Эдуард Зарыцкі: “Умею радавацца чужому поспеху і нікому не зайздрошчу”

Папулярны кампазітар Эдуард Зарыцкі, які нядаўна адзначыў 70-гадовы юбілей, увесь час чаму-небудзь вучыцца
Папулярны кампазітар Эдуард Зарыцкі, які нядаўна адзначыў 70-гадовы юбілей, увесь час чаму-небудзь вучыцца. Вось і V творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, дзе ён быў старшынёй журы, — своеасаблівая форма шліфоўкі, як сам прызнаўся, яго асабістага прафесіяналізму.


Конкурс “Маладыя таленты Беларусі” — з’ява ўнікальная. Ён ахоплівае ўсе напрамкі музычнага мастацтва, аб’ядноўваючы вакальных выканаўцаў, інструменталістаў і харавыя калектывы. Юнакі і дзяўчаты з’язджаюцца з усіх куткоў Беларусі, каб прадэманстраваць таленты. Дарэчы, пасля завяршэння конкурсу творы пераможцаў у выкананні саміх лаўрэатаў гучаць па радыё на працягу ўсяго года! Да таго ж тыя, хто заняў прызавыя месцы, атрымліваюць магчымасць стаць стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёлета на конкурс падавалася каля трохсот заявак. Сотня маладых людзей ушанавана ўзнагародамі.

Падобныя творчыя спаборніцтвы — не проста займальнае відовішча. Яны дазваляюць ацаніць узровень, на якім знаходзяцца маладыя выканаўцы ў кантэксце сусветнага музычнага мастацтва і яго сучасных тэндэнцый. Але меркаваць аб тым, зразумела, могуць толькі прафесіяналы з багатым досведам, тыя, дзякуючы каму з году ў год мы даведваемся пра новыя імёны на беларускай эстрадзе.

Адзін з іх — Эдуард Зарыцкі. Ён ўзначальвае аўтарытэтнае журы “Маладых талентаў”, у якое ўваходзяць таксама вядомыя артысты, кампазітары, рэжысёры і прадзюсары. Да таго ж ў яго багаты “судзейскі” досвед і на іншых конкурсах, у тым ліку і на дзіцячым “Еўрабачанні”. Народны артыст Беларусі, кампазітар, дырыжор, намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў — гэта ўсё пра майго суразмоўцу.

Эдуард Зарыцкі напісаў мноства музычных твораў. Сярод іх сімфоніі, сюіты, канцэрты, больш за шэсцьсот песень, якія выконвалі вядомыя беларускія і расійскія спевакі на прасторах СНД і за мяжой, а таксама музыка да драматычных спектакляў і кіно. Ён шмат піша для Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга. У рабочы час папулярнага кампазітара можна знайсці ў офісе гэтага калектыву або ў зале для рэпетыцый. Што я і зрабіла, абгрунтаваўшы неабходнасць сустрэчы сваім жаданнем разабрацца ў тым, наколькі важныя падобныя конкурсы, пасля якіх чамусьці далёка не ўсе пераможцы ўтрымліваюцца на музычным Алімпе. Гаварылі мы і пра самога кампазітара: юбілей да таго абавязвае.


— Конкурс “Маладыя таленты Беларусi” ярка ілюструе, як многа таленавітай моладзі, якая жадае спяваць. Чаго ж нам не хапае, напрыклад, для перамогі на “Еўрабачанні”? Як лічыце, Эдуард Барысавіч?


— “Еўрабачанне” — вялікая латарэя. Часам песня падабаецца прафесіяналам, але яе не выбіраюць гледачы. Бывае і наадварот. Густы публікі часцяком непрадказальныя. Вы памятаеце датчанку Эмілі Форэст, пераможцу “Еўрабачання-2013”? Басаногая, з раскошнымі валасамі і з не менш раскошным вакалам, яна заваражыла ўсіх… А вось чым узяла Еўропу ў 2006 годзе рок-група “Лордзі” з Фінляндыі, мне зразумець цяжка. Хоць дапускаю: камусьці цяжкі рок падабаецца. Вядома, сучасная моладзь да яго прывыкла. І нават імкнецца на канцэрты, гукі з якіх мне асабіста нагадваюць паравы молат. Але немагчыма ўвесь час харчавацца “фаст-фудам” — можа жывот разбалецца. Так і ў музыцы...

— Цяпер многія складаюць вершы і пішуць музыку, самі яе аранжыруюць і выконваюць таксама самі. Добра гэта ці дрэнна?

— На жаль, цяпер модна пісаць музыку, не ведаючы нот. Маладыя людзі гэтым нават ганарацца. Маўляў, мы не трацілі гады на вывучэнне музычнай граматы, не “пілавалі” скрыпку. Добра гэта ці дрэнна? Хутчэй ні тое, ні другое, проста дадзенасць. Але, пагадзіцеся, такія самапальныя песні ніколі не стануць “Падмаскоўнымі вечарамі” або “Кацюшай”, якую ўсе спяваюць дзесяцігоддзямі. Хочаш не хочаш, але давядзецца прыкладаць намаганні, каб дасягнуць пэўных вышынь і стварыць, што называецца, якасны прадукт. Гэта я вам, як гультай, гавару.

— Асмелюся выказаць здагадку, што званне народнага артыста вы атрымалі ўсё ж не за ляноту…


— Усе адкрыцці робяць гультаі. Хто вынайшаў пыласос? Відавочна хранічны гультай, якому хацелася хутчэй пазбавіцца ад пылу. Так і я: паставіў перад сабою задачу, скажам, напісаць песню, а вырашаць хто тое будзе? Акрамя мяне — няма каму, таму і хачу хутчэй яе вырашыць. Але жыццё зноў нешта падносіць, і я зноў імкнуся закончыць справу як мага хутчэй. І так — бясконца! З гадамі зразумеў: вось такая мая “лянота” мне падабаецца.

— Вам, як прафесіяналу, напэўна, няцяжка распазнаць талент у маладым выканаўцу?

— Зусім не. Гэта вялікая праца для цэлай каманды! Гледзіце нашу тэлеперадачу “Акадэмія талентаў”? Мы імкнёмся вызваліцца ад суб’ектывізму. Вядома, глядзім і на вакальныя дадзеныя, і на артыстызм, раімся, спрачаемся, прагназуем: як можа ў будучыні развіцца той ці іншы выканаўца. Таксама цікавімся, якое асяроддзе яго сфарміравала. Нехта прыходзіць, як гаворыцца, “з вуліцы”. Але такіх мала. Больш падрыхтаваных. Так, часта талент раскрываецца ў чалавеку дзякуючы збегу абставінаў. Але хтосьці павінен падказаць, даць наказ, дапамагчы... Так, да прыкладу, важным фактарам, які вызначыў маю прафесійную будучыню, сталі музычна адукаваныя бацькі. Маці спявала, бацька іграў на трамбоне. У доме ніколі не было цішыні. Я чуў жывыя гукі музыкі ад нараджэння. Таму ўсім будучым маці настойліва рэкамендую спяваць песні сваім малышам, і нават калі яны яшчэ ва ўлонні маці.

— З якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы? Перамога ж на конкурсе не з’яўляецца гарантыяй поспеху ў кар’еры?

— Так, праблемы ўзнікаюць. І ў пераможцаў, і ў тых, хто не заняў першае месца. Па ўмовах многіх конкурсаў пераможца павінен быць адзін, хоць у першай пяцёрцы або нават дзясятцы выканаўцы маюць роўныя шанцы. У выніку, калі прыз дастаецца некаму аднаму, за кулісамі разыгрываецца драма. Маці рыдае: “Чаму не маё дзіця выйграла?!”. Потым гэтае дзіця, вельмі таленавітае, знікае са сцэны. Чаму? Магчыма, яно туды і не імкнулася. Ёсць іншая сітуацыя: у выканаўцаў фарміруецца комплекс няўдачнікаў пасля некалькіх паражэнняў. І такія таксама знікаюць у “нікуды”. Шмат нюансаў на нашай “кухні”. Што цікава, раней было па-іншаму: тыя, хто займаў другія і трэція месцы, часам паспяхова раскручваліся і станавіліся папулярнымі, а пераможцы выпадалі з поля зроку...

Вядома, ёсць яшчэ і фінансавая праблема. Да прыкладу, у гады маёй маладосці можна было знайсці бясплатную гуказапісвальную студыю. На радыё песні не толькі прымалі, але яшчэ і плацілі за іх. Цяпер жа хлопцам і дзяўчатам прабіцца цяжэй.

— Такім чынам, усёабдымнай любові да мастацтва відавочна не хопіць, каб трапіць на вялікую сцэну...


— Гісторыя ведае розныя прыклады. Успомніце Ганну Герман або Эдзіт Піяф... Я ўпэўнены, калі музыка — прызванне, то яна выведзе на правільную дарогу.

— Якія ж якасці павінны як мінімум быць у маладым выканаўцу, каб, як вы гаворыце, у будучыні ён мог адбыцца як артыст?


— Для поспеху ў музычным свеце важная настойлівасць. І, вядома, трэба ўвесь час чаму-небудзь вучыцца. І я, дарэчы, працягваю ахвотна вучыцца, таму знаходжуся ў творчым тонусе. Смешна ўспамінаць, як у дзяцінстве іграў на музычных інструментах “з-пад палкі”. Як гаварыў Міхаіл Жванецкі: “Скрыпка — крохкі кавалачак фанеры, а колькі юных жыццяў загубіў” (смяецца). Але гэта не пра мяне. У музычным вучылішчы мне ўжо захацелася напісаць нешта сваё. У шаснаццаць гадоў у мяне быў свой першы эстрадны аркестр, які складаўся з такіх жа маладых хлопцаў, як я. Потым працаваў у Тэатры юнага гледача дырыжорам, пісаў музыку для спектакляў. Ці ведаеце, дзеці — асаблівая публіка: фальш адчуваюць з ходу. Як быў салдатам тэрміновай службы, напісаў песню для ваенных. А ў часы гастроляў з камандай КВЗ мне даводзілася ствараць нешта новае кожную раніцу. Увечары я ўжо чуў, як у зале рэагуюць на маю музыку. У той перыяд жыцця сфарміраваліся мае ўяўленні аб тым, якія песні падабаюцца нашай публіцы.

— А як успрымаюць вашу музыку за мяжой?

— Я заўважыў адзін парадокс: на маіх канцэртах і ў Беларусі, і ў Заходняй Еўропе ўсе рэагуюць аднолькава на адзін і той жа музычны фрагмент. Але ж замежнікі, скажаце, не ведаюць мовы, не разумеюць сэнсу песень!.. Чаму ж так адбываецца? Што іх кранае? Гэта для мяне загадка. Магу выказаць здагадку, што ў беларускіх кампазіцыях ёсць нейкі асаблівы меладызм — калі чуеш пару нот, і ў свядомасці ўжо гучыць цэлая гармонія. Калі па першай музычнай фразе адгадваецца ўся песня. Магчыма, глядач адчувае гэта. Бо публіка заўсёды рэагуе на вядомыя рэчы.

— Якія вашыя крытэрыі паспяховасці?

— Мне падаецца, я маю поспех, перш за ўсё, таму, што ўмею радавацца чужому поспеху і нікому не зайздрошчу. Так было змоладу. Гэта цэлае мастацтва, талент — не жадаць чужога. Калі ў кагосьці нешта лепш атрымліваецца, то лепш, паўтаруся, парадавацца за яго. А для мяне стымул — больш старацца. Але вышэйшай ступенню народнага прызнання лічу, калі на ўрачыстым парадзе ў цэнтры Мінска або іншага горада замест марша іграюць маю песню “Дзень Перамогі”.

— У вас, ды і ў многіх іншых кампазітараў, пераважаюць песні пра каханне... Хіба няма іншых тэм?

— Каханне — рухаючая сіла самога Жыцця, знак зараджэння ўсяго жывога. Гэта ўсёабдымнае пачуццё. Як жа без яго?.. Я магу гэта выказаць у музыцы. А яна для мяне — усё! Я палюбіў музыку з самага нараджэння і не магу разлюбіць дагэтуль. Мне падабаецца сам працэс напісання песень. І калі не адразу атрымліваецца, і калі адчуваю, як быццам нехта зверху мне дыктуе ноты. Тады я саджуся і адразу пішу чыставік.


Дарэна Ігнаценка, адна з пераможцаў конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, студэнтка каледжа мастацтваў:


— Я мела досвед працы бэк-вакалісткай і здымалася ў тэлевізійным праекце “Акадэмія талентаў”, але ніколі не выходзіла на конкурс такога ўзроўню. Калі ён пачаўся, увечары ў тэленавінах пачула, што беларускае радыё гэтым конкурсам стварае канкурэнцыю рэйтынгавым спевакам. Нас праслухоўвалі такія мэтры, як Эдуард Зарыцкі, Эдуард Ханок, Аляксандр Ціхановіч… Таму было крыху страшнавата. Вядома, я ўзрадавалася б нават трэцяму месцу. Але вынікі перасягнулі спадзяванні! Званне лаўрэата ІІ ступені надае мне больш упэўненасці ў жаданні працягваць займацца любімай справай. Не сумняваюся, што такі конкурс патрэбны.

Вікторыя Алешка, член журы конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, артыстка Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады:

— У маім жыцці было ўсяго толькі чатыры конкурсы. На двух я ўзяла Гран-пры, на астатніх — нічога не выйграла. Гэты факт ніяк не першкаджае мне сёння працягваць выступаць на сцэне і адчуваць сябе творча рэалізаванай. Часта вельмі таленавітыя людзі не атрымліваюць прызавых месцаў, што іх стымулюе да далейшай “барацьбы” і развіцця. Ёсць такое паняцце — “конкурсны спявак”, якім я сябе не лічу. Гэта калі выканаўца добры выключна ў конкурсах. Голас шыкоўны, і ўсё ў яго выдатна атрымліваецца, але як артыст... А мне асабіста вельмі важна адчуваць харызму, энергетыку спевака. Напрыклад, Марк Бернэс не меў шырокага галасавога дыяпазону, але закрануў кожнае сэрца.

Аліса Красоўская
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости