Экашык: модна і эканомна

Сучасная экалагічная мода — гэта не сукенкі з высушаных раслін або старых газет і пластмасавых бутэлек. Гэта цэлы напрамак дызайнерскага адзення — стыльнага, камфортнага і канцэптуальнага. Асабліва развіта гэтая плынь у Швецыі. Дарэчы, у гэтай краіне праблемы экалогіі заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай. І калі ў цэнтры Стакгольма можна злавіць ласося, гэта сведчыць, што экалагічныя праблемы там паспяхова вырашаюцца. А на мінулым тыдні шведы неардынарна заявілі аб сабе ў Мінску — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры адкрылася выстава “Экашык: на шляху да экалагічнай шведскай моды”.

Што ж такое сучасная экалагічная вопратка? На першы погляд, розніца паміж экалагічнай і іншай модай амаль няўлоўная, але пры звароце да дызайнерскіх прынцыпаў і працэсу вытворчасці ўсё становіцца больш-менш зразумела. “Сённяшняя лёгкая прамысловасць спустошвае прыроду і скарачае працягласць жыцця чалавека, — распавядаецца ў праграмцы выставы. — Яна спажывае больш вады, чым усе іншыя галіны прамысловасці. Яна спрыяе распаўсюджванню таксічных хімічных рэчываў і становіцца прычынай сур’ёзных выкідаў вуглякіслага газу. У цэлым у лёгкай і абутковай прамысловасці заняты амаль мільярд чалавек. Значная частка з іх працуе ў дрэнных умовах, пазбаўлена магчымасці атрымліваць адпаведную плату ці ўступаць у прафсаюзы”.
Экалагічны і этычны падыходы да стварэння вопраткі выяўляюцца, у прыватнасці, у выкарыстанні экалагічна чыстых матэрыялаў. Як патлумачыла каардынатар праграм па супрацоўніцтву Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Алена Касько, гэта не проста стопрацэнтная бавоўна, лён або іншы натуральны матэрыял. Сертыфікаты пацвярджаюць, што, калі тканіна выраблялася, яна не праходзіла ніякай хімічнай апрацоўкі, усе экалагічныя патрабаванні выкананы.
На выставе прадстаўлены чатырнаццаць работ вядомых у Швецыі дызайнераў. Напрыклад, Пія Аньёў працуе цалкам з экалагічнымі матэрыяламі. Дызайн кожнай рэчы прыдуманы так, каб яна насілася не адзін сезон, а адзенне розных калекцый можна камбінаваць. Калі адзенне вырабляецца за мяжой, Пія Аньёў выплачвае кампенсацыю за выкіды вуглякіслага газу. На выставе можна ўбачыць створаныя ёй спадніцу і майку з арганічнай бавоўны, а таксама вінтажны капялюш і шалік. Іншыя дызайнеры таксама выкарыстоўваюць экалагічную бавоўну, воўну, а таксама лён, каноплі, шоўк, ліясэль і поліэстэр другаснага ўжытку. Дызайнер Pjux стварае экалагічны абутак з падэшваў са шведскай драўніны і зусім не ўжывае пластык.
На адкрыцці выставы былі прадстаўлены не толькі шведскія мадэлі. У студзені шведскі дызайнер Карэн Штэрнер арганізавала майстар-клас для студэнтаў-дызайнераў Інстытута сучасных ведаў. Дзесяць мадэляў, створаных падчас майстар-класа беларускімі студэнткамі, былі паказаны на адкрыцці выставы. Публіцы прапанавалі прагаласаваць, і тры лепшыя мадэлі далучылі да выставы шведскіх калег. Беларускія студэнты вучыліся ствараць новыя рэчы з “сэканд-хэнду”. Вось што расказала адна з удзельніц праекта Анастасія Мірановіч:
— Перад намі стаяла задача стварыць “экашык” — нешта шыкоўнае і экалагічнае адначасова. Нам прадаставілі цэлую валізу старых рэчаў, таксама прынеслі нешта сваё з дому. Я вырашыла злучыць дзве сарочкі, у працэсе прыдумала новыя дэталі. За два дні нарадзілася новая рэч.
Бывае, што рэч надакучыла, але яна ў добрым стане, ты яе любіш, табе падабаецца якасць тканіны — можна перарабіць яе і атрымаць новую вопратку. Я гэтым займаюся з дзяцінства. Пачала шыць, бо не хацела апранацца, як усе. Але ніхто ў той час, зразумела, не дазваляў мне браць новую тканіну. Тады, вядома, адчыняеш маміну шафу, шукаеш старыя рэчы і перашываеш на сябе. Для беларусаў гэта звычайная рэч, асабліва для старэйшага пакалення, нашы мамы і бабулі перашывалі адзенне не раз, а для шведаў перашываць старое — новы стыль. Што да экалагічных тканін, у Беларусі шырока распаўсюджаны лён, натуральная бавоўна... Магчыма, яны не адпавядаюць усім строгім патрабаванням да сапраўды экалагічнай тканіны, аднак гэта наша традыцыя і наша багацце.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на адкрыцці імпрэзы выказаў спадзеў, што выстава можа падштурхнуць людзей задумацца: што мы апранаем? Важна не толькі выбіраць экалагічна чыстую ежу, але і насіць экалагічна чыстую вопратку, лічыць дыпламат. Каардынатар дзейнасці Шведскага інстытута ў Беларусі Юдыт Блэк адзначыла, што “Экашык” — гэта частка маштабнага праекта “Сустрэцца з будучыняй”. Галоўная задача гэтага праекта — падняць пытанні далейшага ўстойлівага развіцця. Праект уключае ў сябе семінары, канферэнцыі, выставы ў гарадах па ўсім свеце. Упершыню выставу “Экашык” убачылі жыхары Бял-града ў Сербіі мінулай восенню, пасля Мінска яна паедзе ў Кіеў, а затым — у Рыгу. Арганізатары спадзяюцца, што ў бліжэйшыя два гады “Экашык” пройдзе ў Берліне, Нью-Йорку і іншых гарадах. У Мінску выстава будзе адчынена да 1 сакавіка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter