Эксклюзіў у цэнтры Еўропы

У Мінску адбылася прэзентацыя рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

У сталіцу завіталі прадстаўнікі ўсіх абласцей, тыя, хто неабыякавы да найбагацейшай культурнай спадчыны Беларусі.

Самай прадстаўнічай была дэлегацыя з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. І невыпадкова: рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” плённа “прапісаўся” на рудабельскай зямлі з 1998 года. За гэтыя гады атрымаў неафіцыйную назву “Эксклюзіў у цэнтры Еўропы”. Яго найпершая мэта — зрабіць народнае мастацтва папулярным, асабліва сярод падрастаючага пакалення. Таму галоўнымі героямі на прэзентацыі былі дзеці.

— Я прыехала на гэты фэст са сваёй сямігадовай унучкай, і адначасова вучаніцай, Кацярынай, — расказвае Марыя Сарнаўская, кіраўнік майстэрні па ткацтве і пляценні паясоў Акцябрскага раённага Дома рамёстваў. — Перадаю ўнучцы сакрэты аднаго са старажытных рамёстваў беларусаў.

Марыя Іванаўна вырабляе паясы ў тэхніцы бранага пляцення.

— Трэба было дачцэ касцюм зрабіць на фестываль. Дык я да гэтага мастацтва прыйшла самастойна. Дарэчы, сёння падобныя накірункі традыцыйнай культуры становяцца папулярнымі: усё, што мы робім, добра прадаецца на выставах. Ведаю, што хутка ў нашым пасёлку з’явіцца нават маленькі сувенірны магазін. Спадзяюся, гэта яшчэ больш прыцягне ўвагу да нашай глыбінкі.

— Мяне па-добраму здзівіла, што да нашай прэзентацыі была такая цікавасць у мінчан, — зазначыла кіраўнік аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская.

Падчас мерапрыемства адбылася выстава-продаж твораў народных умельцаў Акцябршчыны, прайшоў канцэрт дзіцячых фальклорных калектываў і аўтэнтычных гуртоў і нават “круглы стол” “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы захавання, аднаўлення і трансляцыі”!

На прэзентацыю завітаў і намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, каб “атрымаць сапраўдную асалоду ад сустрэчы з нашай найбагацейшай, унікальнай традыцыйнай культурай”.

— З “Берагіні” мы пачынаем новы культурны праект па прэзентацыях фестываляў у сталіцы, большасць з якіх праводзіцца ў розных рэгіёнах нашай рэспублікі, — зазначыў Тадэвуш Стружэцкі.

Таццяна УСКОВА, “БН”

НА ЗДЫМКУ: Марыя САРНАЎСКАЯ з унучкай Кацярынай за імправізаваным ткацкім станком бранага пляцення.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter