Эканоміка ўстойлівага стану

Урад расказаў аб тым, як будзе развівацца эканоміка краіны

Якое «заўтра» чакае беларусаў?

У канцы мінулага тыдня ўрад у чарговы раз здаваў «экзамен» перад парламентарыямі па прадмеце «Параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2014 год». Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і сенатарам прэм’ер-міністр, а таксама кіраўнікі Мінфіна і Мінэканомікі распавялі аб тым, чым жыве нацыянальная эканомiка i як яна будзе развівацца ў бліжэйшай будучыні. Тэма гэта няпростая, прагнозы сёння вельмі складана будаваць, таму што гэты год для многіх беларускіх прадпрыемстваў быў звязаны з шэрагам няпростых выпрабаванняў. Разам з тым нават пры нядобрых трэндах чыноўнiкi знайшлі станоўчыя моманты, якія ў цэлым могуць сведчыць аб тым, што Беларусь здольная перажываць любыя крызісы.

Што псуе агульны малюнак?

Як адзначыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, адыходзячы год з’яўляецца, безумоўна, складаным з-за збегу знешніх і ўнутраных фактараў. «Пагоршыліся ўмовы гандлю ў калійнай і нафтавай сферах. З-за гэтага па выніках года мы недабіраем 5,4 % прыросту ВУП», — паскардзiўся кіраўнік беларускага ўрада.

У Мінэканомікі таксама канстатуюць складаныя ўмовы працы нашай эканомікі ў 2013 годзе. «Перш за ўсё гэта звязана з абвастрэннем канкурэнцыі на расійскім рынку з уступленнем гэтай краіны ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю», — растлумачыў кіраўнік ведамства Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, пра гэты факт не варта ніякім чынам забываць, бо на самым галоўным для нашых прадпрыемстваў рынку збыту «па ўсёй наменклатуры тавараў быў паніжаны бар’ер тарыфнай абароны і павысілася канкурэнцыя». У выніку беларускі экспарт знізіцца па выніках года на 16 %, або на $ 3 млрд. у грашовым выражэнні. Усё гэта адбываецца на фоне пастаяннага росту імпарту, хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ён у гэтым годзе павялічваўся павольней (амаль на $ 2 млрд.), чым у мінулым. «Такім чынам мы ацэньваем адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу па выніках 2013-га на ўзроўні мінус $ 2,2 млрд. Чакаецца спад прамысловай вытворчасці на 4 %, страты ВУП ад калійнага крызісу і снiжэння паставак нафтапрадуктаў дадуць мінус амаль 5 %», — сказаў міністр Снапкоў.

Аднак кіраўнік Мінэканомікі адзначыў і плюсы: без уліку чатырох беларускіх прамысловых гігантаў, куды ўваходзяць Мазырскі НПЗ, БМЗ, БелАЗ і «Беларуськалій», айчынная эканоміка не ў доларавым эквіваленце, а ў нацыянальнай валюце з усімі адпаведнымі дэфлятарамi расце на 4,5 %. «Усяго чатыры прадпрыемствы, у прынцыпе, псуюць агульную эканамічную характарыстыку. Альбо наадварот — пацвярджаюць тэзіс, што наша эканоміка здольная вытрымліваць жорсткія ўмовы працы ў час крызісу», — адзначыў міністр.

Плюсы сярод мінусаў

Пазітыўны вынік 2013 года, на думку прадстаўнікоў урада, — ажыццяўленне праграмы мадэрнізацыi. «У бягучым годзе выручка на аднаго сярэдняспісачнага работніка ў цэлым па эканоміцы вырасце на 11 % і складзе каля $ 67,5 тыс., дабаўленая вартасць вырасце на 10 % і складзе амаль $ 19 тыс. Такім чынам, мадэрнізацыя ўжо аказвае пэўны станоўчы ўплыў на эканоміку і дае базу для доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі», — канкрэтызаваў Мікалай Снапкоў.

За дзевяць месяцаў бягучага года ў Беларусі колькасць арганізацый прамысловай сферы павялічылася на 2,1 тыс., або амаль на 22 % ад агульных зарэгістраваных у краіне. Найбольшая колькасць такіх вытворчасцей была створана ў Мінскай вобласці, найменшая — у Гродзенскай. У асноўным гэта невялікія прадпрыемствы са штатам работнікаў да 25 чалавек. Хоць па сусветных мерках менавіта яны і з’яўляюцца «стрыжнем» эканамічнага дабрабыту рэгіёнаў. У Беларусі рост колькасці новых працоўных месцаў склаў 7,5 тыс. Новыя арганізацыі створаны ў 5 з 16 раёнах Брэстчыны, у 9 з 21 раёнах Віцебскай вобласці, у 9 з 17 раёнах — Гродзенскай, у 4 з 21 — Магілёўскай. На Міншчыне новыя вытворчасці адкрыліся паўсюдна, за выключэннем хіба што Крупскага ды Смалявіцкага раёнаў. У Мінэканомікі лічаць, што такое бурнае адкрыццё новых прадпрыемстваў у малых гарадах — следства спрыяльных умоў, якія былі сфарміраваныя Дэкрэтам № 10 Прэзідэнта.

Спрыяльнай называюць у Мінэканомікі і сітуацыю ў інвестыцыйнай сферы. Па стане на 1 кастрычніка дзейнічаюць 1294 інвестыцыйныя дамовы на агульную суму каля $ 21 млрд., з якіх 396 — гэта кантракты з чыста замежнымі інвестыцыямі на суму $ 11,1 млрд. Гэты аспект дазваляе спецыялістам ведамства прагназаваць у наступным годзе прыток прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове мінімум $ 2,5 млрд. «Штогод заключаецца 300—400 новых інвестдагавораў, у сярэднім капіталаёмкасць кожнага інвестдагавора складае $ 17 млн.», — сказаў Мікалай Снапкоў.

Усяго ў 2014 годзе ў Беларусь плануецца прыцягнуць $ 4,5 млрд. прамых замежных інвестыцый, з якіх $ 2 млрд. — выручыць ад прыватызацыі. У Дзяржкамiтэце па маёмасцi ўжо сфармавалi спic з 85 прадпрыемстваў. Прыцягненне капіталаў з-за мяжы дазволіць збалансаваць плацежны баланс i выплаціць знешнія дзяржаўныя пазыкi, нарасціць золатавалютныя рэзервы Нацбанка да $ 8,5 млрд., да 2,1 месяца ўвазнога імпарту. Пры гэтым прыцягненне інвестыцый, як кажуць у Мінэканомікі, дасць эканоміцы двайны эфект. Па-першае, гэта «жывыя» грошы і балансіроўка плацежнага балансу, а па-другое — новыя тэхналогіі, якія прынясуць на нашы прадпрыемствы інвестары, а таксама гарантаваныя рынкі збыту.

Нашы грошы

Другі негатыўны аспект, ва ўмовах якога эканоміка працуе ў гэтым годзе, — гэта інфляцыя. На жаль, утрымацца ў рамках цяперашняга прагнозу ўжо не ўдалося. Па выніку года, як лічаць спецыялісты, індэкс спажывецкіх цэн у краіне вырасце да 15—16 % супраць чаканых 12 %. Ва ўрадзе пайшлі на гэты крок свядома, каб разгрузіць інфляцыйны «навес» 2014 года, і фактычна дадатковы прырост коштаў на тры чвэрці складаецца з перагляду цэн па рэгуляваных пазіцыях. Перш за ўсё цэны выраслі ў выніку скарачэння бюджэтнага і перакрыжаванага субсідзіравання, а таксама пераглядаў тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і на паслугі гарадскога транспарту, адыгралі сваю ролю таксама і павышэнне акцызаў на нафтапрадукты, павелічэнне на 80 % коштаў на пшаніцу і рост арэнднай платы. Апошняя дадала на 59 %, хоць пры першапачатковых разліках фігуравала адзнака да 20 %.

Але цэны ў краіне растуць не так хутка, як зарплаты. Па выніку года даходы насельніцтва ў доларавым эквіваленце павялiчацца на 17 %, сярэдняя па краіне зарплата дарасце да $ 598, у бюджэтнай сферы — да $ 426. «Маючы на ўвазе розніцу спажывецкіх цэн і ўзровень заробкаў, будзе карэктным прывесці тэрмiн, якi ўжываецца ў сусветнай практыцы, — супастаўленне па парытэту пакупніцкай здольнасці. У гэтым годзе ўпершыню за апошнія 10 гадоў мы выйшлі на гэты ўзровень. На адзінку нацыянальнай валюты мы можам купіць тавараў і паслуг больш, чым жыхары Расiйскай Федерацыi», — сказаў міністр эканомікі.

У 2014 годзе сярэдні заробак вырасце яшчэ на 4,6 % — да $ 625 пры росце прадукцыйнасці працы па ВУП на 6,9 %. Такім чынам, прагназуюць у Мінэканомікі, у наступным годзе рост заробкаў не перавысіць рост прадукцыйнасці працы, як у 2013 годзе. Пры гэтым паднімуцца цэны. Напрыклад, на жыллёва-камунальныя паслугі — на $ 5 у разліку на тыпавую кватэру з наступнай штоквартальнай індэксацыяй, прапарцыянальнай росту намінальнай заработнай платы. Паводле разлікаў Мінэканомікі, паслугі ЖКГ для сям’і з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёвай кватэры, пры нарматыўным спажыванні паслуг са снежня 2013 года па снежань 2014-га вырастуць на 38 %.

-----------------------------------------

Нагадаем

Яшчэ 30 кастрычніка Прэзідыум Саўміна ўзгадніў падрыхтаваны Мінэканомікі праект Указа Прэзідэнта «Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2014 год» і адправіў праект дакумента на разгляд у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. У дакуменце вызначаны важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2014 год: ВУП павінен дадаць 3,3 % да папярэдняга года, на 11,6 % павінен вырасці экспарт тавараў і паслуг. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі павінна скласці 0,1 % да ВУП, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове складуць $ 4,5 млрд. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3 % у параўнанні з папярэднім годам, а індэкс спажывецкіх коштаў — на 11 %.

-----------------------------------------

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter