Валавы ўнутраны прадукт за 8 месяцаў амаль выканаў гадавое заданне па росце

Эканоміка на высокай хвалi

Тое, што яшчэ не так даўно здавалася неймаверным, спраўджваецца. А менавіта валавы ўнутраны прадукт шосты месяц запар пасля двухгадовага падзення iдзе ўверх і вось-вось дасягне гадавога плана. У параўнанні са студзенем — жніўнем 2016 года ВУП павялічыўся на 1,6%. Што гэта — цуд, збег абставін або вынік прадуманых дзеянняў дзяржорганаў?

nur.kz

Прааналізаваць сітуацыю пагадзілася фінансавы кансультант ТАА «ТелетрейдБел» Жанна Кулакова. На яе думку, сваім ростам эканоміка абавязана цэламу шэрагу фактараў. Адзін з іх — так званы эфект нізкай базы. Гэта калі рост, што паказвае які-небудзь індыкатар, тлумачыцца нізкім яго пачатковым значэннем. Так, за два апошнiя гады ВУП скараціўся на 6,5%. Другі фактар росту — дасягненне дамоўленасцей паміж нашай краінай і Расiяй па газе, пасля чаго пачалося аднаўленне паставак нафты. Толькі ў студзені з-за нявырашанай праблемы краіна недалічылася 1,5% ВУП.

Яшчэ адзін немалаважны момант крыецца ў паляпшэнні спраў у знешнім гандлі. За паўгода аб’ём экспарту вырас амаль на 17%. Па словах эксперта, паказчык гэты не спантанны. Па-першае, Урад у апошнія гады актыўна працаваў над нарошчваннем і дыверсіфікацыяй паставак за мяжу. Па-другое, аб’ектыўна палепшылася сітуацыя ў эканоміцы нашага бліжэйшага гандлёвага партнёра — Расіі. Па-трэцяе, вытрымліваецца вельмі добры баланс курса нашага рубля да расійскага. Гэта дазваляе падтрымліваць попыт на нашы тавары з боку спажыўцоў-суседзяў.

Акрамя таго, стаўкі па крэдытах ідуць уніз. Для бізнесу ў параўнанні з мінулым годам, прааналізавала Жанна Кулакова, працэнты па пазыках упалі ў сярэднім удвая. А значыць, браць грошы ў доўг пад развіццё, пашырэнне вытворчасці стала прасцей і танней. Прывабней сталі і крэдыты для фізічных асоб. Да таго ж для іх яшчэ і адмянілі абавязковую наяўнасць даведкі аб даходах. Гэта павышае попыт на ўнутраным рынку, што аўтаматычна дае магчымасць прадаўцам і вытворцам больш пастаўляць і выдаваць.

Перадумоў для спаду дынамікі ВУП эксперт не бачыць:

— Рост можа працягвацца і далей. І план у 1,7%, мяркуючы па ўсім, мы выканаем. Хоць, калі зацвярджаліся прагнозныя паказчыкі, было нямала скепсісу адносна прагнозу па валавым унутраным прадукце. Але мы бачым: Урад працуе, яго меры прыносяць канкрэтныя відавочныя вынікі. Мабыць, горшыя часы, так званае «дно», ужо пройдзены, і цяпер мы станем сведкамі пазітыўнай дынамікі.

На хвалі станоўчых тэндэнцый былі агучаны і амбіцыйныя задачы на наступны год — павялічыць ВУП на 3,4%. Такіх тэмпаў росту не было апошнія некалькі гадоў. Асноўнымі драйверамі павінны стаць прамысловы сектар, аграпрамысловы комплекс і будаўніцтва. Як выглядаюць такія планы з боку? Слова Жанне Кулаковай:

— Гэта даволі аптымістычны паказчык. Але не магу назваць яго невыканальным, беручы пад увагу вопыт гэтага года. Думаю, пры ўжыванні граматных падыходаў да кіравання фінансавай і эканамічнай сферай у нас ёсць шанц на паскарэнне росту ВУП.

ЦЫТАТА

Уладзімір ЗІНОЎСКІ, міністр эканомікі:


— Мы павінны безумоўна выканаць абавязацельствы, якія браў на сябе Урад: ВУП у 101,7%. Цяпер 101,6%, але гэта не гаворыць пра тое, што не будзе зніжэння, напрыклад, у сельскай гаспадарцы. Магчыма, будзе невялікі рост у будаўніцтве. Мы павінны выканаць 101,7%, лепш —да 102% і больш. Эканоміка крок за крокам аднаўляецца. Вядома, не ўсё нас задавальняе. Пытанні будаўніцтва, фінансавага становішча прадпрыемстваў, недахоп абаротных сродкаў — усё гэта стрымлівае больш хуткі яе рост.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter