Запісы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Андрэйчыкава — унікальнае гістарычнае сведчанне

Дзённік салдата

Запісы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Андрэйчыкава — унікальнае гістарычнае сведчанне

“Вайна даўно скончылася, але маці ноччу ўпотай аплаквала мяне, бяз­ногага сына”, — так пачынаецца дзённік салдата Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Піліпавіча Андрэйчыкава, выхадца з-пад Гомеля. Ён пайшоў на фронт пад Ленінградам у 17 гадоў. Перажыў блакаду, быў не раз паранены ў баях. Зрэшты, і сам падбіў не адну адзінку варожай тэхнікі. Чырвонаармейца таксама “падбілі”: праз раненне ў нагу давялося ампутаваць канечнасць. Застаўся ў печані асколак ад разарванага снарада. Сказаць, што ён адзін з мільёнаў воінаў, нельга. Лёс гэтага чалавека на агульным фоне вылучаецца. Ён не шукаў на вайне славы, не задаваўся гераізмам, змагаўся за Радзіму не дзеля ўзнагарод, а таму што не мог дзейнічаць інакш. Праз гады стаў успамінаць франтавыя падзеі. Запісваў у дзённік. Не для публікацыі, а для сябе, каб не забыцца.


Да 70-годдзя Перамогі “Агульны сшытак” з мемуарамі перадала ў рэдакцыю ўдава ветэрана Вольга Іосіфаўна Андрэйчыкава з Баранавічаў. Прапануем вашай увазе фрагменты размовы салдата з самім сабой. Тым і цікавы дзённік, што разлічаны не на публіку. Таму, мабыць, ён уяўляе сабой выключна аб`ектыўны погляд на вайну.

Фрагменты з дзённіка Аляксандра Андрэйчыкава

Нарадзіўся я ў 1923 годзе ў Чачэрскім, цяпер Буда-Кашалёўскім раёне БССР, у вёсцы Башыца. Перад самай вайной працаваў на Украіне, на рудніку ў Сумскай вобласці. Потым паехаў да дзядзькі на адпачынак у Карэла-Фінскую ССР. Там мяне і заспела Вялікая Айчынная вайна. На радзіму мне не давялося вяртацца, бо Беларусь была ўжо акупаваная немцамі. Пайсці на фронт не дазваляў узрост, бо мне было 17, а трэба было мець 20 гадоў. Іншыя стараліся ўцячы ад вайны, прыдумлялі розныя хітрыкі, але я гэтых хлопцаў не разумеў. Я звярнуўся 22 ліпеня 1941 года ў райваенкамат, каб пайсці на фронт. Так мяне залічылі добраахвотнікам-камсамольцам у Чырвоную Армію. Накіравалі ў артылерыйскі полк вайсковага лагера пад Ленінградам. Там скончыў палкавую школу, прысвоілі званне сяржанта. Спачатку быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы, потым камандзірам гарматы. Удзельнічаў у баях за раку Няву, гарады Пушкін, Гатчыну, Пецяргоф, Краснае Сяло, Араніенбаум.

* * *

Ад немцаў уцякло шмат грамадзянскага насельніцтва. Статкамі зганялі ад фашыстаў калгасную жывёлу. На дарогах і па ўзбочынах валяліся забітыя каровы, коні з разбітымі жыватамі, авечкі, а сярод іх — трупы забітых людзей. Было ні прайсці ні праехаць...

* * *

Некалькі разоў глядзеў смерці ў твар. Быў пад бамбёжкамі фашысцкіх самалётаў, месершміт, заглушаючы сваім гулам, страчыў у мяне з кулямёта. Неаднаразова знаходзіўся пад артылерыйскім абстрэлам.

* * *

Як мы ваявалі ў 1941 годзе? Зброю цягнуць коні, разлік уладкоўваецца абы-дзе, салдаты ў абмотках, зімой няма валёнак, фуфаек, ватных штаноў, не было цёплай бялізны. У лазні мыліся ад выпадку да выпадку.

* * *

У цяжкіх умовах Ленінградскага фронта давялося ваяваць і галадаць. Цэлымі днямі нічога не елі. Скінуць сухароў з самалёта, падзеляць па адным сухары на дзень і цэлая кухня кіпеню — вось і ўся ежа. Норма хлеба была 200 грамаў на дзень, напалову з пілавіннем і іншымі адкідамі. Елі дохлых коней, збіралі на полі пад кулямі гнілую бульбу, летам — шчаўе, крапіву, ягады і грыбы.

* * *

Калі нашу батарэю разбілі фа­шысты, мы ратаваліся як хто здолее. Я мог застацца ў палоне і там здохнуць, згарэць у крэматорыі або застацца жывым і здаровым. Але я папоўз па-пластунску 2-3 кіламетры да сваіх. І зноў стаў удзельнічаць у баях, таксама ў артылерыі.

* * *

У баях каля муроў абложанага Ленінграда двойчы быў паранены. 11 верасня 1942 года ў баі на араніенбаумскім пятачку, змагаючыся за гару Калакольня каля вёскі Гасціліцы, страціў правую нагу, была прабіта асколкам печань. Некалькі гадзін не прыходзіў у прытомнасць. Потым адбылося заражэнне раны. Утварылася гангрэна. Адцялі нагу... На вайсковым караблі параненага везлі ноччу Фінскім залівам у блакадны Ленінград, а фашысцкія бомбы рваліся ля борта карабля, толькі фантаны ўздымаліся на паўкіламетра. Ляжаў у эвакуацыйным шпіталі галоднага халоднага Ленінграда. Затым мяне, цяжкапараненага, везлі на вайсковым караблі праз Ладажскае возера, потым цягніком пераправілі на канчатковае лячэнне ў шпіталь на Урал, у горад Молатаў (Перм), дзе знаходзіўся да лютага 1943 года.

* * *

Цяжкія раны далі ўскладненне на сэрца. Ды якое там можа быць сэрца і нервы, калі фашысцкі танк трэба падпусціць на 200-300 метраў, каб прамым навядзеннем знішчыць або падбіць яго. З далёкай адлегласці не падаб’еш! І вось сапраўдная дуэль: я бранябойнымі снарадамі б`ю са зброі, каб патрапіць і знішчыць фашысцкі танк. А калі ён рухаецца на тваю зброю, не так проста патрапіць у яго. Фашысцкі танк вядзе агонь са снарадаў і кулямётаў проста на маю гармату. Я знішчыў прамым навядзеннем два танкі, шмат іншай тэхнікі і жывой сілы праціўніка шрапнельнымі снарадамі. Ляцелі ў паветра з “тыграў” з чорнымі крыжамі гусеніцы, вежы, гарматныя ствалы!

* * *

У 1943 годзе я, як адзін з пісьменных і здольных, быў накіраваны на курсы палкавых разведчыкаў. Шмат разоў хадзіў потым па языка нямецкага, каб даставіць жывога ворага для допыту ў свой штаб.

* * *

Мой бацька Піліп Яўхімавіч ў 1918 годзе ўдзельнічаў у баях за Петраград супраць Дзянікіна. У 1941-м пайшоў на Вялікую Айчынную, удзельнічаў у вызваленні Гомеля, Жлобіна, Рагачова, ва ўзяцці Кенігсберга, дайшоў да Берліна. Потым пайшоў біць японскіх самураяў на Далёкі Усход і толькі ў верасні 1945-га быў дэмабілізаваны.

* * *

Ад мяне маці даведалася, што я жывы, у 1944-м. Спачатку атрымала мой першы ліст: “Я жывы. Абараняў родны Ленінград. Галава і рукі цэлыя. А нагу прышыюць або дадуць новую, жалезную”. Потым і сам вярнуўся дадому — у родную вёску Башыца — без правай нагі і з раненнем у жывот. Гэтаму ні­хто не здзівіўся. Аднавяскоўцы нават пазайздросцілі. Стаў я працаваць бухгалтарам калгаса, старшынёй быў стары Дзям`ян — п`яніца, адзін на ўсю вёску мужчына (а другі я — інвалід). Быў у вёсцы ўсяго адзін конь, пакінуты савецкім салдатам пры наступе на Захад. Рэшту жывёлы і птушкі сагналі нямецкія фашысты. Старшыня калгаса і я з гарышчаў насцягвалі плугоў, барон, хамутоў, праўда, з боем і скандалам, але насцягвалі. Вясновую пасяўную пачалі рана, аралі агароды. Жанчыны ўпрагаліся ў плуг, барану, плугам кіраваў сам старшыня калгаса. А як пачалася касавіца, стары кляпаў косы, а бабы касілі.

* * *

Якім быў для мяне Дзень Перамогі 9 мая 1945 года? Усе плакалі ад радасці. А хто не плакаў, хадзіў змрочны і прыгнечаны. Колькі гора ў кожным доме! Забіты сын, муж...

* * *

“Уся квітнеючая маладосць мая знішчана вайной. Я страшна худы і бледны, як сценка. Асабіста я толькі аднаму-адзінаму чалавеку зайздрошчу — загінуламу салдату: больш ён не пакутуе”, — запісаў у дзённіку ў кастрычніку 1965 года Аляксандр Андрэйчыкаў. Як быццам на навуку тым, хто вайну бачыць як пафасны спектакль.

Але нездарма салдат прайшоў усе выпрабаванні і выжыў. Ён даў сваім нашчадкам права жыць у свабоднай мірнай краіне.

На жаль, нанесеныя вайной раны не далі магчымасці Аляксандру Піліпавічу дажыць да нашых дзён. Памёр Аляксандр Андрэйчыкаў у 1974 годзе. А ў 1975-м (сімвалічна, што 9 мая!) нарадзіўся яго першы ўнук, якога назвалі ў гонар дзеда. Унук Аляксандр Гіль з братам Вадзімам ніколі не бачылі свайго дзеда. Сёлета, на 9 Мая, яны вырашылі разам з маці Аленай ды цёткай Алай, дочкамі салдата Андрэйчыкава, пае­хаць у Санкт-Пецярбург (колішні Ленінград) і ваколіцы ды наведаць месцы, дзе ваяваў дзед. Яны падняліся на гару Калакольню і разгарнулі там “Агульны сшытак” з запісамі іх продка: чыталі і спрабавалі ўявіць, што адбывалася ў гэтым кутку больш як 70 год таму…

Кажуць, што вайна ад нас усё далей і яе падзеі забываюцца. Расказаная тут гісторыя сведчыць, што памяць пра подзвіг продкаў у многіх сем’ях цяпер толькі ажывае, становіцца яшчэ мацнейшай. І будзе перадавацца наступ­ным пакаленням.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter