Наколькі паспяховым можа стаць супрацоўніцтва краін, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз?

ЕАЭС: складнікі росту

Наколькі паспяховым можа стаць супрацоўніцтва краін, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз?

Як бы хто ў ЕАЭС ні спрабаваў дыстанцыравацца ад антырасійскіх санкцый, гандлёвых і валютных войнаў — у выніку дасталася ўсім.

Беларусь перажывае самае буйное за некалькі гадоў падзенне валюты і, як вынік, паніжэнне зарплат у рэальным выражэнні. Прадпрыемствы ўсё часцей звяртаюцца па дзяржпадтрымку, а склады перапаўняюцца прадукцыяй, якая не знаходзіць збыту.

У гэтых умовах краіна прадпрымае вялікія намаганні для дыверсіфікацыі экспарту. Аднак сітуацыя ў іншых краінах, у тым ліку ў Еўропе і Кітаі, таксама не лепшая. Закрыць прабоіну ад страт на рынку Расіі ў адзін момант не атрымліваецца.

У Казахстане да падобных праблем дадаецца тое, што краіна з’яўляецца пастаўшчыком вуглевадародаў і бюджэт, як і расійскі, залежыць ад цаны на нафту. Астана доўга не хацела зніжаць курс тэнге, што прывяло летась да скарачэння яе рэзерваў на 10 працэнтаў.

З-за дарагога тэнге казахскія тавары сталі губляць рынак ЕАЭС. У жніўні мінулага года ўлады адправілі сваю валюту ў “вольнае плаванне”. За некалькі гадзін яна абвалілася на 26 працэнтаў.

Што датычыцца Кыргызстана, то ён моцна залежыць не толькі ад Расіі, але і ад суседняга Казахстана. Рэспубліка атрымала двайны ўдар, аднак нават у гэтых умовах яе эканоміка здолела паказаць невялікі рост. Але эксперты не зведваюць асаблівай радасці ў сувязі з гэтым і папярэджваюць, што дзярждоўг рэспублікі ў 2016 годзе можа перавысіць 60 працэнтаў ВУП.


З падобнай праблемай можа сутыкнуцца і іншы член ЕАЭС — Арменія. У яе выпадку гаворка ідзе пра дзярждоўг у 50 працэнтаў ВУП. У 2015 годзе краіна зрабіла стаўку на экспарт, але ён перастаў расці ва ўмовах эканамічнага крызісу, як у СНД, так і ў свеце ў цэлым. Паменшыўся і паток грашовых пераводаў ад тых, хто працуе ў Расіі.

У краінах еўразійскай “пяцёркі” сталі раздавацца галасы: а ці варта было ствараць ЕАЭС, раз ёсць праблемы. Маўляў, Саюз працуе ўсяго год, а паглядзіце, якія вынікі — гандаль зніжаецца, адзінай валюты няма, сфера паслуг кульгае... Нагадаем: у СНД — не 5, а 11 членаў. І краіны Садружнасці, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, сутыкнуліся з тымі ж самымі праблемамі.

Тыя, хто ігнаруе ЕАЭС, не сталі багацейшымі.

ЕАЭС не панацэя ад крызісу, які аха­піў цяпер усе краіны, а інструмент рэгулявання. У Еўразійскай эканамічнай камісіі прасцей дамовіцца. А значыць, лягчэй знайсці выхад з праблемных сітуацый.

Ёсць дзеля чаго рухацца наперад


Таццяна Валавая, член Калегіі па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК:


— Нам нельга спыняцца, трэба паглыбляць інтэграцыю. Узаемны гандаль унутры ЕАЭС хоць і скараціўся, але менш, чым наш гандаль з трэцімі краінамі. Паляпшаецца структура гандлю. Расце абарот прамысловымі, сельскагаспадарчымі, спажывецкімі таварамі. Мы ў большай ступені па­чынаем забяспечваць сябе вытворчасцю. Прыярытэтная мэта 2016 года — фарміраванне адзінага фармрынку.

Другая задача — стварэнне адзінай сістэмы абмену інфармацыяй пра ўсе тавары, якія паступаюць у ЕАЭС. Таксама трэба паглыбляць узаема­дзеянне ў сферы макраэканамічнай палітыкі.

Сёння вялікую цікавасць да Саюза праяўляюць не толькі нашы традыцыйныя партнёры, але і бізнес-супольнасці Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Бізнес ацаніў магчымасць выхаду на адзіную эканамічную прастору і работу на ім без бар’ераў.

Нам трэба пераходзіць на ўнутраныя валюты


Васіль Тарасюк, член Камісіі ПС (Парламенцкі сход) па заканадаўстве і Рэгламенце — аб прыярытэтах ЕАЭС у 2016 годзе.

— Да чаго трэба рыхтавацца краінам, якія ўвахо­дзяць у Еўразійскі эканамічны саюз?

— Неабходна выканаць баланс інтарэсаў самога Саюза і дзяржаў, якія ўваходзяць у яго. Першачарговыя задачы: скаардынаваць грашовую і валютную палітыкі, павялічыць аб’ём унутранага гандлю. Для гэтага трэба аператыўна стварыць наднацыянальныя органы — Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве, Цэнтра фінансавага рэгулявання ў Алматы, Еўразійскага суда ў Мінску. Пры гэтым трэба ўлічыць усе памылкі і недахопы, перш за ўсё эканамічныя, з якімі сутыкаліся раней падобныя аб’яднанні.

Каб знізіць эканамічныя рызыкі, эксперты з краін-удзельніц Саюза рэкамендуюць як мага хутчэй пераходзіць ва ўзаемаразліках на ўнутраныя валюты. Тым больш што гэта прама названа ў артыкуле 64 “Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе”. Гэта ўмацуе нацыянальныя валюты краін-удзельніц, павысіць да іх давер як на ўнутраным валютным рынку кожнай дзяржавы, так і на міжнародным.

Таксама важна стварыць агульны энергетычны рынак, дзякуючы чаму можна будзе знізіць затраты на вытворчасць электраэнергіі ды паменшыць энергаёмістасці ВУП членаў ЕАЭС.

— Якую ролю адыграе адкрыццё ў Кітаі Азіяцкага банка развіцця?

— Кітайскія інвестары — лідары па прамых інвестыцыях у краінах ЕАЭС. Стварэнне Азіяцкага банка развіцця толькі ўмацуе такое супрацоўніцтва, у першую чаргу ў сферы энергарэсурсаў і электраэнергетыкі.

Нельга не ўлічваць ролю і іншых дзяр­жаў. Японскія і паўднёвакарэйскія карпарацыі праяўляюць вялікую цікавасць да машынабудаўнічага комплексу краін ЕАЭС — гэта два мільярды долараў назапашаных прамых інвестыцый. Развіваецца супрацоўніцтва з Іранам — ідуць інвестыцыі ў будаўніцтва, інфраструктурныя сеткі і транспартны сектар. Нядаўна было заключана першае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з В’етнамам. Цяпер вядуцца перагаворы з Ізраілем.

Ніна Васільева


Меркаванні экспертаў


Аляксандр Гусеў, кіраўнік Цэнтра стратэгічнага развіцця краін СНД Інстытута Еўропы РАН:

— У 2016 годзе ўзначальваць ЕАЭС будзе Нурсултан Назарбаеў. Нягледзячы на санкцыі супраць Расіі, Казахстан па-ранейшаму станоўча ацэньвае перспектывы развіцця Саюза. Н. Назарбаеў адзначыў, што не лічыць ЕАЭС замкнутай структурай. Ён бачыць перспектывы ва ўзаемадзеянні Саюза з краінамі ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва).

Заходні напрамак для нас не менш важны. Члены ЕАЭС павінны шырэй выкарыстоўваць магчымасці Беларусі як галоўных варотаў у Еўропу.

Цяпер вырашаецца задача стварэння наднацыянальных органаў кіравання. Еўразійская эканамічная камісія застанецца ў Маскве, у Астане будзе Цэнтр фінансавага рэгулявання, а ў Мінску — еўразійскі суд.

Што датычыцца адзінай валюты, то гаварыць пра гэта пакуль рана. Мы бачым, як па швах трашчыць зона еўра — нам нельга паўтараць іх памылак. Тым не менш трэба шырэй выкарыстоўваць ва ўзаемных разліках нацыянальныя валюты.

Уладзімір Цяльноў, намеснік дырэктара Інстытута грамадскай палітыкі партыі “Нур Атан” (Казахстан):

— Казахстан лічыць, што цяпер складваюцца ўмовы для эканамічнага ўмацавання цэнтра Еўразіі. Аднак само па сабе гэта не адбудзецца — патрэбны вялікія праекты.

Цяпер актыўна пашыраецца ідэя спалучэння ЕАЭС і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Казахстан ужо мае вялікі досвед супрацоўніцтва з Кітаем. Ёсць дамоўленасць аб пераносе некалькіх дзясяткаў прадпрыемстваў да нас з КНР. Гэта значыць кітайцы хочуць не толькі пракласці дарогу на Захад, але і гатовыя выбудаваць на яе працягу цэлы эканамічны пояс.

Больш за палову ВУП краін Еўрасаюза дае сфера паслуг. У ЕАЭС гэты напрамак пакуль не вельмі развіты. У той жа час ён патрабуе меншых затрат, чым пад’ём буйных вытворчасцяў. Сфера паслуг — адзін з прыхаваных рэзерваў нашага развіцця.

Ашот Тавадзян, загадчык кафедры матэматычнага мадэлявання ў эканоміцы Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Арменіі:

— Дагавор аб стварэнні ЕАЭС гаворыць, што мы павінны ўзгадняць грашова-крэдытную і валютную палітыку. Калі мы і далей не будзем выконваць гэтай нормы, то становішча стане пагаршацца.

Просты прыклад. Курс рубля апусціўся да долара ўдвая, але Казахстан знізіў курс тэнге з вялікай затрымкай. Падобныя пытанні не павінны вырашацца кожнай краінай паасобку. Патрэбна адзіная валютная стратэгія.

Многія наракаюць на паніжэнне гандлю ўнутры ЕАЭС. Аднак калі б Саюза не было, то страты былі б і большыя. Расія ва ўмовах крызісу проста закрыла б межы, каб падтрымаць сваіх вытворцаў.

Погляд аптыміста

Алена Кузьміна, загадчыца сектара эканамічнага развіцця постсавецкіх дзяржаў Інстытута эканомікі Расійскай акадэміі навук:

— Каб Саюз у будучыні быў больш устойлівы, неабходна павялічыць унутраны гандаль хоць бы ў два разы. А для гэтага патрэбныя свае тавары. Варта ўшчыль­ную заняцца развіццём унутранай вытворчасці.

Радуе той факт, што ў 2015 годзе былі падпісаныя дакументы аб фарміраванні ў ЕАЭС тэхналагічных платформ па прарыўных напрамках. Гэта дапаможа перайсці да выпуску інавацыйнай прадукцыі.

Іншай добрай навіной стала тое, што Казахстан нарэшце прынялі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Да гэтага ён знаходзіўся ў падвешаным стане — увесь 2015 год ішла карпатлівая работа па ўзгадненні норм СГА і палажэнняў ЕАЭС. Была маса супярэчнасцяў, але іх асноўная частка знята і цяпер можна нармальна працаваць.

Яшчэ адзін пазітыўны факт. У той час як тавараабарот у доларавым вылічэнні ўнутры ЕАЭС істотна знізіўся, у таварным выяўленні ён захоўваецца амаль на ранейшым узроўні.

Добра, што дзяржавы ЕАЭС арыентуюцца не толькі на Расію, яны вучацца выкарыстоўваць патэнцыял адзін аднаго. Напрыклад, Беларусь арганізуе ў Казахстане зборачныя вытворчасці сельгастэхнікі, Казахстан выкарыстоўвае яе транспартную інфраструктуру для выхаду ў Еўропу.

Трэба хутчэй ствараць агульны рынак электраэнергіі. Праўда, гэта ўжо больш складанае пытанне — тут пераплятаюцца інтарэсы розных карпарацый.

Некаторыя журналісты гавораць, што ЕАЭС — гэта выдуманы саюз. Чаму ж тады Кітай, Індыя, Іран ды Ізраіль хочуць пабудаваць з ім зону свбоднага гандлю? Значыць, яны адчуваюць яго патэнцыял.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter