Эх, лапці мае, лапці лыкавыя!..

Жыхары Гродзеншчыны насілі абіякі, хадакі, пацюпы і карэннікі

Акрамя іх жыхары Гродзеншчыны некалі насілі абіякі, хадакі, пацюпы і карэннікі

Комплексны краязнаўчы музей «Вытокі» Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна адкрыты ў 1990 годзе. У 2012-м яму прысвоена званне «Народны». Сёння асноўны фонд музея налічвае звыш 800 экспанатаў. А кожны з шасці раздзелаў — гэта багатая гісторыя нашай мінуўшчыны.

...У музеі няма шыльды для наведвальнікаў: «Рукамі не чапаць!». У час экскурсіі ля паліцы з узорамі мясцовага старадаўняга абутку часта спыняюцца вучні, бяруць у рукі абіякі ці лапці. Цяперашнім школьнікам цяжка нават уявіць, што такі абутак некалі насілі жыхары Гродзеншчыны, дарослыя і дзеці. Хто яго майстраваў, наколькі ён быў трывалы, у якіх сем’ях яго насілі? Пісьмовых звестак аб традыцыйным абутку Панямоння мала. Асноўная інфармацыя ў музеі — ад старажылаў рэгіёна.

На Гродзеншчыне да сярэдзіны ХХ стагоддзя быў самаробны абутак некалькіх відаў: скураны ці палатняны на драўлянай падэшве (абіякі, дзеравянкі); з суцэльнага кавалка скуры (пасталы, хадакі); плецены з лыка (лапці), ільняных вяровак (чуні), нітак (цюмпы); шыты з сукна (буркі, пацюпы).

Самыя распаўсюджаныя ў вёсках былі абіякі — глыбокі, з наглуха закрытым носам абутак на падэшве з дубу, асіны ці бярозы. Трывалыя абіякі насілі ў халодную пару года, хапала іх на некалькі гадоў. Каб было цяплей, надзявалі самаробныя панчохі, анучы. На Гродзеншчыне абіякі бытавалі да сярэдзіны 50-х гадоў. Лапці насілі менш.

Назва «лапаць» паходзіць ад праславянскага кораня «лапт» — нага. Лапці — лёгкі будзённы абутак. Іх плялі з пяньковых, ільняных аборак, ліпавага, лазовага лыка, бяросты ці шылі са скуры (сырамяці). Часцей плялі з лыка — тонкага мяккага пласту кары дрэва. Для адной пары лапцяў трэба было абадраць тры маладыя ліпкі. Лыка дзерлі ў пачатку лета або ў канцы вясны, калі яно лёгка здымаецца. Лапці плялі вечарамі ўсёй сям’ёй.

Скураныя лапці — пасталы, ці поршні, — рабілі з двух кавалкаў сырамяці. Сшывалі іх па краі падэшвы, затым выварочвалі, каб шво заставалася ўнутры. Пасталы, як і іншыя лапці, трымаліся на назе з дапамогай шнуркоў ці аборак (валоў), якія, агінаючы ступню і галёнку, замацоўваліся вышэй шчыкалатак. Лапці адрозніваліся па ўзорах і тэхналогіі пляцення, знешняй форме, матэрыялах. Для падаўжэння тэрміну службы падэшвы лапцей дадаткова падпляталіся пянькой, лыкам, падшываліся трывалай скурай.

З плеценых найбольш прыстойна выглядалі лапці-пахлапні, якія пляліся з глыбокімі круглымі насамі, высокімі бакамі і запяткамі, кароткімі, ледзь прыкметнымі петлямі для раменьчыкаў. Лапці насілі летам з ільнянымі, а зімой — з шарсцянымі анучамі, якімі акуратна агортвалі нагу амаль да калена і сіметрычна фіксавалі аборкамі ці рамянямі (даўжынёй да 3 метраў), што прапускаліся праз вушкі лапцей.

На Гродзеншчыне яшчэ плялі лапці з вяровак або тонкіх каранёў — карэннікі, з конскага воласа — валасяннікі. У святочныя дні на танцы дзяўчаты абувалі маляванкі — «пісаныя» лапці з белага або ружовага лыка.

Лапці мелі не толькі практычнае, але і абрадавае значэнне, прычым асаблівымі магічнымі ўласцівасцямі па народных павер’ях надзяляліся старыя, «бывалыя» лапці. Іх вывешвалі на хлявах, загарадках, курыных гняздоўях, імі акурвалі карову пасля ацёлу, выкарыстоўвалі на наваселлі, «заманьваючы» дамавіка ў новую хату. На вяселле маладым дарылі новыя лапці як сімвал вернасці, каб заўсёды былі ў пары.

З пачатку ХХ ст. святочным абуткам жыхароў вёсак, хутароў, мястэчак стаў скураны. Жыхары Гродзеншчыны насілі боты ці чаравікі, вырабленыя мясцовымі майстрамі. Куплёны абутак быў вельмі дарагі, яго шанавалі. Як прыгадваюць мясцовыя старажылы, у многіх, асабліва ў каталікоў, лічылася непрыстойным не мець на свята куплёнага абутку.

Дзіцячы абутак паўтараў традыцыйны абутак дарослых. Немаўлятам яго шылі з тканіны ці вязалі на прутках ці шыдэлкам. Лапцікі (тэпцікі) плялі з нітак. Улетку дзеці бегалі пераважна босыя, зрэдку малым рабілі пастолікі на іх памер. У школу хадзілі дзяўчаты ў лапцях, а хлопцы — у хадаках. Хаця ў заможных сем’ях і на будныя дні дзеці мелі куплёны абутак.

Цяпер мы носім туфлі, басаножкі, красоўкі, боцікі... Усё прыгожае і нагам прыемнае. Лапці ж выкарыстоўваюцца як рарытэтныя прадметы ў аздабленні памяшканняў, дачных газонаў і інш. Але ж яны — гэта таксама наша мінуўшчына, і ведаць яе мы павінны.

Марыя ХРАМЛЮК, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі, загадчык народнага музея «Вытокі»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter