Стары Свет не зацікаўлены ў ператварэнні сваіх дзяржаў у “вялікую начлежку” пад адкрытым неба

Еўраначлежка

На гэтым тыдні было шмат тэм, якія заслугоўваюць увагі. Напрыклад, вялікая гуманітарная катастрофа, справакаваная сітуацыяй з бежанцамі ў краінах Еўрасаюза: яны стабільна прыбываюць сюды праз Міжземнае мора. Асабліва ўлетку. Эканамічных і палітычных уцекачоў жорстка спыняе паліцыя, вяртае на радзіму, але гаротныя зноў і зноў штурмуюць еўрапейскае ўзбярэжжа. Сёння Стары Свет не зацікаўлены ў ператварэнні сваіх дзяржаў у “вялікую начлежку” пад адкрытым небам. Па-ранейшаму галоўным пунктам для нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу служыць Італія: з пачатку года сюды паспела даплыць больш за 170 тысяч чалавек. Аднак іх стратэгічная мэта — не сціплая італьянская Сардзінія, а заможныя дзяржавы ЕС з моцнай сістэмай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Вось і змушаны быў Еўрасаюз у “гарачым парадку” шукаць выйсце з глыбокага крызісу сучаснай “еўрапейскай мультыкультурнасці” і “ўсеагульнай дэмакратыі”. Менавіта гэта будзе галоўнай тэмай бліжэйшага чэрвеньскага еўрасаміту. Патрэбны неадкладныя кардынальныя рэформы, з якімі пакуль згодны далёка не ўсе члены Еўрасаюза. Нават узмацненне санкцый супраць Расіі адыходзіць на апошні план. 

Пакуль афіцыйныя Пекін і Вашынгтон падпісвалі дамову аб супрацоўніцтве ў ваеннай галіне і далейшым парадку ажыццяўлення дыялогу паміж ваеннымі ведамствамі ЗША і КНР, Украіна дэнансавала пагадненні з Расіяй у гэтым жа кірунку. У аднабаковым парадку Кіеў заблакіраваў магчымасць транзіту расійскіх войскаў праз тэрыторыю Украіны. Зараз стане немагчымым перамяшчэнне міратворчага расійскага кантынгенту ў Прыднястроўе, і наадварот. Ваенная разведка закрые свае сакрэты. Да таго ж украінскія дэпутаты маюць намер зрабіць з вайны ў Данбасе дзяржаўную тайну: адпаведны законапраект быў зарэгістраваны днямі ў Вярхоўнай радзе. Так, звесткі аб ходзе антытэрарыстычнай аперацыі ў рэгіёне Кіеў хоча ператварыць у “інфармацыйны вакуум”, за парушэнне якога можна будзе атрымаць ад чатырох да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Тым часам у Маскве падаражэла не толькі жыццё. Дзяржпрадпрыемства “Рытуал”, якое з’яўляецца манапалістам на рынку пахаванняў у расійскай сталіцы, павысіла тарыфы на свае паслугі прыкладна на 17 працэнтаў, уведзены і сезонныя нацэнкі. А ў бельгійскім Антверпене на вуліцах з’явіліся спецыяльна пафарбаваныя дарожкі для пешаходаў, што наогул не развітваюцца са смартфонамі.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Мяне гэта хвалюе таксама. Пажывём — пабачым! 

Сустрэнемся...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter