Едзем лячыцца ў сталiцу гумару!

Амаль 500 артыстаў i каля 30 тысяч гасцей з усiх куткоў Беларусi i з-за яе межаў збярэ сёння V усебеларускi фестываль народнага гумару “Аўцюкi-2006”.


Пасля першага фестывалю гумару, што прайшоў у Аўцюках адзiнаццаць гадоў таму, мястэчка, што ў Калiнкавiцкiм раёне, ператварылася ў сапраўдную сталiцу гумару. Гэта “званне” яно не губляе i запрашае 21—22 лiпеня ўсiх, хто любiць смяяцца, на вясёлае гульбiшча.
— Такiя фестывалi ўздымаюць той фальклорны пласт культуры, якi вельмi да душы кожнаму чалавеку, таму iх справядлiва называюць народнымi, — расказвае старшыня журы фестывалю, галоўны рэдактар часопiса “Вясёлка”, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускi дзiцячы фонд” Уладзiмiр Лiпскi. — Чалавеку, якi не разумее гумару, мне здаецца, вельмi цяжка жыць на свеце. Анекдоты, жарты, прыпеўкi — гэта якраз тыя цудадзейныя лекi, што дапамагаюць ад розных хвароб i не выклiкаюць нiякiх пабочных дзеянняў! Фестываль таксама прызваны накапiць i сiстэматызаваць народную творчасць, падтрымаць маральна калектывы гумару.
Пачнецца фестываль адкрыццём мiжнароднага аэрапорта “Аўцюкi”, якi прыме незвычайных гасцей. А потым будзе закладзены камень на месцы магчымага будаўнiцтва музея народнага гумару, якi, як мяркуюць арганiзатары свята, па сваiх размахах пераўзыдзе хвалёныя Габрава i Сарачынскi кiрмаш.
У першы дзень калектывы народных тэатраў i гумарыстаў з усiх рэгiёнаў Беларусi будуць спаборнiчаць у конкурсе на лепшую прыпеўку i анекдот. Упершыню ў фестывалi прымуць удзел прадстаўнiкi дыяспар краiны. Прыедуць таксама госцi з Расii i Украiны. Адной з цэнтральных падзей фестывалю стане спаборнiцтва трох беларускiх сталiц гумару — Аўцюкоў (Гомельская вобласць), Спорава (Брэсцкая вобласць) i Дубiна (Мiнская вобласць). Як адзначыў Уладзiмiр Лiпскi, здагадацца, хто ж пераможа, вельмi цяжка.
Акрамя таго, удзельнiкi свята змогуць пагуляць на вяселлi беларускiх герояў Каласка i Калiнкi. Каласок жыве ў Малых Аўцюках, яго сваякi — у Вялiкiх Аўцюках. У першы дзень фестывалю журы правядзе агледзiны гаспадаркi жанiха i яго сваякоў.
На другi дзень усе госцi свята накiруюцца ў раённы цэнтр Калiнкавiчы, якi на час правядзення фестывалю абвешчаны прыгарадам Вялiкiх i Малых Аўцюкоў. Скончыцца свята гумару феерверкам i начной дыскатэкай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter