Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пад Віцебскам, пры былым маёнтку ў Вялікіх Лётцах вучоны-батанік з Пецярбурга сабраў у 20-я гады мінулага стагоддзя ўнікальную калекцыю раслін з розных кліматычных зон

“Эдэмскі сад” Уладзіміра Адамава

Знайсці райскі сад на Зямлі марылі многія. У пошуках экзотыкі адны адпраўляўся ў далёкія паўднёвыя краіны, другія — у паломніцтвы да святых месцаў. Нехта ж спрабаваў ствараць райскія мясціны ўласнымі рукамі: там, дзе дазваляюць жыццёвыя абставіны. Такую задуму на пачатку XX стагоддзя ўвасабляў у жыццё й вядомы на той час вучоны-батанік Уладзімір Адамаў, ствараючы свой “эдэм” пры маёнтку ў Вялікіх Лётцах.

Міхаіл Дук і ўдзельнікі “Адамаўскага фэсту”

Магчыма, вы чулі такую назву: Вялікія Лётцы. Гэта вёска ў прыбярэжжы аднайменнага возера, у адным з найпрыгажэйшых месцаў Віцебшчыны. Паводле адной з версій, назва паходзіць ад імя паганскага бога Летавіцы, які ў выглядзе зоркі-знічкі спускаўся на Зямлю, прымаў вобраз юнака ці дзяўчыны, потым зачароўваў прыгажосцю любога, хто яго ўбачыць. А вырвацца з тых чараў Летавіцы можна было толькі пры дапамозе розных зёлак — лекавых траў. Вось у такім, адухоўленым першавераю мясцовага люду, краі на пачатку XX стагоддзя Уладзімір Адамаў пачаў сваю падзвіжніцкую працу. Пра тое нам распавёў мясцовы краязнаўца Міхаіл Дук.

Адамаў і яго батанічны праект

Будучы батанік нарадзіўся ў Пецярбурзе ў 1875 годзе. Пасля заканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта пераехаў жыць у маёнтак Вялікія Лётцы, які належаў ягонаму бацьку з 1878 года. Там і пачаў больш дасканала вывучаць лекавыя травы. Унікальны склад глебаў, вады ў непаўторных па прыгажосці беларускіх мясцінах падштурхнулі піцерца да развагаў пра стварэнне саду: каб у ім былі расліны з розных кліматычных зон. Калі пачалася праца, то насенне ўсё новых відаў раслін Уладзіміру Адамаву дапамагалі атрымліваць яго аднакурснікі, потым падключыліся вядомыя еўрапейскія батанікі Я. К. Кесельрынг, К. Н. Вагнер, Р. Ф. Німан ды супрацоўнікі прэстыжных батанічных садоў Расіі, Парыжа, Варшавы, Рыгі. Справа рухалася. Да 1910 году ў садзе Адамава, сведчаць архіўныя дакументы, было ужо 344 віды драўняныя, 664 травяністых і паўхмызняковах раслін. Сярод іх — калекцыі раслін-альбіносаў, пярэсталісныя дрэвы й хмызнякі з лісцем, пакрытым рознымі па велічыні-форме плямамі, пястрынкамі, палоскамі. У беларускіх Вялікіх Лётцах праходзілі акліматызацыю многія віды лекавых раслін з Азіі, Заходняй Еўропы.

Да канца 1924 году лік экзатычных лекавых, тэхнічных, ягадных ды іншых раслін у тым “эдэме” Адамава ўжо ішоў на тысячы! У садзе прыжыліся расліны, многіх з якіх і па гэты час няма ў батанічных калекцыях Беларусі. Збіралася й велізарная калекцыя насення, якім вучоны ўжо сам абменьваўся з батсадамі, у тым ліку й замежнымі. Працаваў у Вялікіх Лётцах і батанічны музей. Але ж то быў не лепшы час для грандыёзных праектаў. Спачатку здзяйсненню далейшых планаў вучонага перашкодзіла Першая сусветная вайна, потым накаціліся іншыя, не менш сур’ёзныя абставіны.

Калі пачалася вайна, Уладзімір Адамаў пайшоў на фронт. Выжыў, вярнуўся ў Вялікія Лётцы, зноў паспрабаваў займацца садам. Але ж новая ўлада не дала працаваць навукоўцу з дваранскім радаводам. Спачатку ў яго рэквізавалі частку дома: для патрэб сірот вайны. Затым і ўнікальны сад перадалі “народу”: на баланс сельскагаспадарчай акадэміі. Сам Уладзімір Адамаў, баючыся “чырвонага пераследу”, перабраўся ў Мінск, заняўся вывучэннем палескіх балот. А ў 1935-м з-за хваробы пакінуў Беларусь, пераехаў да сяброў у Крым, дзе праз чатыры гады й памёр. Без належнай увагі неўзабаве “памёр” і сад Адамава. На сёння там, сцвярджае Міхаіл Дук, маўклівымі сведкамі былой раскошы засталіся асобнікі серабрыстай таполі, зараснікі бэзу венгерскага, маліны духмянай.

Шанец усё змяніць

Прайшло амаль сто гадоў. А сад, як вядома, насялялі далікатныя жывыя арганізмы, для Беларусі нетыповыя. Ці магчыма “другое жыццё” саду Адамава? Планы адрадзіць былую прыгажосць калісьці знакамітай на ўсю Еўропу сядзібы вучонага, прылеглага да яе саду мае дырэктар Лётчанскай школы — разам з вучнямі. Ён спадзяецца, што да праекта будзе інтарэс у грамадстве. “Уладзімір Адамаў пакінуў значны след у развіцці не толькі саду, але й нашых Вялікіх Лётцаў, — гаворыць Міхаіл Дук. — Ягонае імя было занесена ў спіс 100 найбольш аўтарытэтных батанікаў таго часу. На жаль, сёння пра жыццё, дасягненні вучонага ведаюць нямногія”. Каб абудзіць цікавасць да спадчыны навукоўцы, віцебскія студэнты-гісторыкі й мясцовыя энтузіясты прыдумалі лакальнае экалагічнае свята: “Адамаўскі фэст”.

І гэта ўжо не першая спроба нагадаць пра “след на беларускай зямлі”, які пакінуў Уладзімір Адамаў, родам з Пецярбурга. У 2000 годзе віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі выдаў брашуру пра жыццё й спадчыну батаніка, тады ж на сядзібе з’явілася памятная дошка ў гонар навукоўца. Вось бы адрадзіць ягоны сад! “Першы Адамаўскі фэст прайшоў тут у верасні 2015-га, — распавядае галоўны натхняльнік адраджэння саду. — Мы добраўпарадкавалі тэрыторыю, прылеглую да сядзібы навукоўца. Нашу ідэю адраджэння саду падтрымалі мае выхаванцы, на фэст з’ехаліся аматары прыроды з іншых рэгіёнаў. У розныя гады фэст падтрымалі музыкі вядомых беларускіх гуртоў “Vuraj”, “Нагуаль”, “Re1ikt”. Сёлета ў канцы мая мы правялі чацвёрты “Адамаўскі фэст”. Спадзяемся, не апошні!”

У праграме свята значылася высадка сеянцаў ліставых дрэў, традыцыйная ўжо экскурсія ад суполкі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Рыхтуецца каталог ацалелых раслін сада: яго робяць выкладчыкі, студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта. Яшчэ быў кірмаш рамеснікаў, дэгустацыя вясковых прысмакаў. Жывая музыка. У адным з пакояў былога дома вучонага, па ўзгадненні з новым уласнікам, плануецца зладзіць музей Уладзіміра Адамава.

Мой суразмоўца выдатна разумее: каб аднавіць унікальны сад, мала толькі энтузіязму. І, тым не менш, спрабуе нешта зрабіць. Спадзяецца на дапамогу валанцёраў, інвестараў, проста неабыякавых да гісторыі Бацькаўшчыны людзей. “Хто ведае: можа стане экафэст першым крокам на шляху ператварэння Вялікіх Лётцаў у сапраўды вялікія, — не губляе аптымізму Міхаіл Дук. — А гісторыя Вялікалётчанскага батанічнага саду — гэта знакавая частка “турыстычнага айсберга” Лётчанскага краю. Вялікія Лётцы — гэта ж цэлы комплекс прыродных і гістарычных славутасцяў. Тут ёсць, напрыклад, старажытны курган Крамнік. Раней на такіх курганах нашы продкі святкавалі Купалле. Тут добра захаваўся, нягледзячы на 200-гадовы ўзрост, участак Екацярынінскага тракта, выбрукаваны каменем. Уражвае ўсіх дуб-волат: яму больш за дзвесце гадоў, а каб абхапіць велікана, спатрэбіцца пяць чалавек. Так што вёска нашая мае шанцы ў найбліжэйшай будучыні стаць адным з турыстычных брэндаў Віцебшчыны”.

Хочацца верыць: так і будзе. Ну здзейсніў жа многае ў сваім садзе Уладзімір Адамаў. Таксама пачынаў з малога. Добры прыклад для ўсіх, хто неабыякавы да будучыні свайго краю. 

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter