Беларусь і Туркменістан даўно і эфектыўна супрацоўнічаюць у сферы эканомікі

Эканоміка без адлегласцей

Нягледзячы на тое, што Беларусь і Туркменістан падзяляюць тысячы кіламетраў, гэтыя дзве суверэнныя краіны даўно і эфектыўна супрацоўнічаюць у сферы эканомікі. Больш за тое, яны ўзаемавыгадна дапаўняюць адна адну.

Гэтая асаблівасць найбольш наглядна праявілася ў апошнія гады, калі ўзаемны тавараабарот дзвюх краін зрабіў рэзкі рывок. Калі ў 2006 годзе ён складаў мізэрныя 15 мільёнаў долараў, то ў 2013 годзе дасягнуў, разам з аказаннем паслуг, 450 мільёнаў долараў. Безумоўна, гэта вынік напружанай і мэтанакіраванай работы. Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў першапачаткова паставілі задачу ўсімі сіламі развіваць эканамічнае супрацоўніцтва, паколькі для гэтага ёсць усе падставы. Лідары дзвюх краін рэгулярна кантралююць яе выкананне падчас візітаў у Ашгабат і Мінск. Падпісаны разнапланавыя пагадненні ды іншыя дакументы, якія забяспечваюць спрыяльны клімат для супрацоўніцтва. Як адзначаў Гурбангулы Бердымухамедаў падчас аднаго з нядаўніх візітаў у Мінск, цяпер у Туркменістане рэалізуецца сумесна з Беларуссю 16 буйных інвестыцыйных праектаў агульнай вартасцю большай за 1 мільярд 145 мільёнаў долараў. Рэгулярна абменьваюцца візітамі кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін, кіраўнікі эканамічных міністэрстваў і ведамстваў, розных прадпрыемстваў.


На будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната

Сапраўдным сімвалам дружбы і супрацоўніцтва стаў праект па ўзвя­дзенні “пад ключ” беларускімі спецыялістамі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Беларусь, як вядома, мае каласальныя запасы калійных соляў, якія з’яўляюцца незаменным элементам эфектыўнага земляробства. Тут створана сапраўдная індустрыя па вытворчасці адпаведных мінеральных угнаенняў. Дзейнічае не толькі магутнае здабываючае прадпрыемства па перапрацоўцы калійнай руды, але і будаўніча-мантажны трэст “Шахтаспецбуд”, магутны праектны інстытут. Гэты патэнцыял і лёг у аснову сумеснага праекта, кошт якога, па некаторых падліках, дасягае мільярда долараў. Згодна з планам прадпрыемства па вытворчасці да 1,4 мільёна тон у год канцэнтраваных калійных удабрэнняў у Туркменістане павінна даць першую прадукцыю ўжо ў бліжэйшыя гады.

Гэта дасць магчымасць краіне цалкам забяспечыць сябе гэтым відам мінеральнага удабрэння. У выніку, безумоўна, адбудзецца павышэнне ўзроўню земляробства і сельскай гаспадаркі ў цэлым. Але не толькі гэта. Як мяркуецца, мясцовыя патрэбы складуць толькі палову ўсёй вытворчасці удабрэнняў. Астатнія 700 тысяч тон у год можна будзе выгадна прадаваць на экспарт. Беларусь, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных гульцоў на гэтым вельмі спецыфічным рынку, гатовая прапанаваць сваю тавараправодную сетку для рэалізацыі гэтага выгаднага прадукту.

А навукоўцы дзвюх краін ужо гля­дзяць у будучыню. Яны прапанавалі пабудаваць побач з асноўнай вытворчасцю комплекс па выпуску найбольш запатрабаваных камбінаваных NPK-удабрэнняў. Цяпер ідзе абмеркаванне гэтага праекта.

Эфектыўна развіваюцца і пастаўкі прадукцыі машынабудавання. На палях Туркменістана сёння працуюць ужо больш за 5 тысяч беларускіх колавых трактароў МТЗ. Па дарогах перавозяць грузы вынослівыя грузавікі МАЗ — іх толькі ў апошнія гады прададзена ў Туркменістане больш за 10 тысяч. Дасягненню і прымнажэнню гэтых паказчыкаў садзейнічае пагадненне ў галіне паставак у Туркменістан беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, аўтамабіляў, трактароў, паса­жырскай тэхнікі, разлічанае на 2015 — 2016 гады. Яно было падпісана падчас візіту ў Мінск Прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава ў кастрычніку 2014 года. Адным з вынікаў стала пастаўка ў Туркменістан аўтобусаў некалькіх мадэляў вытворчасці Мінскага аўтазавода для доследнай эксплуатацыі. Па яе выніках будзе вырашацца пытанне аб закупках транспартнай тэхнікі ў вялікіх маштабах.


Трактары Мінскага трактарнага завода

Мінскі аўтазавод у цэлым стаў стрыжнем супрацоўніцтва ў машы­набудаўнічай сферы. У канцы 2015 года ў Туркменістане адкрыецца сэрвісны цэнтр гэтага прадпрыемства. Спачатку меркавалася, што ён будзе абслугоўваць толькі аўтамабілі і аўтобусы МАЗ. Аднак паколькі пастаўкі і іншай беларускай прадукцыі нарастаюць, прынята рашэнне, што гэты цэнтр возьмецца за абслугоўванне таксама трактароў МТЗ, дарожна-будаўнічай тэхнікі “Амкадор”, камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі “Гомсельмаш” і іншых вытворцаў.

Пашыраюцца і пастаўкі беларускіх ліфтаў. Больш за 40 такіх устройстваў ужо ўстаноўлены ў туркменскіх новабудоўлях. Беларускія ліфты карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у краінах СНД дзякуючы камфартабельнасці, надзейнасці, аптымальнай цане. Будуць яны запатрабаваныя і ў Туркменістане па меры развіцця жыллёвага будаўніцтва.

Перспектыўным уяўляецца і супрацоўніцтва ў галіне лёгкай прамысловасці. На гэта не раз указваў кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч. Туркменістан, як усім вядома, з’яўляецца буйным вытворцам баваўнянага валакна. А ў Беларусі яшчэ з часоў СССР паспяхова працуюць некалькі буйных прадпрыемстваў па перапрацоўцы такой сыравіны ў ніткі, тканіны і гатовыя вырабы. У іх ліку — буйнейшы ў Еўропе Баранавіцкі баваўняны камбінат. Задума заключаецца ў стварэнні сумеснага прадпрыемства, дзе туркменскі бок пастаўляў бы сыравіну, а беларускі — перапрацоўваў бы яе ў гатовую прадукцыю. Гэта было б выгадна ўсім.

Нарэшце, сучасная эканоміка немагчымая без высокакваліфікаваных спецыялістаў. І на гэтай глебе Беларусь і Туркменістан эфектыўна будуюць супрацоўніцтва. Заключаны дагаворы паміж буйнейшымі беларускімі і туркменскімі ВНУ, напрыклад, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і архітэктурна-будаўнічым інстытутам, Беларускім тэхналагічным універсітэтам і Міжнародным універсітэтам нафты і газу. У выніку сёння ў Беларусі навучаецца па самых розных напрамках больш за 9 тысяч туркменскіх юнакоў і дзяўчат. Гэта прыкладна палова ўсіх замежных студэнтаў, якія вучацца ў краіне. Пройдзе няшмат часу, і яны стануць інжынерамі рознага профілю, урачамі, навукоўцамі, каб надаць развіццю Туркменістана новае паскарэнне.

Уладзімір Бібікаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter