Эх, сад-вінаград!

Канал «Беларусь 1» прадстаўляе гледачам новы праект «Дача»

Самы час паглядзець «Дачу»

На канале «Беларусь 1» — новы праект. Тэлерадыёкампанія «Магілёў» 5 красавіка запрашае гледачоў на прэм’еру праграмы «Дача».

Не сакрэт, што для многіх дача — гэта не проста свой дом, зямельны ўчастак або сад. Гэта — філасофія жыцця!

Вядучая праграмы Таццяна Ларына і яе нязменны памочнік тэлеаператар Юрый Аўласцоў аб’едуць усю краіну, каб сустрэцца з людзьмі, якія прысвяцілі дачным прамудрасцям не адзін дзясятак гадоў і дабіліся выдатных вынікаў. Разам з Таццянай вопытныя дачнікі будуць нястомна працаваць на градках, даглядаць сад, вырошчваць кветкі, дзяліцца сваімі маленькімі хітрасцямі і прыслухоўвацца да парад спецыялістаў.

— На нашай «Дачы» для тэлегледачоў будзе шмат карысных рубрык, сярод іх, напрыклад, «Месяцавы каляндар», «Няма праблем» (рэкамендацыі навукоўцаў і селекцыянераў), «Усё па палічках» (кансультацыі юрыстаў), «Сцісла пра важнае» (парады садаводу-агародніку). Іскрынкай праграмы стане раздзел «Капейка рубель беражэ». Нескладаныя падлікі пераканаюць любога, што вырошчваць гародніну-садавіну на дачным участку выгадна, — расказвае Таццяна Ларына.

Акрамя таго, з выхадам на тэлеэкран новай праграмы аб’яўляецца конкурс. Яго ўдзельнікам прапануюць прадэманстраваць творчыя здольнасці ў сачыненні прыпевак на дачную тэматыку. Пераможцу чакае прыз — вельмі неабходны для любімых «шасці сотак» мотакультыватар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter