"Чтобы угодить Желтой Собаке, не украшайте елку мишурой." Выбираем елку и игрушки к Новому году

Эх, елкі зялёныя!

Па кітайскім календары 2018 год — год Жоўтага Сабакі. Калі вы хочаце дагадзіць сімвалу будучага года, не упрыгожвайце елку мішурой. Такая прывабная і пры гэтым такая падманлівая, яна гаспадару года дакладна не спадабаецца. Карэспандэнт «Р» разам з дэкаратарамі-афарміцелямі адправіліся ў ЦУМ, каб выбраць цацкі, якія прыйдуцца даспадобы Жоўтаму Сабаку.

Дэкаратары: «Упрыгажэнні можна выбіраць пад тон інтэр’ера ці пад тон елкі. Тады вам не давядзецца штогод купляць новыя цацкі»
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

— Упрыгажэнні можна выбіраць пад тон інтэр’ера ці пад тон елкі. Тады вам не давядзецца кожны год купляць новыя цацкі. Мы ж будзем выбіраць упрыгажэнні з прывязкай да сімвала наступнага года, які патрабуе ад нас залатой, шакаладнай і малочнай гамы, — сустракае мяне ля ўвахода на навагодні кірмаш у ЦУМе дэкаратар-афарміцель Алена Пармон.

— Модна афармляць елку ў манахромным стылі, — падключаецца да размовы яе калега Святлана Бялецкая. — Белая елка, напрыклад, добра спалучаецца з малочнымі і крэмавымі цацкамі.

Пачынаем з выбару елкі. Асартымент навагодніх дрэў у ЦУМе велізарны: ад танных плёначных варыянтаў да мадэлей прэміум-класа з ПВХ-іголкамі. Апошнія выглядаюць найбольш натуральна. Пакупнік ахвотней за ўсё бярэ елкі вышынёй 1,5—1,8 метра. Каштуюць яны ад 50 рублёў. Як нам патлумачылі кансультанты, на кошт уплывае пушыстасць дрэва, упрыгажэнні на ім і краіна-вытворца. У магазіне выстаўлены дрэвы з Беларусі, Украіны, Тайланда і Кітая. Колеравая гама самая шырокая: ад белых і фіялетавых да класічных зялёных адценняў. Папулярныя як ніколі ў гэтым годзе зялёныя елкі з заснежанымі галінкамі. Такую і бяром.

Папулярныя, як ніколі, у гэтым годзе зялёныя елкі з заснежанымі галінкамі

Спярша дэкаратары-афарміцелі раяць упрыгожыць елку электрычнымі гірляндамі. Іх кошт пачынаецца прыкладна ад 10 рублёў. Прычым, калі ваша навагодняе дрэва белага колеру — бярыце гірлянды на белых дратах, фіялетавага ці залатога — на празрыстых сіліконавых. Для зялёных елак добра падыходзяць звычайныя чорныя драты.

У апошнія гады стала модна ўпрыгожваць дом не толькі ўнутры, але і звонку.

— Вулічная гірлянда мае дадатковую абарону ад вільгаці і маркіроўку не ніжэй за IP44, — чытаючы маркіроўкі на ўпакоўках, тлумачыць розніцу Святлана Бялецкая. — Калі адаптар для вулічных гірляндаў не абаронены ад вільгаці, то ён павінен знаходзіцца ў памяшканні і мець доўгі злучальны шнур. Для хатняй елкі падыдзе інтэр’ерная гірлянда з IP20. На вуліцы яе выкарыстоўваць забаронена. Ападкі выведуць са строю праводку і справакуюць кароткае замыканне.

Елачныя гірлянды — тавар небяспечны з пункта гледжання пажарнай бяспекі. Таму, як пазней нам распавялі ў МНС, на ўпакоўцы абавязкова павінны мецца спасылкі на пажарны сертыфікат.

...Параіўшыся, дэкаратары-афарміцелі спыняюць свой выбар на дыёдных гірляндах тыпу «Хамелеон», якія плаўна змяняюць колеры.

— Спачатку выберыце стыль альбо тэму елкі, затым вызначцеся з каляровай гамай, падбярыце цацкі, удаклад-ніце лініі размяшчэння ўпрыгажэнняў. Нарэшце, павесьце гірлянды і завяршыце ўбор цацкамі, захоўваючы агульную ідэю, — накідвае план дзеянняў Алена Пармон.

— Лічыцца, што елка ў год Сабакi павінна быць натуральнай.

— Я б не была гэтак катэгарычная. Думаю, калі мы адмовімся ад лясной прыгажуні, каб зберагчы жывую прыроду, Сабака на нас за гэта ў крыўдзе не будзе, — лічыць Святлана Бялецкая. — Але Сабака сапраўды добразычлівы да ўсіх натуральных прадметаў. Таму шышкі, карыца, арэхі, сухія кветкі і садавіна, лімонныя і апельсінавыя слайсы будуць у тэму... Сабака — гэта яшчэ і хатняя жывёла, таму кампазіцыі на елку 2018 года па фэншую рэкамендуем рабіць сваімі рукамі. Можна выкарыстоўваць старыя цацкі, яловыя шышкі, стужкі ці пацеркi.

Праверыўшы спраўнасць гірлянды, дэкаратары-афарміцелі абгортваюць драты вакол елкі, закручваючы іх па спіралі. Галоўнае, разлічыць, каб гірлянда дацягваліся да разеткі, каб нам не давялося перацягваць елку ў новае месца. Затым бяром буйныя цацкі і пачынаем прыбiраць зялёную прыгажуню пірамідальным спосабам. Гэта значыць, цацкі на нашай елцы памяншаюцца ў памерах па меры набліжэння да верхавiны. Прымацоўваць іх дэкаратары-афарміцелі раяць зялёнай ніткай. Зрабіць вашу елку больш эфектнай можна, павесіўшы самыя прыгожыя цацкі ў цэнтры кампазіцыі, а менш прывабныя змясціць па баках і на задняй частцы дрэва. І завяршальны штрых — макушка. Мы саджаем наверх вострую чырвоную піку.

Напрыканцы Алена Пармон дадала на елку пару званочкаў:

— Сабакі любяць званкі. Прынадай вашага шчасця стане некалькі званочкаў на елцы, упрыгожаныя залатымі бантамі. Іх меладычнае гучанне стане своеасаблівым маяком для вашага дабрабыту ў наступным годзе.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter