Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Цэнтр міфалагічнага турызму ствараецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку

Экасцежка ў патаемнае жыццё

Загляньце на сайт запаведніка ў нэце, і сярод супрацоўнікаў аддзела турызму, экалагічнай асветы ды інфармацыйнага забеспячэння пабачыце аднаго з іх: Балотнік Незвычайны, жыхар запаведнага балота. І ёсць ягоны здымак з інтрыгоўным каментарам: “На тэрыторыі Беларусі сустракаецца толькі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Самы рэдкі “чырвонакніжнік”. Па некаторых звестках, жыве ў балотах запаведніка больш за 600 гадоў. Незаменны ўдзельнік і галоўны персанаж экскурсійнай праграмы “Таямніцы запаведнага балота”.

Цяпер у Балотніка Незвычайнага пабольшае клопатаў

Пакуль што персанажаў беларускай міфалогіі рэдка сустрэнеш у беларускіх турпраграмах. А між тым нашы продкі спаконвеку сябравалі з патаемнымі сіламі прыроды. Яшчэ й на пачатку XX стагоддзя ў Мінску пры рацэ (непадалёк цяпер там — рэстаран “Старое рэчышча”) ляжаў язычніцкі камень Дзед. Каля яго, кажуць, заўсёды гарэў агонь-Зьніч, а вядун праводзіў абрады. Прыходзілі людзі — з просьбамі: хто па здароўе, хто па добрага мужа… Прыносілі ахвяры: хлеб, яблыкі, сувоі палатна… Цяпер той камень ляжыць у Музеі валуноў (мікрараён Уручча). І што цікава: да яго па-ранейшаму, як і сотні гадоў таму, прыходзяць людзі...

Міфалагічная свядомасць, кажуць спецыялісты, — гэта важны складнік беларускага меналітэту. Вось і вырашылі энтузіясты распавядаць пра нашу прыроду з падмогай нацыянальных міфалагічных вобразаў, а таксама інавацый. Прычым не толькі каб давесці турыстам, што варта зберагаць прыродныя багацці, але й каб патлумачыць усім ахвочым: чаму такая жывучая і багатая беларуская народная культура. Якая, заўважым, і па гэты час у глыбінцы захавалася.

Здзейсніць падарожжа ў часе група энтузіястаў прапануе ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Там збераглася адна з нямногіх часцінак паўднёвай тайгі, якая сфармавалася ў ледніковы перыяд: амаль 8000 гадоў таму. На тэрыторыі запаведніка і ствараецца першы ў Беларусі Цэнтр міфалагічнага турызму. Гэта будзе частка маштабнага праекта “Садзеянне пераходу Беларусі да “зялёнай” эканомікі”, ён фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды Беларусі.

Цэнтр аб’яднае тры аб’екты: “Музей міфічных істот”, экасцяжыну “У краі міфаў” і экспазіцыю пад адкрытым небам “Міфалагічны хутарок”. У канцэпцыі музея ляжыць мадэль “Сусветнага дрэва”: у славян гэта своеасаблівы сімвал светабудовы. Там будуць створаны тры прасторы: “ніжні свет”, “свет людзей” і “неба”. Музей з дапамогаю тэатралізаваных гукавых і светлавых інсталяцый “населіць” загадкавы свет міфалагічных істот-духаў. Канцэпцыю музея распрацавалі дызайнеры Ігар Герасіменка і Тамара Голубева, якія раней працавалі над афармленнем залаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мірскага замка. На тэрыторыі музея запрацуе сонечная электрастанцыя: будзе і асвятляць аб’екты, і прыадкрываць экскурсантам таямніцы энергіі Сонца.

А на “Міфалагічным хутарку” паселяцца Лясун, Палявік ды Балотнік. Апошні — своеасаблівы брэнд Лепельскага рэгіёну. Паводле паданняў, гэты персанаж ахоўвае Бярэзінскі біясферны запаведнік, які ўжо 90 гадоў мае статус эталона некранутай прыроды. Музей і экспазіцыю пад адкрытым небам злучыць экасцяжына. Часткова яна пройдзе там, дзе раней ніколі не было экскурсій. Запланаваны 17 інсталяцый: Русалка, Аржавейнік, Пушчавік ды іншыя. Каб дадаць уражанняў, эмоцый наведнікам, будзе і начная экскурсія. З надыходам цемры госці пойдуць у вандроўку… праз адмысловы “партал” і прамовіўшы традыцыйныя замовы: каб засцерагчы сябе ад уплыву цёмных сіл, якіх там будзе шмат.

Працуюць над праектам энтузіясты аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” і супрацоўнікі запаведніка. Яны ўжо выйгралі конкурс: праект быў адабраны з 150 прапанаваных на конкурсе “зялёных ініцыятываў”. Падрыхтавана група гідаў-інтэрпрэтатараў, для чаго ўпершыню на постсавецкай прасторы прайшоў трэнінг “Інтэрпрэтацыя спадчыны ў “зялёным” турызме” . Навучаў “зялёных гідаў” прафесар Рэгенсбургскага ўніверсітэта (ФРГ) доктор Торстэн Бернд Людвіг. У планах энтузіястаў — шырэй залучаць у праект і мясцовае насельніцтва. Школьнікі, рамеснікі, мастакі, жыхары бліжэйшых вёсак дзякуючы заняткам ужо навучыліся не толькі ўдала пераўвасабляцца ў міфалагічныя персанажы, але й асвойваюць тэхніку вырабу тэматычных сувеніраў — іх можна будзе набыць у цэнтры.

Адкрыецца Цэнтр з міфалагічнымі — спрадвечна беларускімі — персанажамі ўжо хутка. Будзем спадзявацца, што вандроўкі ў свет патаемнага будуць як захапляльнымі, так і павучальнымі, карыснымі. Мудрасць продкаў — не старэе і ў пару ІТ-тэхналогій, бо дазваляе тым, хто да яе далучаецца, выпрацоўваць правільную, у адпаведнасці з велічным Сусветным дрэвам лінію жыцця. Дарэчы, у беларусаў кажуць, што “нячысцікі” таксама ведаюць у сусветнай іерархіі сваё месца і да чалавека добрага, светлага, справядлівага, душэўнага — ніколі не чапляюцца. І гэта ўжо, падаецца мне, для многіх удумлівых людзей зусім не міф, а цалкам рэальны факт.

Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter