«Эфект матылька»

Алёна Ланская на «Еўрабачанні-2013» выступіць пад нумарам 11

Алёна Ланская на «Еўрабачанні-2013» выступіць пад нумарам 11

Арганізатарамі «Еўрабачання-2013» абвешчаны канчатковы парадак выступленняў выканаўцаў у паўфіналах міжнароднага конкурсу песні. Афіцыйны прадстаўнік Беларусі Алёна Ланская з кампазіцыяй «Solayoh» выйдзе на сцэну ў першым паўфінале 14 мая пад нумарам 11, паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Нагадаем, у гэтым годзе прадзюсары «Еўрабачання» адмовіліся ад традыцыйнай жараб`ёўкі. Парадак выступлення ўдзельнікаў вызначалі рэжысёры шоу з тым, каб зрабіць яго больш цікавым і відовішчным.

«Мы хочам, каб кожная песня заззяла», — патлумачыў гэтае рашэнне арганізатараў выканаўчы дырэктар конкурсу Йон Ола Санд у час нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц «Еўрабачання-2013».

Разам з Алёнай Ланской 14 мая ў першым паўфінале выступяць выканаўцы з Даніі, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпра, Чарнагорыі, Бельгіі і Малдовы.

У другім паўфінале, які адбудзецца 16 мая, будуць спаборнічаць прадстаўнікі Латвіі, Азербайджана, Мальты, Ісландыі, Сан-Марына, Македоніі, Фінляндыі, Балгарыі, Ізраіля, Нарвегіі, Албаніі, Венгрыі, Швейцарыі, Грузіі, Арменіі і Румыніі.

Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія на правах краін — арганізатараў конкурсу і Швецыя, як пераможца мінулага года, трапляюць у фінал аўтаматычна. Фінал запланаваны на 18 мая.

Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2013», сёлета 58-ы па ліку, пройдзе ў шведскім горадзе Мальмё. Усяго ў папулярным песенным шоу ўдзельнічаюць 39 краін.

Лагатыпам «Еўрабачання-2013» абраны рознакаляровы матылёк, галоўная ідэя конкурсу — «Мы адзіныя» («We are one»). Як тлумачаць выбар арганізатары, матылькі маюць адно агульнае імя, але іх існуе тысячы розных формаў і колераў. Гэтак жа і «Еўрабачанне» — адзінае цэлае, багатае нацыянальнымі адрозненнямі. Конкурс параўноўваюць з такім феноменам, як «эфект матылька», калі нязначная падзея, напрыклад узмах крылца матылька, можа выклікаць магутныя непрадказальныя наступствы, у тэорыі — стаць пачаткам урагану. Так і звычайны песенны конкурс стаў падзеяй, якая прываблівае да сябе больш за 100 мільёнаў людзей усіх узростаў у больш чым 40 краінах па ўсім свеце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter