя шэдэўры — гэта яе асабістая заслуга. І, як кажуць, калі яна паклала вока на нейкі экспанат з прыватных калекцый Ленінграда ці Масквы, то пачынала, што называецца, наводзіць масты — і калекцыянеру не заставалася ніякага выйсця. Гавораць, што нават былі выпадкі дарэння. Хаця сапраўдныя шэдэўры, вядома ж, былі набыты за грошы.


У канцы гэтага года мы плануем зрабіць выставу з калекцыі вялікай артысткі Лідзіі Русланавай, якая сабрала шмат твораў рускага мастацтва. І калі яна была арыштавана, дарэчы беспадстаўна, карціны былі канфіскаваны і перададзены ў Трацякоўскую галерэю. А калі вярнулася, то запатрабавала свае экспанаты. Там была цэлая справа з Трацякоўкай. Вядома ж, адносіны з гэтай галерэяй у Русланавай не склаліся, затое яна пасябравала з Аленай Аладавай, і ў выніку каля 50 твораў былі набыты і зараз упрыгожваюць наш музей. У яе калекцыі былі і Айвазоўскі, і Шышкін, і іншыя вядомыя мастакі. У наступным годзе НММ будзе адзначаць юбілей, і ўжо зараз мы пачынаем ладзіць адмысловыя праекты. Адзін з іх будзе прысвечаны Русланавай. Гэта будзе не традыцыйная выстава, а нешта накшталт квеста «Знайдзі ў экспазіцыі творы калекцыі», аўтарам ідэі з’яўляецца Надзея Усава.

І на сучасным этапе мы нешта атрымліваем з-за меж нашай краіны. Гэта складана зрабіць у рамках міждзяржаўнага абмену. Напрыклад, заканадаўства Расіі забараняе вываз культурных каштоўнасцей. Але калі маем справу з прыватнікамі, то ўсё магчыма. Прыклад — наш зямляк Аляксандр Валадчынскі, які зараз жыве ў Маскве і збірае класічнае рускае мастацтва, сярод прадстаўнікоў якога ёсць і ўраджэнцы нашай зямлі. Недзе два гады таму ён ладзіў у нас сваю выставу і падарыў нам адзін твор Бялыніцкага-Бірулі. Колькі ён каштуе, сказаць цяжка. Але гэта гучнае імя, чые творы не могуць быць таннымі. Другі прыклад — яшчэ адзін наш зямляк Георгій Хацанкоў, калекцыя якога знаходзіцца ў Монтэ-Карла, перадаў нам ажно 13 работ беларускіх мастакоў, якія тварылі ў канцы мінулага стагоддзя і зараз ужо сталі класікамі. Больш за тое, абяцаў яшчэ папоўніць нашу калекцыю.

Яшчэ адзін момант. Гэты год стаў вельмі плённым на супрацоўніцтва з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі ў іншых краінах. Зноў жа работы з калекцыі Георгія Хацанкова трапілі да нас дзякуючы ўдзелу французскага пасольства. Добрыя стасункі ў нас склаліся і з нашым пасольствам у Швейцарскай Канфедэрацыі. Там працуюць вельмі энергічныя і дасведчаныя людзі. Як да нас патрапіла першая карціна Восіпа Любіча? Дыпламат выпадкова заўважыў яе ў продажы і вырашыў, што гэты твор павінен знаходзіцца на радзіме. Былі знойдзены швейцарскія спонсары, і дзякуючы ім цяпер у нас ужо два творы Любіча. Такім жа чынам да нас трапілі работы зноў жа нашай зямлячкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ. З нецярпеннем чакаем 19 снежня, калі плануецца ўрачыстая перадача ў дар твора яшчэ аднаго мастака Парыжскай школы, ураджэнца Рэчыцы Міхаіла Кікоіна. Ніводнага яго твора ў нашай калекцыі няма, таму гэта сапраўдная падзея. Прычым гэта карціна ў адрозненне ад іншых дароў выключнай якасці, у шыкоўнай раме. Тут размова ўжо ідзе не пра тысячы долараў, а пра дзясяткі тысяч. Але зноў жа галоўнае не кошт, а тое, што дзякуючы такім добрым людзям у нас фарміруецца паўнавартасная калекцыя мастакоў Парыжскай школы, аб якой раней мы толькі марылі. Нізкі паклон за гэта нашым дыпламатам і спонсарам. І вельмі хочацца, каб і іншыя нашы пасольствы парупіліся ў гэтай справе. Таму што па розных прычынах шмат беларускіх скарбаў апынуліся за межамі краіны, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб яны вярнуліся на радзіму.

Карціны ЛЮБІЧА з’явіліся ў НММ дзякуючы беларускаму пасольству ў Швейцарскай Канфедэрацыі.

Мы многа працуем і з мясцовымі калекцыянерамі. На шчасце, бываюць выпадкі, калі і яны перадаюць нам нешта ў дар. Напрыклад, у пачатку гэтага года мы атрымалі прадмет мэблі, які называецца касанэ, — гэта куфар XVII стагоддзя, у якіх дамы звычайна захоўвалі пасаг. Гэты экспанат, дарэчы, знаходзіцца ў нас у экспазіцыі.

Але мы не сядзім склаўшы рукі ў чаканні, калі нам зробяць падарунак. Нешта і самі купляем. Творы сучасных мастакоў заўсёды набываем з удзелам Міністэрства культуры — падаём адпаведную заяўку. З чаго яна фарміруецца? У нас праходзяць выставы айчынных майстроў, пасля якіх і з’яўляецца жаданне купіць той ці іншы твор. Бывае, што юбіляры нешта нам і дораць.

Што тычыцца антыкварных рэчаў кшталту слуцкіх паясоў, то тут больш складанасцей. У новай экспазіцыі, якая з’явіцца пасля заканчэння рэканструкцыі, ладная частка будзе аддадзена гісторыі беларускага мастацтва, пачынаючы з X стагоддзя. Але далёка не ўсе этапы мы можам прадставіць праз экспанатуру. Напрыклад, самая старая ікона, якую мы маем, XV стагоддзя. Натуральна, іканапіс з’явіўся на Беларусі раней, але ў віхуры пажараў і войнаў было шмат страчана. Сёння мы маем неацэнны скарб, але гэта маленькая частка таго, што было на нашай зямлі. Таму мы ўвесь час шукаем і нешта закупляем. Зусім нядаўна ў нас з’явілася цікавая стараверская ікона. Калекцыянеры нам прапануюць на закупку шмат цікавых рэчаў. Але некаторыя ляжаць у нас па некалькі гадоў, пакуль мы, па-першае, вывучаем гэты экспанат, а па-другое, шукаем грошы на яго набыццё. Таму што сродкі, якія закладваюцца па адпаведным артыкуле на набыццё прадметаў музейнага значэння, не такія вялікія, як нам хацелася б. Іх, вядома ж, не хапае на ўсё, што нам прапануюць. Зараз плануем набыць макату — гэта шаўковая тканіна з арнаментам, якая выкарыстоўвалася для аздаблення палацаў, багатых маёнткаў. Не першы месяц збіраем грошы на  люстра Урэцкай мануфактуры. Мы не набываем тое, што ляжа ў запаснік. Выбіраем неабходнае для будучай экспазіцыі.  У наступным годзе музей будзе святкаваць 80-годдзе, і мы спадзяёмся, што ён атрымае шмат каштоўных падарункаў.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter