Еўропу з Махтумкулі пазнаёміў беларус Аляксандр Ходзька

Дзясяткі беларускіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў у розныя гады пабывалі ў Туркменістане. Прычым некаторыя з іх падоўгу жылі і тварылі ў гэтым сонечным краі.
Дзясяткі беларускіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў у розныя гады пабывалі ў Туркменістане. Прычым некаторыя з іх падоўгу жылі і тварылі ў гэтым сонечным краі.

Звернемся да сярэдзіны стагоддзя дзевятнаццатага. Ураджэнец Мядзельскага раёна Аляксандр Ходзька, які вандраваў па Туркменістане, запісаў паэтычныя тэксты туркменскага паэта Махтумкулі і апублікаваў іх у Англіі. Гэтая падзея стала пачаткам еўрапейскай славы класіка туркменскай літаратуры.

Ураджэнец мядзельскіх Крывічоў расійскі дыпламат Аляксандр Ходзька таксама запісвае і легендарны туркменскі эпас “Кер-аглы”, вершы Кеміне. Затым публікуе ў сваіх перакладах на англійскай мове. Работа нашага суайчынніка адкрывае Еўропе туркменскі фальклор, імёны невядомых дагэтуль пісьменнікаў, знаёміць з багатым на гісторыю народам. Ужо па перакладзе Ходзькі рыхтуюцца нямецкае, рускае і францускае выданні “Кер-аглы”. Перакладчыцай на францускую мову выступае Жорж Санд. Вось які цікавы ланцужок выбудоўваецца: туркмен Махтумкулі — беларус Аляксандр Хо­дзька — францужанка Жорж Санд…

У XX стагоддзі да перакладаў Махтумкулі на беларускую мову звярталіся народны паэт Беларусі Максім Танк, Алесь Звонак, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя літаратары. У Мінску ўбачыла свет асобная кніга паэзіі Махтумкулі “Салавей шукае ружу”. Верш “Лёс туркмена” ў перакладзе У. Караткевіча на беларускую мову апублікаваны і ў кнізе аднаго верша Махтумкулі на мовах народаў свету, выдадзенай у Ашгабаце. Характэрная мініяцюрная кніга ў пачатку 1990-х аўтарам гэтых радкоў была перададзена ў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. Ужо пасля 2000 года ў Мінску з’явілася новае выданне Махтумкулі на беларускай мове. Гэтым разам перакладчыкам выступіў Казімір Камейша.

Пачатак знаёмству чытачоў Туркменістана з творчасцю беларускіх пісьменнікаў пакладзена публікацыяй апавядання Якуба Коласа на рускай мове ў газеце Закаспійскай вобласці “Асхабад”. Першыя кнігі народных песняроў Беларусі Купалы і Коласа ўба­чылі свет на туркменскай мове ў 1941 годзе. Перакладчык — Ата Ніязаў.

Шырока былі адзначаны стагадовыя юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Туркменістане ў 1982 годзе. З’явіўся цэлы шэраг новых перакладаў, былі апублікаваны артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры ў газетах і часопісах “Савет эдэбіяты”, “Савет Туркменістана”, “Эдэбіят ве сунгат”. Вялікую работу па прапагандзе творчасці Я. Купалы вёў вядомы туркменскі публіцыст, літаратурны крытык Какалы Бердыеў, які ўзначальваў у 1980-я гады. рэдакцыю газеты “Эдэбіят ве сунгат” “Літаратура і мастацтва”). Невыпадкова К. Бердыеву прысвечаны асобны артыкул у беларускай энцыклапедыі “Янка Купала”. Памятаю, з якім ду­шэўным трапятаннем, з якім сардэчным хваляваннем трымаў у руках таўшчэзны зялёны том з артыкулам пра яго Какалы Бердыеў.

…У гады Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлях Ашгабата служыў будучы беларускі празаік і паэт Аркадзь Марціновіч. Пра гэта ён расказаў у сваім рамане “Не забывай слядоў сваіх”. Праз гады ў Туркменістане пабывае яго сын — паэт Павел Марціновіч, які напіша пасля цыкл вершаў пра Туркменію і ўключыць яго ў паэтычны зборнік “Час бурштыну”.

У другой палове 1940-х гадоў у Ашгабаце ў сям’і сваёй роднай сястры опернай спявачкі Вольгі Мікуліч-Сабуравай (загінула падчас ашгабацкага землятрусу) жыве і працуе вядомы беларускі пісьменнік Барыс Мікуліч. Другая частка яго “Аповесці пра сябе” (апублікавана ў часопісе “Нёман”) прысвечана Ашгабацкаму перыяду. У шчырым, напоўненым трывогай і смутку апавяданні нядаўні вязень сталінскіх лагераў дзеліцца сваімі ўражаннямі пра Ашгабат, Туркменістан, Махтумкулі, аднаго з першых яго пе­ракладчыкаў на рускую мову Шэнгелі.

У пасляваенныя гады пачалася актыўная работа па перакладах туркменскай літаратуры на беларускую мову і беларускай літаратуры на туркменскую мову. У Беларусі ўбачылі свет кнігі Берды Кербабаева, Каюма Тангрыкуліева, Агагельды Аланазарава, Курбана Чаліева…


Вялікую перакладчыц­кую справу прарабілі народныя паэты Туркменістана Керым Курбанепесаў (у яго аўтарскай анталогіі “Букет дружбы” апублікаваныя пераклады вершаў Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча) і Каюм Тангрыкуліеў (у яго аўтарскай анталогіі “Вясёлая вясёлка” апублікаваныя вершы Еўдакіі Лось, Яна Муравейкі, Эдзі Агняцвет, Васіля Віткі), Касым Нурбадаў, які перакладаў шматлікіх дзіцячых паэтаў Беларусі. Выхад “беларускага” нумара дзі­цячага часопіса “Корпе” (“Малыш”) у 1987 годзе на беларускай і рускай мовах стаў па­дзеяй для юнага чытача Туркменістана. Выданне анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры “Ачык асман” (“Яснае сонейка”) у ашгабацкім выдавецтве “Магарыф” (1989 год) таксама прыўнесла шмат новага ў беларуска-туркменскае літаратурнае пабрацімства.

У Туркменістане ўбачылі свет асобныя кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў — Максіма Танка, Івана Чыгрынава і інш. Перакладзены на туркменскую мову лірычныя мініяцюры Янкі Брыля, апавяданні Алеся Жука, Васіля Ткачова, вершы Пімена Панчанкі, Міколы Чарняўскага, Раісы Баравіковай, Артура Вольскага.

Асобная старонка гісторыі — работа ў Туркменістане пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі. А гэта і пісьменнік-дакументаліст Мікалай Калінковіч, і паэт, галоўны рэдактар газеты “Ташаузкая праўда” Міхась Карпенка, і празаік Васіль Ткачоў, і публіцыст, галоўны рэдактар “Туркменскай іскры” Васіль Слушнік. Мікалай Калінковіч напісаў кнігу пра воіна-туркменістанца Героя Савецкага Саюза Івана Васільевіча Багданава, які вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і атрымаў высокае званне за праяўлены ў баях за Бабруйск гераізм, — “Вяртанне світальнай рані” (Ашгабат, 1987), шэраг іншых кніг пра Туркменістан — “Не разрываецца зямная сувязь”, “Імя маё — Свабода”. Усе яны выдадзены ў Ашгабаце. Мікалая Калінковіча і Міхаіла Карпенку прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Шкада толькі, што вельмі рана пайшоў з жыцця Мікалай Калінковіч — сапраўдны паўпрэд беларускай культуры ў Туркменістане. І сучасны стан беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў (публікацыі аб туркменскай літаратуры ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Голас Радзімы”, “Краязнаўчая газета”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, публікацыя пе­ракладаў туркменскай паэзіі ў часопісе “Полымя”) не можа не ўяўляць цікавасці. У адным з пісьменніцкіх з’ездаў у Беларусі прымаў удзел народны паэт Туркменістана Каюм Тангрыкуліеў. Пасля адкрыцця новага для сябе краю ён напісаў выдатны верш “Самы вядомы на свеце аул”, прысвечаны трагедыі Хатыні. На беларускую мову верш пераклаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

У 1980-1990-ыя гады ў Беларусі выдавалася цэлая серыя літаратурна-мастацкіх альманахаў, якія прадстаўляюць літаратуру іншых народаў на беларускай мове, — “Ветразь”, “Братэрства”, “Далягляды”. На іх старонках публікаваліся і творы туркменскіх пісьменнікаў — Амандурды Джанмурадава, Алаберды Хаідава, Касыма Нурбадава, Азата Рахманава і інш. Пра “туркменскія старонкі” альманаха “Братэрства” была публікацыя ў туркменскім часопісе “Савет эдэбіяты”. Шмат сіл, працы ў прапаганду туркменскай літаратуры ў Беларусі ўклала беларуская паэтка і пе­ракладчыца Любоў Філімонава.

…І гэтыя “вузельчыкі памяці” — безумоўна, далёка не ўсё, пра што трэба было б расказаць, напісаць больш падрабязна і шырока.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter