На Міншчыне плануюць выпусціць 450-тонны БелАЗ, добраўпарадкоўваюць сталіцу абласных «Дажынак» і рыхтуюць турыстычныя аб’екты да чэмпіянату свету па хакеі
Мінулы год вобласць завяршыла з нядрэннымі эканамічнымі паказчыкамі. Але далёка не ўсё з намечанага давялося выканаць. У чым галоўны вынік мінулага і якія накірункі з’яўляюцца вызначальнымі зараз? З такіх пытанняў пачалася прэс-канферэнцыя, якую правёў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс БАТУРА (на здымку). Трэба сказаць, што на гэты раз журналісты цікавіліся пытаннямі пераважна эканамічнага характару.
Галоўным дасягненнем мінулага года Барыс Батура лічыць выкананне інтэграванага паказчыка — аб’ёму валавога рэгіянальнага прадукту, які склаў 106,5 % пры заданні 106 %. Важным момантам ён назваў і тое, што ўдалося не толькі дабіцца, але і ўмацаваць тэндэнцыю па зніжэнні ўплыву ААТ «Беларуськалій» на паказчык па экспарце. Калі ўдзельная вага гэтага прадпрыемства ў агульным аб’ёме экспарту ў 2011 годзе складала каля 50 %, то за мінулы год знізілася да 31 %. Галоўная роля ў гэтым належыць прыватнаму сектару, які актыўна развівае свой экспартны патэнцыял. Дарэчы, доля ўдзелу бізнесу ў фарміраванні бюджэту ўзрасла на 5 % і зараз складае 29 %. Тэндэнцыі мінулага года пацвярджаюцца і сёлета. «Вынікі прайшоўшых двух месяцаў сведчаць аб тым, што мы рухаемся ў правільным накірунку. За студзень—люты выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі. Валавы рэгіянальны прадукт склаў 108,3 % да адпаведнага перыяду мінулага года пры прагнозе росту на 8 %», — адзначыў Барыс Батура.
У развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы інвеставана 3,8 трлн. рублёў. Сур’ёзны старт узяты і ў напрамку прыцягнення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Пры гадавым заданні 250 млн. долараў за два месяцы лічба склала больш як 88 млн. долараў, а гэта ў шэсць разоў больш, чым за такі ж перыяд летась. У цэлым Барыс Батура падкрэсліў, што перад Мінскай вобласцю пастаўлены складаныя, але выканальныя задачы — да канца 2015 года на прадпрыемствах прамысловасці выручка на аднаго працуючага павінна скласці 120 тыс. долараў, у мінулым годзе дасягнулі 66 тыс. долараў. Падвоіцца гэты паказчык павінен у сельскай гаспадарцы і сферы паслуг.
«Натуральна, што для дасягнення намечанага нам неабходна маштабная мадэрнізацыя. Толькі яна дазволіць выпускаць сапраўды канкурэнтаздольную прадукцыю з высокай дададзенай вартасцю. Да канца пяцігодкі ў вобласці намечана мадэрнізаваць 395 прадпрыемстваў у розных сферах. Ужо сёлета мы плануем стварыць 157 высокатэхналагічных вытворчасцей з выпрацоўкай на аднаго працуючага 60 тыс. долараў», — расказаў пра перспектывы старшыня Мінаблвыканкама. І дадаў, што пачатак гэтай справе пакладзены. Увогуле ў вобласці зараз рэалізуецца каля 500 інвестыцыйных праектаў.
Самыя маштабныя — выпуск буйнагабарытных самазвалаў грузападымальнасцю 450 тон на Беларускім аўтамабільным заводзе, дзе запуск вытворчасці плануецца на першае паўгоддзе, будаўніцтва горна-ўзбагачальнага комплексу ЗТАА «Слаўкалій» з інвестыцыямі каля 1,7 млрд. долараў, праекты па вытворчасці чыгуначнага транспарту, складаных мінеральных удабрэнняў і іншыя.
На тэрыторыі Міншчыны размяшчаецца цэлы шэраг навуковых устаноў. Ці існуе ўзаемадзеянне і якая ад яго карысць для вобласці, пыталіся журналісты. У адказе Барыс Батура засяродзіўся ў асноўным на сумеснай рабоце з навуковымі цэнтрамі сельскагаспадарчай накіраванасці, а такіх на тэрыторыі сталічнага рэгіёна 11. «Навукоўцы аказваюць вялікую дапамогу ў вырашэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Нашы дасягненні ў АПК — вынік цеснага супрацоўніцтва з навуковымі цэнтрамі НАН. У прыватнасці, пры непасрэдным удзеле вучоных мы маем намер павялічыць вытворчасць малака на 6—8 %. Адчувальны ўплыў супрацоўніцтва і ў галіне раслінаводства», — сказаў ён.
Пацікавіліся прадстаўнікі СМІ і пазіцыяй кіраўніка сталічнага рэгіёна наконт працэсу аптымізацыі колькасці сельсаветаў — гэта пытанне зараз актыўна абмяркоўваецца на месцах. Барыс Батура звярнуў увагу на тое, што зараз ідзе працэс напрацоўкі матэрыялу па гэтым пытанні. У цэлым, па яго перакананні, аптымізацыя не павінна негатыўна адбіцца на зручнасці пражывання насельніцтва. І адзначыў, што сельсавет можа функцыянаваць у нармальным рэжыме, калі на яго тэрыторыі пражываюць 2—4 тысячы чалавек. «На Міншчыне ж ёсць адміністрацыйныя адзінкі, дзе жывуць менш за тысячу чалавек. Усяго ў вобласці зараз 288 сельсаветаў, па папярэдняй ацэнцы, мы павінны выйсці на 200—210. Хачу падкрэсліць, што канчатковае рашэнне па скасаванні сельсаветаў будзе прымацца вельмі ўзважана і асцярожна, без рэзкіх рухаў і ломак. Пры гэтым будуць улічвацца прапановы райвыканкамаў і меркаванні саміх жыхароў», — сказаў Барыс Батура. І дадаў, што першасная задача — максімальна захаваць зручнасць пражывання насельніцтва. А калі станецца, што адміністрацыя будзе знаходзіцца на больш значнай адлегласці ад населенага пункта, то будуць прапанаваны розныя формы работы па месцы жыхарства людзей.
Апошнім часам на Міншчыне больш пільную ўвагу сталі надаваць развіццю турыстычнай інфраструктуры. У сваім адказе на пытанне на гэты конт старшыня аблвыканкама адзначыў, што турыстычны патэнцыял сталічнай вобласці яшчэ далёка не вычарпаны. У прыватнасці, не хапае гасцініц, якія прапануюць высокі ўзровень абслугоўвання. «Сёння мы можам адначасова размясціць 4,5 тысячы чалавек. Аднак у вобласці пакуль няма гасцініц бізнес-класа. З 54 толькі дзве маюць катэгорыі — у Валожыне і Вілейцы. Зараз праводзіцца работа для атрымання сертыфікату яшчэ шэрагу гасцініц», — сказаў ён. Адным з самых праблемных пытанняў была названа падрыхтоўка спецыялістаў у турыстычнай сферы. На думку Барыса Батуры, наспела неабходнасць стварэння спецыялізаваных кампаній, якія б на высокім прафесійным узроўні і ў шырокім сэнсе займаліся арганізацыяй і суправаджэннем турыстаў. «У мінулым годзе вобласць прыняла больш за 25 тысяч турыстаў. Гэту лічбу мы павінны павялічыць у разы ці нават дзясяткі разоў. І работа павінна весціся якраз праз такія спецыялізаваныя кампаніі», — адзначыў ён. Плануецца, што турыстычныя аб’екты Міншчыны будуць актыўна задзейнічаны ў час правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Ужо зараз абнаўляюцца гасцініцы, уладкоўваюцца зоны адпачынку і дарожная сетка. Звернута ўвага на ўдасканаленне інфраструктуры прыдарожнага сэрвісу, пры гэтым прапануецца больш актыўна развіваць не асобныя аб’екты, а сучасныя і зручныя комплексы.
Больш за 220 млрд. рублёў сёлета плануецца накіраваць на добраўпарадкаванне і будаўніцтва аб’ектаў Узды, дзе пройдуць абласныя «Дажынкі». Сярод найбольш буйных аб’ектаў — узвядзенне Дома культуры і добраўпарадкаванне сквера, дзе будзе размешчаны фантан, а таксама тэматычная пляцоўка ў гонар памятных падзей і знакамітых ураджэнцаў Уздзеншчыны, гульнёвыя, спартыўныя і гандлёвыя зоны. Будуць добраўпарадкаваны вуліцы і дарогі, адрамантаваны фасады будынкаў, праведзена шмат іншай работы ў горадзе і сельскіх населеных пунктах. Увогуле, як лічыць Барыс Батура, практыка правядзення маштабных мерапрыемстваў у малых гарадах добра паказала сябе. Яны літаральна пераўтвараюцца, добраўпарадкоўваюцца, набываюць новы і больш сучасны ўзровень.
Фота: Валерый ХАРЧАНКА