Эканамічны патэнцыял беларускіх верхавых балот ацэньваецца ў сотні мільёнаў долараў

Экалагічная раўнавага

Эканамічны патэнцыял беларускіх верхавых балот ацэньваецца ў сотні мільёнаў долараў. Пра гэта сведчаць дадзеныя, атрыманыя ў выніку даследавання “Сучасны стан і прагноз экалагічнай і сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці рэалізацыі праекта па аднаўленні гідралагічнага рэжыму верхавога балота Ельня”, праведзенага Інстытутам эксперыментальнай батанікі  Нацыянальнай акадэміі навук.



У сваім даследаванні спецыялісты Інстытута эксперыментальнай батанікі не толькі вывучалі працэсы аднаўлення гідралагічнага рэжы­му балота, з’яўлення на яго тэрыторыі расліннага і жывёльнага свету, уласцівага для забалочанай мясцовасці, але і ацанілі эканамічны патэнцыял ад рэалізацыі гэтага праекта. Аказалася, прыродныя багацці адроджанай Ельні ацэньваюцца ў 300 мільёнаў долараў, а пры аднаўленні гідралагічнага рэжыму і экалагічнай раўнавагі водна-балотны комплекс “Ельня” можа прыносіць больш за 30 мільёнаў даходу штогод.

“На жаль, мы не маем дадзеных па ацэнцы шкоды ад пажараў, якія з 1975 па 2002 год праходзілі на Ельнінскім балоце з перыядычнасцю два-чатыры гады, — гаворыць намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Дзмітрый Грумо. — Толькі кошт шкоды ад зніжэння эксплуатацыйнага ўраджаю журавін у выніку катастрафічнага пажару 2002 года складае штогод (у залежнасці ад ураджайнасці) да 50-125 тысяч долараў. Агонь быў бічом і верхавога балота, і жыхароў навакольных населеных пунктаў.

У апошняе дзесяцігоддзе, калі пачалі ажыццяўляцца мерапрыемствы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму балота, вастрыню гэтай праблемы ўдалося значна знізіць. Як паказаў маніторынг, праведзены ў пачатку ліпеня, нягледзячы на рэкордна гарачае надвор’е і адсутнасць ападкаў, вільгот­насць тарфянога покрыва складала 85-90 працэнтаў. А пажаранебяспечным узроўнем лічыцца зніжэнне вільготнасці да 70 працэнтаў.

Самы каштоўны рэсурс верхавых балотаў — прэсная вада. Паводле ацэнак навукоўцаў, у балоце Ельня такой вады захоўваецца больш за 450 мільёнаў кубічных метраў. Зыходзячы з рыначных цэн, яе кошт складае каля 247 мільёнаў долараў. Больш за тое, тарфянік — гэта прыродная сарбцыйная ўстаноўка. Кожны забалочаны гектар здольны прапускаць праз сябе ў суткі 680 тон вільгаці, выдаляючы з яе шкодныя прымесі. Толькі абслугоўванне прамысловай устаноўкі магутнасцю, супастаўнай з Ельняй, складзе мінімум 9 мільёнаў долараў у год.

Таксама балоты з парушаным гідралагічным рэжымам актыўна выдзяляюць вуглякіслы газ, а пры нармальнай экалагічнай раўнавазе, наадварот, яго паглынаюць. Паводле ацэнак навукоўцаў Інстытута эксперыментальнай батанікі, аднаўленне гідралагічнага рэжыму балота Ельня дасць магчымасць знізіць выкіды парніковых газаў на 8,2 тысячы тон у год. Аналагічнага эфекту з пункту гледжання скарачэння выкідаў СО2 можна дамагчыся ад устаноўкі сонечных батарэй сумарнай плошчай 47 гектараў і інвестыцый 18 мільёнаў долараў, а таксама штогадовых затрат на абслугоўванне абсталявання і датацый на вытворчасць “зялёных” кілават у гадзіну каля 2-3 мільёнаў долараў.


Тэхнічны каардынатар праекта ПРААН па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на балоце Ельня
кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас


— Пачынаючы праект “Выратуем Ельню разам!” у 2007 годзе, мы разумелі ўсю важнасць і значнасць гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу як для Беларусі, так і для ўсёй Еўропы. З гадамі праект развіваўся, і валанцёрскія ініцыятывы перараслі ў сур’ёзную шматузроўневую праграму аднаўлення балота, з прыцягненнем беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў, — каменціруе першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Кока-Кола Беўры­джыз Беларусь” Андрэй Рашчупкін. — Вынікі апошніх даследаванняў, праведзеных у біялагічным заказніку “Ельня”, адлюстроўваюць новыя падыходы да паняцця “экалагічная паслуга” і дэманструюць магчы­масць атрымання сур’ёзнага фінансавага выніку ад комплекснай інтэграцыі экасістэмы ў эканоміку.

— За некалькі гадоў The Coca-Cola Foundation інвеставала ў праект аднаўлення балота Ельня больш за 250 тысяч долараў і больш за 180 тысяч долараў на іншыя праекты па аднаўленні воднай экасістэмы Беларусі. Аднаўленне балота Ельня — значны экалагічны і эканамічны праект, і я ганаруся тым, што мы сёння разам сталі часткай гэтых пазітыўных змен! — гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва The Coca-Cola Company ў Беларусі Наталля Тарасевіч.

Ельня — адно з самых буйных верхавых балотаў у кантынентальнай Еўропе. Яго плошча складае больш за 23 тысячы гектараў, сярэдняя магутнасць тарфянога пакладу — 3,8 метра (максімальная — 8,3 метра), а запасы вады ацэньваюцца ў 450 мільёнаў кубічных метраў, што складае 2/3 ад запасаў вады найбуйнейшага ў Беларусі возера Нарач.

Балота Ельня з’яўляецца важнай транзітнай пляцоўкай для адпачынку пералётных птушак: пастаянна на балоце гняздуюцца 98 відаў, з якіх 23 занесены ў Чырвоную кнігу. У 30-х гадах мінулага стагоддзя на тэрыторыі Ельнінскага балота былі пабудаваны водаадводныя каналы, якія парушылі экалагічную раўнавагу, сталі прычынай зніжэння ўзроўню грунтавых вод і, як вынік, важнейшай прычынай шматлікіх буйных пажараў на балоце ў перыяд з 1992 па 2002 год. У 2007-2008 гадах унітарнае прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” падтрымала ініцыятыву грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” як матэрыяльна, так і працай уласных работнікаў: валанцёры ўзвялі сваімі рукамі на водаадводных каналах 34 перамычкі і плаціны для ўтрымання вады.

Летась у рамках праекта ПРААН “Тарфянікі-2”, што рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы The Coca-Cola Foundation, было ўзведзена 46 каскадных плацін. У выніку ўзровень стаяння балотнай вады ў балотна-азёрным комплексе “Ельня” стаў набліжацца да натуральнага рэжыму, што садзейнічала актыўнаму аднаўленню расліннага свету, характэрнага для верхавых балотаў — адно з важных сведчанняў аднаўлення экалагічнай раўнавагі. Усё гэта адкрывае магчымасці для эфектыўнай інтэграцыі экалагічнага праекта ў эканоміку краіны.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter