Каждый житель планеты сейчас условно должен по 32,5 тысячи долларов

Эканамічны лабірынт

Згодна са статыстычным дакладам Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), сусветная эканоміка наблізілася да стану стагнацыі — эканамічны рост у 2019-м складзе ўсяго 2,3 працэнта (ранейшы прагноз быў на 0,7 працэнта вышэйшы). Аб’ём міжнароднага гандлю таварамі скароціцца, а паслугамі нязначна вырасце.

pixabay.com

Сёлета, па сцвярджэнні кіраўніка ЮНКТАД Сціва Макфілі, развіццё глабальнай эканомікі запавольваецца — між іншым у 2018 годзе сусветны ВУП склаў 3 працэнты.

У дакуменце аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі прадстаўлены звесткі аб эканамічнай сітуацыі ў цэлым: аб міжнародным гандлі таварамі і паслугамі, цэнах на сусветным рынку, марскіх перавозках, даецца статыстыка па росце колькасці насельніцтва планеты ў розных рэгіёнах свету, тэмпах урбанізацыі.

Для параўнання: у мінулым годзе сусветны гандаль таварамі ў натуральным выражэнні вырас на 2,3 працэнта. Вартасны рост узляцеў аж на 9,7 працэнта, што тлумачыцца павышэннем цэн на паліва. У 2019-м аб’ёмы сусветнага гандлю зменшацца ў параўнанні з 2018 годам на 2,4 працэнта і складуць 19 трыльёнаў долараў. Што цікава, аднымі з самых ёмкіх на рынку застаюцца тавары і паслугі, звязаныя з індустрыяй моды.

Спажывецкія цэны ў 2018-м

узняліся па ўсім свеце — больш за ўсё ў краінах Афрыкі, Сярэдняй Азіі, Аргенціне, Венесуэле, Емене, Іране і Турцыі. У краінах Еўропы, Ізраілі, Японіі, Аўстраліі і Новай Зеландыі рост цэн склаў 2 працэнты.

Што датычыцца грашовых даўгоў, то пасля крызіснага 2008 года агульны аб’ём запазычанасці дзяржаў, кампаній і насельніцтва дасягнуў рэкорднага ўзроўню — 250 трыльёнаў долараў. Гэта амаль утрая перавышае памер глабальнага валавога ўнутранага прадукту. Такім чынам, кожны жыхар планеты, у тым ліку дзеці, цяпер павінен па 32,5 тысячы долараў. Гэта вынік намаганняў улад па падтрыманні росту сусветнага ВУП у апошняе пасля крызісу дзесяцігоддзе.

Для нашай краіны існуюць як аптымістычныя, так і больш песімістычныя макраэканамічныя прагнозы.

Трэба таксама ўзгадаць падатковы манеўр Расіі ў нафтавай галіне, які стартаваў у 2015 годзе. Да 2018-га ішоў яго першы этап, а сёлета распачаўся завяршальны, які працягнецца да 2025 года. У сярэднетэрміновай перспектыве такі манеўр прывядзе да зніжэння даходаў беларускага бюджэту і паўплывае на плацежны баланс. Гэта таксама можа выклікаць рост цэн на паліва, знізіць прыбытковасць беларускіх НПЗ і зменшыць аб’ёмы перапрацоўкі нафты. У доўгатэрміновай перспектыве можа з’явіцца зніжэнне тэмпаў росту экано­мікі нашай краіны і гандлёвага патэнцыялу Беларусі і Расіі.

Па словах намесніка кіраўніка «Белнефтехима» Андрэя Бунакова ў інтэрв’ю часопісу «Вестник «Белнефтехима», страты беларускіх НПЗ — «Нафтана» і Мазырска­га НПЗ — ад падатковага манеўра за бягучы год складуць 320 мільёнаў долараў, за 2019—2024 гады — 5,8 мільяр­да (пры сусветнай цане на нафту 60 долараў за барэль).

Больш аптымістычны прагноз па росце ВУП Беларусі ў наступным годзе дае інвестыцыйнае агенцтва Renaissaence Capital — да 2,5 працэнта, пасля зніжэння да 1,5 працэнта ў 2019-м.

Па меркаванні яго экспертаў, паскарэнне росту расійскай эканомікі павінна падтрымаць і Беларусь. Пры гэтым не выключаецца дамоўленасць з Масквой аб кампенсацыі па падатковым манеўры.

А вось некалькі прагнозаў ад міжнароднага фінансавага сектара. Сёлета ЕБРР чакае запавольвання росту нашай эканомікі да 1,3 працэнта і 1,2 у 2020-м. Сусветны банк знізіў прагноз па беларускім ВУП у 2019 годзе з 1,8 працэнта да 1. На 2020-ы — з 1,3 працэнта да 0,9, на 2021 год — да 0,5. МВФ пагоршыў рост беларускага ВУП у 2019-м да 1,5 працэнта з 1,8, у 2020 годзе — да 0,3. ЕАБР мяркуе, што ВУП краіны ў гэтым годзе вырасце на 1,2 працэнта, у 2020-м на 1,5.

Улады Беларусі запланавалі рост нацыянальнага ВУП у 2020-м па мэтавым прагнозе на 2,8 працэнта, па кансерватыўным варыянце ў межах 1,9.

Лічбы па гандлі паслугамі сёлета вырастуць толькі на 2,7 працэнта і складуць 6 трыльёнаў. Каб было зразумела: у 2018-м гэты прырост склаў 7,7 працэнта, а ў 2017 годзе — 7,9 працэнта.
infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter