Прадстаўнікі райвыканкама адмовілі жыхарам вёскі Полацкага раёна ў рамонце аўтадарогі, прапанавалі ездзіць у аб’езд

Эх, дарога!

Ужо тры гады жыхары і дачнікі вёскі Шумацёнкі, што ў 10 кіламетрах ад Полацка, звяртаюцца ў розныя інстанцыі з просьбай прывесці ў належны стан дарогу да мястэчка. Мясцовыя скардзяцца, што ўжо працяглы час сюды не наведваецца аўталаўка, а «хуткую дапамогу» даводзіцца чакаць амаль па тры гадзіны. Мы звярнуліся да другога боку канфлікту.
фото dorogi-onf.ru

Па звестках Полацкага райвыканкама, рамонт праблемнага ўчастка дарожнага пакрыцця аўтадарогі Жыхары — Глушанкі — Шумацёнкі выкананы ў снежні 2017 года шляхам падсыпкі гравiю. Сёння бяспечны праезд аўтатранспарта забяспечаны.

«Аўталаўка ў вёску Шумацёнкі прыязджае згодна з графікам — па аўторках і пятніцах, — так сказана ў лісце, што прыйшоў у рэдакцыю з Полацкага райвыканкама. — Пад’езд аўталаўкі і іншага аўтатранспарта, у тым ліку «хуткай дапамогі», ажыццяўляецца праз вёску Юравічы. Гэта на чатыры кіламетры больш, чым па прамым шляху». 

Справа ўскладняецца тым, што ў вёсцы па месцы жыхарства зарэгістраваны ўсяго адзін чалавек. Але пастаянна пражываюць у вёсцы жыхары ў трох хатах. Усяго тут шэсць хат. 

Мясцовыя ўлады згаджаюцца з тым, што падчас ападкаў на дарозе ўтвараецца калейнасць. Аднак у мiжсезонне можна карыстацца аб’язным шляхам. Пры спрыяльных жа ўмовах рэгулярна праводзяцца падсыпка і грэйдзіраванне. Асфальт пракладваць на гэтым участку лічаць немэтазгодным.

Аднак жыхары ўсё роўна не згодныя з такімі ўмовамі: так ні аўталаўка не даедзе, ні «хуткая дапамога», ні пажарныя.

— Мы нават не марым пра асфальт. Проста патрабуем адрамантаваць дарогу так, каб па ёй можна было нармальна ехаць, — настойвае на сваім пенсіянер Ігар Бяліцкі. — Тым больш яна не надта доўгая — усяго паўтара кіламетры. 

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter