«Адна наша торба заменіць 400 магазінных пакетаў», — дзве мінчанкі стварылі экалагічную ініцыятыву, якая пазбавіць ад шкоднага пластыку

Эка яно як

Белыя, зялёныя, сінія, празрыстыя — усіх колераў і памераў пакеты — адны з самых звыклых атрыбутаў нашага жыцця. Мы іх купляем сотнямі і сотнямі выкідаем, не задумваючыся пра тое, што яны будуць раскладацца на палігоне сотні гадоў. А што, ёсць альтэрнатыва? «Так!» — адказваюць Аляксандра Кульбіцкая і Кацярына Арчакова, стваральніцы ініцыятывы «Торба-шоу». На сваіх майстар-класах яны паказваюць, як усяго за пару гадзін зрабіць экасумку — з бавоўны, бязі і паркалю, якая будзе служыць некалькі гадоў і ніколькі не пашкодзіць навакольнаму асяроддзю. Больш за тое — зэканоміць грошы і зробіць вас стыльнымі! Карэспандэнт «Рэспублікі» пашыла сабе экасумку і даведалася падрабязней пра незвычайную ідэю.

Саша i Каця: «Можна прыйсцi на майстар-клас, а калі няма часу, то набыць падарункавы наборчык-канструктар, дзе ёсць інструкцыя для торбы».
Фота аўтара

Дванаццаць такіх жа, як і я, чаляднікаў, жадаючых зрабіць сваімі рукамі экалагічную сумку, увайшлі ў светлае памяшканне, дзе пройдзе майстар-клас. Аляксандра і Кацярына запрашаюць за вялікі стол, дзе ляжаць нарыхтоўкі будучых торбаў. Але для пачатку — уступнае слова: чаму варта адмовіцца ад пластыкавых пакетаў у карысць торбаў з тканіны?

— Вось звычайны пакет з крамы — пластыкавы, ён раскладаецца сотні гадоў. Яго дробныя часціцы трапляюць у грунтовыя воды, затым у моры і акіяны, ад чаго пакутуе ўсё жывое, — распавядае Аляксандра. — А гэта папяровы пакет — раскладаецца хутка, але ўсе мы разумеем, што ён зроблены, па сутнасці, з дрэва. І вось фасовачны біяраскладальны пакет з кукурузнага крухмалу — прывезла яго з Францыі. Такія пакеты там кампастуюцца.

Пластыкавыя пакеты ў крамах можна набыць за 15—40 капеек. Але ў сярэднім за 30. Дробязі жыцця? Але калі ўявіць, што купляем мы іх часта, то капейка да капейкі — і вось ужо рубель не збераглі. Кацярына дапаўняе:

— Перад вамі будучыя «пакеты» з паркалю, бавоўны, якія можна выкарыстоўваць некалькі гадоў — яны заменяць вам каля 400 пакетаў.

Да справы! Нам спатрэбіцца: адрэз тканіны — 50 на 70 сантыметраў, 4,5 метра нітак мулінэ, лінейка, аловак, нажніцы, іголка і шпількі, стужкі для лямак сумкі, на фінішы — матузкі для завязак зверху торбы. Усё рабіць будзем сваімі ручкамі — і гэта самае цікавае. Шыць не так ужо і цяжка, бо дзяўчынкі — Саша ды Каця — загадзя зрабілі ўсё асноўнае. Нам застаецца атрымліваць асалоду ад апрацоўкі: падгарнуць, прашыць розныя бакі, замацаваць месцы, дзе трымаюцца лямкі, прымацаваць да торбы матузкі ды іншае. За сталом ужо ўзнікла пытанне: а колькі вытрымае торба? Кацярына жартуе: «Правяралі: шэсць кілаграмаў бульбы — спакойна трымае». Пакуль корпаемся са сваiмi торбамi з суседкай Алай, Саша і Каця расказваць, як яны — радыёжурналістка і спецыяліст па міжкультурных камунікацыях — вырашылі гэтым займацца.

— На пачатку ўніверсітэта я хадзіла ў экалагічную школу на курсы. Нас адвезлі на палігон, дзе я ўбачыла горы смецця. І больш за ўсё мяне спалохалі пакеты — незлічоная колькасць, — узгадвае самы пачатак праекта «Торба-шоу» Аляксандра. — Мамачкі, чаму людзі карыстаюцца імі і не разумеюць, што потым будзе?! Чаму пужаюць Бабай-ягой, а не пакетам?»

Як жартуюць дзяўчынкі, якім усяго каля 25 гадоў, праект «Торба-шоу» пачаўся са зваротаў да сяброў: «Не бярыце пакеты!» І толькі потым, калі Саша ўзгадала, што Каця добра шые, прапанавала ўзяцца за торбы для ўсіх. Так з’явіліся ініцыятыва і назва, якая складаецца са слова «торба» (так часцей усе называюць тыя сумкі, якія носяць бабулі) ды слова «шоу»: майстар-класы — гэта шоу-мерапрыемствы, дзе людзі п’юць каву, гарбату ды робяць цікавую рэч пад гісторыі і жарты Каці і Сашы.

Першы іх занятак па шыцці быў для сяброў, а пасля людзі ў сацсетках сталі далучацца так актыўна, што дзяўчынкі зразумелі: «Або аддаём увесь час гэтай справе, або адказваемся». Яны сышлі са сваёй працы і сталі ладзіць адукацыйна-вытворчыя мерапрыемствы, зараз рэгіструюцца афіцыйна, каб рабіць шмат торбаў на продаж. У планах дзяўчат вырабляць торбы розных памераў, дызайну на вытворчасці. Будуць рабіць і «фруктоўкі» — торбы для садавіны і гародніны. Але майстар-класы застануцца. Тут жа свая атмасфера! Праводзяць «шоу» не толькі ў Мінску. Хутка паедуць у Барысаў, Гомель, Бабруйск, Гродна, Баранавічы, Брэст, Магілёў. Дарэчы, майстар-класы — бясплатныя. Можна пакінуць любыя грошы — «данэйшн» (donation — узнагароджанне, добраахвотнае ахвяраванне) на тое, каб адбыліся наступныя майстар-класы.

— На майстар-класе ў Віцебску хлопец сказаў: «Гэта ж не проста сумка, а торбачка з філасофіяй», і гэта вельмі прыемна, — дапамагае зрабіць маю першую ў жыцці торбу Саша. — А ў Салігорску да нас прыйшлі жанчыны, якія працуюць у супермаркеце ў аддзеле закупак: яны купляюць тысячы пакетаў для магазіна. Вы не ўяўляеце, як яны былі ўражаны тым, колькі пасля застаецца пластыкавага смецця…

Асноўная аўдыторыя майстар-класаў — моладзь ад 18 да 28 гадоў, яны задумваюцца аб экалогіі. Да таго ж карысныя звычкі — гэта модна ў наш час. Але дзяўчаты нагадваюць: старэйшае пакаленне мае іх куды больш. Яны часцей выкарыстоўваюць адзін пластыкавы пакет — носяць з сабой, эканомяць. А для бабуль такія сумкі з тканіны — наогул не навіна.

— Калі бачым торбы ў горадзе, асабліва нашы, — скачам да неба ад шчасця, — напрыканцы заняткаў, правяраючы, як завяршаюць працу вучні, гаворыць Каця і кожнаму ласкава ківае: — Добрая сумка! З абноўкай! — Саша дапамагае прыгожа скласці маю новую рэч, каб была кампактнай — у далоні змяшчалася. — А яшчэ нам пішуць, расказваюць, як хто выкарыстаў свае торбы. Нас гэта натхняе працягваць сваю справу.

alinakasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter