Эканоміка адукацыі — стратэгія будучага

Увесь комплекс адукацыйных паслуг павінен працаваць на эканамічны дабрабыт краіны, лічыць міністр адукацыі Аляксандр РАДЗЬКОЎМінулы 2008 год стаў пераломным у адукацыйнай сістэме Беларусі. Менавіта ў гэты год было прынята рашэнне аб пераходзе на 11-гадовую сістэму адукацыі. У ходзе падрыхтоўкі да новага навучальнага года праведзена поўная уніфікацыя вучэбных планаў. Аб тым, што чакае педагогаў, настаўнікаў, школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў у 2009 годзе, карэспандэнту БЕЛТА расказаў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

— Аляксандр Міхайлавіч, сістэма адукацыі павінна адпавядаць задачам, якія стаяць перад усім грамадствам. Аб якіх планах ідзе размова і якія задачы вы назвалі б стратэгічнымі?
— У Беларусі за апошнія гады створана ўнікальная сістэма адукацыі: прафесійна загартаваная, узбагачаная бясцэнным педагагічным вопытам. Менавіта гэта дало магчымасць у кароткія тэрміны стварыць якасную базу для пераходу на адзіннаццацігадовае навучанне, своечасова падрыхтаваць метадычную і вучэбную літаратуру, захаваць настаўніцкі корпус, выпрацаваць аптымальны механізм размеркавання выпускнікоў. Інакш кажучы, стварыць умовы для далейшага развіцця беларускай мадэлі навучання і выхавання.
Адна са стратэгічных задач сістэмы адукацыі — яе адпаведнасць эканамічным планам развіцця дзяржавы. Маладым людзям неабходна прадаставіць комплекс такіх адукацыйных паслуг, якія б рэальна працавалі на эканамічны дабрабыт краіны. Нам не патрэбны “лішнія” кадры; малады спецыяліст, атрымаўшы веды, павінен заняць нішу, запатрабаваную грамадствам. Толькі такі прынцып прадастаўлення адукацыйных паслуг дасць магчымасць выпускнікам розных тыпаў і відаў устаноў адукацыі рэалізаваць сябе ў адпаведнасці з прафесійным арыенцірам і намерам. Комплекснасць, сістэмнасць, дынамізм, гібкасць — вось прынцыпы, якім у сферы адукацыі павінна быць удзелена першачарговая ўвага.
— Любыя пачынанні, будзе гэта ўстаноўка сучаснага абсталявання або распрацоўка новых тэхналогій, патрабуюць матэрыяльных затрат...
— На фінансаванне сферы адукацыі з бюджэту-2009 будзе выдзелена амаль 9 трлн рублёў, што на 36 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Гэтыя сродкі, як правіла, у першую чаргу ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў.
Так, у 2008 годзе ў сістэме прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі спецыяльна для навучальных устаноў машынабудаўнічага профілю быў створаны рэсурсны цэнтр. У ім сканцэнтраваны ўсе найноўшыя тэхналогіі, аўтаматы і іншае абсталяванне, якое дапамагае навучэнцам зразумець, што такое сучаснае машынабудаванне. У цэнтры могуць прайсці падрыхтоўку і азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі ўсе будучыя маладыя спецыялісты. Адна з задач на 2009 год — адкрыццё аналагічнага цэнтра для будаўнічай галіны.
— Агульнаадукацыйная школа перажыла ў мінулым годзе пераход на адзіннаццацігодку. Што чакае школьнікаў і педагогаў у 2009 годзе?
— Галоўная задача, якую ставіў перад педагогамі кіраўнік дзяржавы, — не страціць якасць навучання. Упэўнены, што мы з гэтай задачай спраўляемся. У сувязі з пераходам на 11-гадовую агульную сярэднюю адукацыю першыя два гады будзе адчувацца дэфіцыт некаторых падручнікаў, таму што выданне новых, разлічаных толькі на пераходны перыяд, нерэнтабельна. Больш мэтазгодна выпусціць электронныя вучэбныя дапаможнікі па адпаведных прадметах. Для тых, у каго дома няма камп’ютэра, мы размясцілі гэтыя ж матэрыялы на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі, так што іх можна раздрукаваць і карыстацца самастойна.
Праз год кожны школьны прадмет можна будзе вывучаць па падручніку з электронным дадаткам, а ў бліжэйшыя гады адпаведная электронная падтрымка будзе ў падручнікаў у гімназіях, ліцэях, ССНУ, ПТВ і ВНУ.
— Усіх хвалюе пытанне: падрыхтоўка да выпускных і ўступных іспытаў вучняў штрыхкласаў, ці будуць яны мець дастатковыя веды?
— Нашы даследаванні і назіранні паказалі, што вынікі вучэбнай дзейнасці ў выпускнікоў штрыхкласаў вышэйшыя, чым у іх равеснікаў са звычайных адзіннаццатых або дзевятых класаў. Гэтыя юнакі і дзяўчаты больш сабраныя, засяроджаныя і ўважлівыя на ўроках. У цэлым вучні штрыхкласаў у вучэбным працэсе адчуваюць сябе камфортна. Думаю, што не апошнюю ролю ў гэтым адыграла ракіроўка кадраў. У асноўным у гэтыя класы былі накіраваны самыя вопытныя і кваліфікаваныя педагогі.
Праграмы ўступных іспытаў для абітурыентаў 2009 года маюць свае асаблівасці: у іх не ўвайшлі раздзелы і пытанні, што не вывучаліся ў штрыхкласах, а таксама выключаны пытанні, якія дубліруюць змест іншых вучэбных прадметаў, і тэмы, прадстаўленыя ў школьнай праграме для азнаямлення. Гэта скарачэнне не адаб’ецца на ведах вучняў і будучых студэнтаў, таму што большасць тэм вывучалася паралельна па некалькіх прадметах. Акрамя таго, многія пытанні атрымаюць сваё развіццё на наступных этапах прафесійнай адукацыі.
— Беларускія ВНУ да 2010 года павінны перайсці на міжнародныя стандарты якасці адукацыі. Што гэта за стандарты?
— Міжнародныя стандарты — гэта перш за ўсё сістэмы менеджменту якасці (СМЯ). У свеце звыш 5 тысяч устаноў адукацыі, у тым ліку каля тысячы ВНУ, паспяхова ўжо прайшлі сертыфікацыю на адпаведнасць спецыялізаваным патрабаванням міжнародных стандартаў серыі ISO 9001:2001. СМЯ ўключаюць мінімальна неабходны набор патрабаванняў да якасці. Немалую ролю тут адыгрывае і тое, што яны першапачаткова былі задуманы як універсальныя, а таму ў роўнай ступені прымяняльныя ў дзейнасці любых арганізацый — ад маленькай рамонтнай майстэрні да гіганцкага міжнароднага холдынга. Нашы суседзі актыўна ўключыліся ў гэты працэс. Так, у Расіі сертыфікацыю прайшлі каля 100 ВНУ, у Казахстане з 50 навучальных устаноў сертыфікаты атрымалі больш за 40.
Каб адукацыйныя паслугі былі запатрабаваны, а выпускнікі ВНУ не стаялі на біржы працы, каб замежныя студэнты для атрымання ведаў выбіралі Беларусь, неабходна больш актыўна ўлівацца ў гэты працэс. Мы абавязаны наблізіць беларускую сістэму вышэйшай адукацыі да міжнародных стандартаў. Падкрэслю, што патрабаванні да якасці адукацыі будуць прад’яўляцца да кожнай ВНУ незалежна ад формы ўласнасці. Усе 53 вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі пяройдуць на іх да 2010 года. Я думаю, што не толькі ВНУ, але і ССНУ пяройдуць да ўдасканалення і афармлення сістэмы кіравання якасцю адукацыі.
Характэрнай асаблівасцю развіцця ўсёй сістэмы беларускай адукацыі ў ХХI стагоддзі павінна стаць якаснае абнаўленне яе структуры і зместу, распрацоўка і ўкараненне сучасных тэхналогій, методык навучання, выхавання навучэнцаў, удасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу на аснове культуралагічнага і дыферэнцыраванага падыходаў, аснашчэнне агульнаадукацыйных устаноў сучаснымі сродкамі навучання, камп’ютэрнай тэхнікай, праграмным забеспячэннем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter