«Еўрабачанне» — мая дзіцячая мара»

Алёну Ланскую плануюць ўпрыгожыць 70.000 стразаў Свароўскі

Не выключана, што сукенку, у якой Алёна Ланская выступіць на песенным конкурсе, упрыгожаць 70 тысяч стразаў Свароўскі

На сайце Белтэлерадыёкампаніі прайшла онлайн-канферэнцыя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на міжнародным песенным конкурсе «Еўрабачанне-2013» Алёны ЛАНСКОЙ (на здымку).

Адказваючы на пытанні, спявачка, у прыватнасці, паведаміла, што да міжнароднага форуму яе будуць рыхтаваць стылісты і візажысты, якія працавалі з Ані Лорак, Дзмітрыем Калдуном, Філіпам Кіркоравым. «Песня вельмі запальная, танцавальная, яркая, пазітыўная, і нумар будзе ёй адпавядаць. Гэта будзе яркае і запамінальнае шоу», — сказала артыстка.

Алёна адзначыла, што над яе сцэнічным касцюмам працуе каманда з Грэцыі, і прыадкрыла таямніцу: «Магчыма, калі нічога не зменіцца, то сукенка будзе складацца з 70 тысяч стразаў Свароўскі».

Пастаноўкай нумара займаецца Зілі Раёфавіч з Сербіі. Па словах спявачкі, гэта крэатыўны харэограф, у якога ёсць свая студыя, дастаткова вядомая ў Сербіі, і які сам не раз быў пераможцам шматлікіх танцавальных конкурсаў. У цэлым каманда, якая працуе над нумарам, міжнародная. У ёй ёсць прадстаўнікі Бельгіі, Сербіі, Турцыі, Беларусі, Расіі.

Гаворачы аб прома-туры, артыстка адзначыла, што ўжо выступіла ў Румыніі, Малдове, Турцыі, Грэцыі, Нідэрландах, Аўстрыі. У планах — канцэрты ў Расіі і Бельгіі. «Мы ламаем галаву над тым, як наведаць максімальную колькасць краін, з якіх атрымалі запрашэнні, ушчыльняючы і без таго наш ужо практычна гумавы графік», — дадала Алёна Ланская.

На пытанне, ці не пашкадавала яшчэ яна, што ўвязалася ў гэты марафон пад назвай «Еўрабачанне», калі сіл, сродкаў, нерваў губляецца процьма, а вынік усё роўна непрадказальны, Алёна адказала:

— Не, вядома! Я не шкадую, што падала заяўку на ўдзел у адборачным туры «Еўрабачання», гэта мая трэцяя спроба. Я прыхільніца «Еўрабачання» яшчэ з малых гадоў, гэта мая мара з самага дзяцінства. У прынцыпе, я сябе падрыхтавала і фізічна, і маральна да гэтага конкурсу. У мінулым годзе я ўбачыла, колькі неабходна сіл, колькі нерваў у тым ліку. Я гатовая да гэтага конкурсу! Гэта мой свядомы выбар, маё ўсвядомленае рашэнне.

Традыцыйная беларуская вечарынка напярэдадні «Еўрабачання-2013» запланавана на 11 мая. Творчая частка пакуль трымаецца ў сакрэце, але абяцаюць шмат цікавага. Зараз ідзе падрыхтоўка прома-прадукцыі. Спявачка паведаміла, што на ўсёй прома-прадукцыі будзе лагатып «Алёна Ланская», фотасесія адбудзецца ў Беларусі з беларускім фатографам Ганнай Гарбачэўскай. «Мы вырашылі прыгатаваць максімальна рацыянальную прома-прадукцыю і прывезці з нашай краіны ў тым ліку шакалад, цукеркі, зефір. Таксама будзем дарыць прома-папку з маімі фатаграфіямі і біяграфіяй, паштоўкамі, дыскам і флэшкай, на якіх запісаны конкурсная песня на англійскай і рускай мовах, варыянты рэміксаў, відэакліп», — расказала артыстка.

Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2013» пройдзе 14—18 мая ў шведскім горадзе Мальмё. Алёна Ланская выступіць у першым паўфінале 14 мая з песняй «Solayoh» пад 11-м нумарам. Разам з прадстаўніцай Беларусі за права заняць месца ў фінале будуць змагацца выканаўцы з Аўстрыі, Эстоніі, Славеніі, Харватыі, Даніі, Расіі, Украіны, Нідэрландаў, Чарнагорыі, Літвы, Малдовы, Ірландыі, Кіпра, Бельгіі і Сербіі. Усяго ўдзельнікамі 58-га форуму стануць прадстаўнікі 39 краін.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter