У Мінску пачалася пракладка Паўднёвай магістралі

Едзьце з мiрам

Новая дарога пройдзе ўздоўж чыгункі, злучыць вуліцы Валадзько і Асаналіева, акрамя таго, падчас будаўніцтва комплексу-«Мінск-Мір» стане дублёрам вуліцы Кіжаватава, а ў перспектыве выйдзе на кальцавую аўтадарогу і стане элементам трэцяга транспартнага кальца.


Шырокая і шматфункцыянальная

— Калі тэрыторыя цяперашняга аэрапорта «Мінск-1» пачне інтэнсіўна забудоўвацца, закрыцця вуліцы Кіжаватава не пазбегнуць, — мяркуе Сяргей Селюжыцкі, намеснік начальніка БУ-72 ААТ «Трэст № 15 «Спецбуд». – Каб перанакіраваць патокі машын у цэнтр, патрэбны іншы шлях. Потым магістраль стане дарогай, якая будзе абслугоўваць транспартныя патрэбы комплексу «Мінск-Мір», а таксама злучыць Кастрычніцкі і Ленінскі раёны і дазволіць скараціць шлях у цэнтр горада.

Большая частка магістралі агульнай працягласцю 2,468 км будзе мець шэсць палос руху – па тры ў кожны бок з двухметровай раздзяляльнай. Бліжэй да вуліцы Сярова, дзе рух менш інтэнсіўны, стане чатырохпалоснай. Такая ж буйная транспартная артэрыя з часам пройдзе праз цэнтр сённяшняй тэрыторыі аэрапорта і падзеліць комплекс на дзве вялікія часткі. Але гэта будзе пазней, пасля зносу будынкаў аэрапорта, які даўно ўжо не прымае паветраныя судны, і пераносу за горад авіярамонтнага завода.

Побач з чыгункай з'явіцца развязка са з'ездам з вуліцы Валадзько і Паўднёвай магістралі на Аэрадромную.

Рака стварае цяжкасці

Інтэнсіўная праца вядзецца на працягласці ўсёй магістралі, ад вуліцы Валадзько да Асаналіева. Самы складаны ўчастак, на думку Сяргея Мікалаевіча, нізіна вакол рэчышча Лошыцы:

— Месца забалочанае, доступ да яго цяжкі, асабліва ўлічваючы сённяшняе надвор’е. Зараз там выбіраюць торф, замест яго засыпаюць пясок. Пасля пракладкі і рамонту ўсіх інжынерных сетак тут будзе зроблены насып вышынёй 7—8, а месцамі 12 метраў, які злучыць нашу магістраль з вуліцай Сярова.

Дарэчы, уваходзіць у праект будаўніцтва новай дарогі і поўная мадэрнізацыя дыспетчарскай станцыі «Сярова». Ужо зараз тут ідзе рэканструкцыя разваротнага кола з улікам таго, што па маршруце ходзяць электробусы. Для іх прадугледжана падзарадная станцыя.

Сяргей СЕЛЮЖЫЦКІ ведае ўсе падрабязнасці будаўніцтва новай дарогі

Каб пазбегнуць затаплення Паўднёвай магістралі падчас моцных дажджоў, для яе будуюць новую ліўневую каналізацыю. Усе яе лініі накіруюць пад ухілам у мікратунэль пад дарогай. Стартавы катлаван для яго ўжо вырыты, а з 1 снежня пачнецца пракладка тунэля, які адрозніваецца ад метро толькі памерамі – 1600 мм у дыяметры. Нават прынцып праходкі такі ж самы: да пярэдняй часткі спецыяльнага комплексу пад напорам падаецца вада, якая размягчае глебу, тая ж выбіраецца і падаецца наверх. З тунэля вада паступіць у ачышчальныя збудаванні, якія пашыраць і абновяць. Катлаван для іх таксама ўжо гатовы, а абсталяванне закуплена. Ачышчаную ваду будуць скідаць у раку Лошыца. Для яе рэчышча пад магістраллю прадугледжана маналітнае водапрапускное збудаванне памерам 6 на 6 метраў.

Суседства з чыгункай

Транспартная развязка са з’ездам з вуліцы Валадзько і Паўднёвай магістралі на Аэрадромную ўзводзіцца побач з чыгункай і таму патрабуе ўмацавання адкосаў палатна. Ужо ўстаноўлены страховачныя пакеты – спецыяльныя ме­талаканструкцыі, якія надзяваюцца на рэйкі, каб іх не «павяло» падчас бурэння. Буравыя ўстаноўкі ўзмацняюць адкосы нахільнымі і вертыкальнымі цэментава-грунтавымі палямі. З боку Чэрвеньскага рынку іх будзе 143, з супрацьлеглага – 68.

Адначасова рабочыя высыпаюць «падушку» для будучай вуліцы і перакладаюць інжынерныя сеткі.

— Для зручнасці пешаходаў і пасажыраў станцыі Мінск-Паўднёвы пад магістраллю працягнуць існуючы сёння падземны пераход. Зараз рабочыя займаюцца падмуркам пад гідраізаляцыю вырытага для яго катлавана, — прыводзіць новыя падрабязнасці Ігар Андрэйчыкаў, галоўны інжынер КУП «Гардарстрой».

Паўднёвую магістраль плануецца пракласці ў вельмі кароткі для такога маштабнага будаўніцтва тэрмін – усяго за 15 месяцаў. Таму праца на аб’екце літаральна кіпіць, а падрыхтоўчы і асноўны этапы сумешчаны. Пакуль адны рабочыя займаюцца падушкай пад дарожнае «адзенне» – высыпаюць пясок, шчэбень, гравій, ставяць борцікі і рыхтуюцца да кладкі асфальту, іншыя перакладваюць, рамантуюць інжынерныя сеткі, якіх у гэтым раёне вельмі шмат.

Новая магістраль абяцае быць вельмі прыгожай, а галоўнае, сучаснай і карыснай: звяжа вуліцу Валадзько з кальцавой, што скароціць шлях да цэнтра, а таксама разгрузіць выезды і ўезды на яе ў магілёўскім і гомельскім напрамках.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter