Экафішкі з мудрых кніжак

Многія бібліятэкі Беларусі сталі сапраўднымі экалагічнымі цэнтраміДзе можна атрымаць экалагічную інфармацыю — веды пра сучасны стан навакольнага асяроддзя ў маім паселішчы, прыродаахоўныя мерапрыемствы, навуковыя даследаванні эколагаў? З гэтымі пытаннямі людзі часта звяртаюцца ў самыя вышэйшыя інстанцыі, не ведаючы, што ўсё неабходнае можна знайсці нават у некаторых сельскіх бібліятэках. У гэтым мне давялося пераканацца, калі супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Какшынская паказвала мне прэзентацыі пераможцаў IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па экалагічнай асвеце і інфармаванні насельніцтва ў 2006—2008 гадах.

Лепшыя з лепшых
У рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу прынялі ўдзел 34 бібліятэкі. Ацэньвалі работы па 14 крытэрыях, а гэта значыць, што ў сучасных бібліятэках развіваецца вельмі шмат напрамкаў і форм экалагічнай работы. Сярод іх — удзел у працэсе адукацыi ў iнтарэсах устойлiвага развiцця, стварэнне адпаведных баз даных, iнфармацыйных цэнтраў па экалогii, iнфармаванне насельнiцтва аб экалагiчным становiшчы рэгiёну, iнфармацыйнае супрацоўнiцтва з тэрытарыяльнымi органамi Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь, кiраўнiкамi прадпрыемстваў, iншых арганiзацый, дзейнасць якіх тычыцца экалогii. Вельмі шмат бібліятэкі робяць для выхавання экалагічнай свядомасці ў дзяцей, а таксама аказваюць інфармацыйную падтрымку спецыялiстам-эколагам. І самі не ўхіляюцца ад навучання: павышаюць узровень экалагічнай адукаванасці сваіх супрацоўнікаў  на семінарах.
Работы, якія прыслалі на конкурс бібліятэкі, уражваюць: шматстаронкавае апісанне іх дзейнасці багата праілюстравана каляровымі фотаздымкамі, яркімі буклетамі, мультымедыйнымі дадаткамі, малюнкамі, вершамі, самаробнымі каталогамі ў выглядзе кветак і герояў казак. Кампетэнтнаму журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнай бібліятэкі і рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура i мастацтва”, нялёгка было зрабіць выбар. Але ж дзевяць пераможцаў былі вызначаны ў трох намінацыях. Немагчыма ў газетным матэрыяле апісаць велізарную работу кожнай бібліятэкі, аднак некаторыя іх напрацоўкі вартыя асаблівай увагі.
Урокі дабрыні
У намінацыі “Лепшая бібліятэка навучальнай установы” першае месца заняла навуковая бібліятэка Полацкага дзяржаўнага універсітэта. “Мы жывём у рэгіёне, дзе канцэнтрацыя хімічных і нафтахімічных прадпрыемстваў прыводзіць да забруджвання крыніц водазабеспячэння, атмасфернага паветра, глебы, — піша дырэктар бібліятэкі Ірына Дубко. — Таму пытанні экалогіі вельмі актуальныя для жыхароў полацкага рэгіёну. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць стварэння інфармацыйнага рэсурсу па экалогіі”. У выніку бібліяграфічнага даследавання ўсе матэрыялы экалагічнай тэматыкі, створаныя супрацоўнікамі, аспірантамі, студэнтамі ПДУ, а таксама з мясцовай перыёдыкі адлюстраваны ў базе даных “Краеведение”. Для шырокага распаўсюджвання сярод насельніцтва створана паўнатэкставая база даных на DVD “Проблемы экологии: полоцкий регион”. У электронны выгляд пераводзяцца матэрыялы, якія паступаюць з інфармацыйнага цэнтра Мінпрыроды, калекцыі падручнікаў па асновах экалогіі. На вэб-сайце арганізавана “Зялёная старонка”, дзе прадстаўлены “Даведнік па электронных рэсурсах навуковай бібліятэкі ПДУ” і “Даведнік экалагічных інтэрнэт-рэсурсаў”.
Як бачым, бібліятэкары шырока выкарыстоўваюць сучасныя электронныя тэхналогіі для распаўсюджвання экаінфармацыі. Стварэнне на базе бібліятэк агульнадаступных эколага-інфармацыйных цэнтраў, як у бібліятэцы ПДУ, дазволіць ім актыўна ўключыцца ў сферу прафесійнай прыродаахоўнай дзейнасці ў якасці яе інфармацыйнай інфраструктуры.
Другое месца ў гэтай намінацыі заняла бібліятэка Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Яго супрацоўнікі ведаюць, як зацікавіць юнага чытача праблемамі зямлі, на якой ён жыве, і навучыць з павагай ставіцца да прыроды. Сярод распрацовак бібліятэкі мяне асабліва зацікавілі шматлікія інфармацыйныя брашуры, выдадзеныя гэтым цэнтрам. Анатаваныя каталогі “Экология и мир”, “Сохраним родную природу”, “Как украсить мир цветами”, “Экологические игры” дапамогуць кіраўнікам адпаведных гурткоў хутка знайсці напрацоўкі калег, а каталог “Исследуем окружающую среду” будзе добрай падтрымкай для кіраўнікоў экалагічных праектаў і навукова-даследчых работ. Экалагічная фільматэка, сабраная ў бібліятэцы, перанясе юных эколагаў у багаты і разнастайны свет Белавежскай пушчы і Нацыянальнага парку “Нарачанскі”,  пазнаёміць з беларускімі балотамі і птушкамі. Фільмы “Живая вода” и “Невидимая жизнь растений”, энцыклапедыі “Птицы Европы” и “Природа Беларуси” — усяго больш за 33 назвы сабрана ў скарбніцы відэаматэрыялаў. У кінатэатры “Піянер” на працягу года бібліятэкары праводзілі кіналекторый “Усё аб усім: экалогія”. Тут прайшлі паказы экалагічнай моды “Другое жыццё рэчаў” і гістарычных мініяцюр “Старажытная Беларусь”, былі арганізаваны гульня-віктарына “Падарожжа ў краіну вады” і “Месячнік цішыні”, прысвечаны правілам паводзін у жывой прыродзе.
Яшчэ адзін цікавы напрамак работы бібліятэкі Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі — чытанне і аналіз экалагічных казак з вучнямі малодшых класаў. Калі вы не ведаеце, з чаго пачаць экалагічнае выхаванне дзяцей, звярніце ўвагу на гэты метад. Бібліятэкары выкарыстоўваюць казкі “Костер в лесу”, “Жемчуг” і “История капли” Ф.Крывіна, “Сова” і “Лесные домишки” В.Біянкі, “Мертвая вода” А.Караленкі...
На трэцім месцы — бібліятэка сярэдняй школы № 40 г.Магілёва, якая таксама знайшла свае арыгінальныя формы работы. У прыватнасці, каб зацікавіць чытача кнігамі экалагічнай тэматыкі, у бібліятэцы правялі цыкл гутарак “Падарожжа ў краіну лекавых раслін”, “Аптэка на градцы”, “Прырода і здароўе”, “Магія хатніх раслін”, “Чарнобыль — наш боль” і іншыя. Вучням 2—3-х класаў прапанавалі вусны часопіс “Падарожжа ў царства лесу” і гутарку “Чаму жаба не перашкаджае зязюлі”. Літаратурныя гульні, віктарыны, конкурсы, турніры, агляды літаратуры і чытанні — усё гэта не магло не паўплываць на экалагічную свядомасць юных чытачоў. Карыстаюцца папулярнасцю ў гэтай школе дзень сямейнага чытання, урокі дабрыні. Магілёўская бібліятэка імкнецца інфармаваць чытачоў пра экалагічнае становішча вобласці і горада, праводзіць работу па забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі насельніцтва. А для душы праводзілі бібліятэкары свята кветак “Квітнеючым садам стане зямля”. Дні птушак, Зямлі, лесу, вады, здароўя і жывёл, конкурсы газет і малюнкаў аб прыродзе, заняткі ў зімовым садзе — цяжка нават пералічыць усе напрамкі дзейнасці нераўнадушных людзей.
Гармонія прыроды і душы
У намінацыі “Лепшая абласная, гарадская і раённая бібліятэкі” на першым месцы — Мінская цэнтральная раённая бібліятэка раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Мінскага раённага выканаўчага камітэта.
Другое месца заняла гарадская дзіцячая бібліятэка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці. За шмат гадоў яе супрацоўнікі сабралі вялікую калекцыю раслін, якія ствараюць своеасаблівы экаінтэр’ер. Арганічна ўпісаліся ў фітадызайн бібліятэкі і кампазіцыі з прыроднага матэрыялу. Кожны прынесены з лесу цуд — непаўторны твор прыроды. Вось, напрыклад, экалагічная бярозка. На яе лістках напісаны зварот: “Ребята! Ветки не ломайте, деревья не калечьте, ни травинку, ни листочек зря не рвите”. Улетку каля бібліятэкі спыняецца кожны прахожы. Якія тут кампазіцыі з кветак! Знойдзены ў лесе корч ператварыўся ў цуда-пянёк “Лесавічок”. Як паказвае гэты вопыт, фантазія можа кампенсаваць адсутнасць вялікіх грошай.
Трэцяе месца ў гэтай намінацыі — у дзіцячай гарадской бібліятэкі імя С.Я.Маршака № 5 (філіял № 12) гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама. Адна з эфектыўных форм экалагічнага выхавання — непасрэдны ўдзел у прыродаахоўнай дзейнасці. З гэтай мэтай пры бібліятэцы ў 2001 годзе быў створаны клуб аматараў часопіса “Мир животных”. Члены гэтага клуба на працягу многіх гадоў актыўна ўдзельнічалі ў прыродаахоўных акцыях па зборы подпісаў, добраўпарадкаванні тэрыторый, а таксама ў конкурсах па стварэнні гняздоўяў для птушак, сустрэчах с прадстаўнікамі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2006 годзе клуб быў пераўтвораны ў школу экалагічнай культуры “Экалогія прыроды — экалогія душы”.
На свежае паветра
У намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка” першае месца заняла Мікалаеўская сельская бібліятэка раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці. Яе супрацоўнікі вылучыліся тым, што сумясцілі асветніцкую дзейнасць з экалагічным турызмам. У 2003 годзе ў бібліятэцы арганізавалі дзіцячы экалагічны клуб. Бібліятэкар Таццяна Дзікун праводзіла экскурсіі па наваколлі, і ўрокі на свежым паветры вельмі спадабаліся школьнікам. З 2006 года бібліятэка працуе па праграме спецкурса “Кнігатурысцяты”. Мікалаеўскія хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць бібліятэку не толькі дзеля таго, каб падрыхтавацца да ўрокаў і папоўніць свае веды, але і змястоўна правесці вольны час, рэалізаваць свае творчыя схільнасці. Яны праводзяць прыродаахоўныя акцыі, выпускаюць газеты, удзельнічаюць у экалагічных святах і вандроўках, дапамагаюць рыхтаваць тэатралізаваныя прадстаўленні для самых маленькіх наведвальнікаў бібліятэкі.
На другім месцы ў гэтай намінацыі — Махаўская сельская бібліятэка раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Магілёўскага райвыканкама. На трэцім — Залеская сельская бібліятэка цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Брэсцкай вобласці.
Акрамя таго, за шматгадовую плённую працу па выхаванні дзяцей і моладзі індывідуальнай прэміяй узнагароджана загадчыца аддзела абслугоўвання чытачоў малодшага школьнага ўзросту Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Таццяна Васільеўна Дзяменцьева. Усе пераможцы агляду-конкурсу будуць узнагароджаны грашовымі прэміямі і дыпломамі. Дыпломы атрымаюць таксама ўсе ўдзельнікі другога тура.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter