Семьи в социально-опасном положении: мы вместе с сотрудниками ИДН посетили родителей, которым вернули детей

Дзяцінства з чыстага ліста

Жудасная навіна аб забойстве чатырохгадовай дзяўчынкі сваім бацькам у Зэльвенскім раёне ўзрушыла грамадскасць. Таму што сям'я, родны дом павінны быць тым месцам, дзе дзіця ў першую чаргу можа спадзявацца на абарону, ласку і клопат. Але здараецца і так, што бацькі могуць стаць для сваіх малых самымі жорсткімі катамі. У зоне рызыкі перш за ўсё сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дарэчы, дзяўчынку з Зэльвеншчыны забіралі з сям'і, маці яе пазбаўлена бацькоўскіх правоў, але дзіця даверылі выхоўваць бацьку… На жаль, такі выпадак не адзіны. Некалькі гадоў таму ў Мінскім раёне ад рук маці, якой суд даў яшчэ адзін шанц, у пакутах загінула дзяўчынка. Ці магчыма прадухіліць падобныя трагедыі? Карэспандэнт «Р» разам з супрацоўнікамі ІСН Мінскага раёна наведала некалькі сямей, якім вярнулі дзяцей, і паглядзела, у якіх умовах выхоўваюцца малыя.

Ала РУСАНОВІЧ і выхаваўчую размову з бацькамі правядзе, і дзённік дзіцяці праверыць.

Самы балючы штуршок

Вяртанне адабраных дзяцей у сям'ю не такая ўжо рэдкасць. Па словах Алы Русановіч, начальніка ІСН Мінскага РУУС, з дзесяці бацькоў у такіх выпадках за розум бяруцца 7–8. Між тым намаганняў для гэтага ім трэба прыкласці нямала.

— Для кожнай сям'і распрацоўваецца індывідуальны план. Каб вярнуць адабраных дзяцей, неабходна выканаць абсалютна ўсе яго пункты: прайсці курс лячэння ад алкагалізму або закадзіравацца, зрабіць рамонт у жыллі, працаўладкавацца, абавязкова наведваць сваіх малых у сацыяльна-педагагічных цэнтрах. Звычайна адабраныя дзеці знаходзяцца там каля паўгода, на іх утрыманне дзяржава выдаткоўвае сродкі, якія трэба вярнуць.

Супрацоўнікі ІСН сцвярджаюць: па паводзінах бацькоў адразу відаць, ці будуць яны змагацца за сваіх дзетак. Адны пры іх ад'ездзе застаюцца абыякавымі, іншыя адразу настойліва высвятляюць, што павінны зрабіць для вяртання малых.

Працверажэнне

«Канфіскацыя» сына-падлетка і маленькай дачкі стала магутным штуршком, які вымусіў поўнасцю змяніць вобраз жыцця Алену, жыхарку вёскі Абчак. Сям'ю мы наведваем без папярэджання. Брамку адчыняе гаспадар, хутка з'яўляецца і Алена, якая адышла да суседзяў за малаком, але стрымгалоў прыляцела, заўважыўшы чужую машыну каля двара. Хата іх маленькая і старэнькая, аднак унутры зроблены касметычны рамонт, кухня прыстойная, кожнае мае асобнае спальнае месца, вопраткай і ежай дзеці забяспечаны.

Неабходна ўпэўніцца, што ў доме ёсць прадукты і дзеці не застануцца галоднымі.

— Добра дома, з мамай і татам? — звяртаемся да 10-гадовай Вікі.

У адказ дзяўчынка так старанна некалькі разоў ківае, што аж валасы разлятаюцца. Маці прыгладжвае іх з пяшчотнай усмешкай.

Рассталіся яны ў кастрычніку мінулага года, уз'ядналася сям'я ў сакавіку гэтага. Зараз бацькі не п'юць, працуюць, аднак выпраўляць хібы ўсіх гадоў, што правялі ў п'яным чадзе, давядзецца яшчэ доўга. Віка страціла цікавасць да вучобы, а 16-гадовы сын увогуле нарабіў тых яшчэ спраў: украў чужую машыну і разам з сябрамі пагуляў так, што згарэла калгаснае сена. Зараз бацькі павінны выплаціць за яго буйную суму.

У размове Алена шчыра пры-знаецца, што часам адчувае жаданне выпіць, але перабівае яго чым-небудзь смачненькім. Не варта спіртное тых пакут, якія перажылі і дзеці, і дарослыя. Гісторыя яе распаўсюджаная:

— Пілі разам з мужам. Знайшлі, так сказаць, агульны інтарэс. Весела разам, у кампаніі, затое ніколі ні боек, ні скандалаў, — саркастычна насміхаецца яна сама над сабой. — А потым плакалі: што мы нарабілі?!

Калі глядзіш на гэтых мужа з жонкай, верыцца, што жыццё сям'і наладзіцца. Зусім з іншымі пачуццямі пакідалі мы кватэру Святланы, жыхаркі аграгарадка Замасточча.

Цяжкія пачуцці

Трохгадовага сына жанчыны мы не засталі: ён быў у дзіцячым садку. Даволі прасторная, светлая кватэра, цэлы аўтапарк цацачных машынак, поўны халадзільнік смачнага...

— Колькі ў вас дзяцей? — пытаецца Ала Генадзьеўна.

— Адно! — упэўнена завярае Святлана, хаця па дакументах значыцца, што ў адносінах аднаго дзіцяці яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

— Ах, гэта! — успамінае маці. — Так, яшчэ адзін сын знаходзіцца ў спецыялізаваным інтэрнаце. Ці збіраюся правы вяртаць? Ну так, вядома, але гэта так складана... Трэба ж яго наведваць. У нас машына ёсць, але часу няма.

— У выхадныя селі ды паехалі, — дзівімся мы. — Сто кіламетраў — не такі ўжо няблізкі свет.

Жанчына сцвярджае, што зараз, калі ўбіраюць ураджай, яны з мужам працуюць зусім без выхадных.

— Ну добра, а зімой? — не адступаемся мы.

Святлана неяк разгублена пагаджаецца, а Ала Русановіч пытаецца, калі ў апошні раз яна бачыла 6-гадовага сына. І тут высвятляецца, што... толькі ў першыя пасля нараджэння дні.

— Мне яго адразу не аддалі, — абараняецца жанчына. — Чаму? Не хачу я гаварыць! Не, я ніколі не выпівала...

У адбіранні дзіцяці Святлана чамусьці вінаваціць школу, аднак якое дачыненне да цяжарнай жанчыны мела ўстанова адукацыі, яна так і не растлумачыла. Прызналася толькі, што сын хварэе на ДЦП, за ім догляд патрэбны. Верагодна, так прасцей: выхоўваць здаровае дзіця і адкупляцца аліментамі ад хворага...

Пакідаем гэту кватэру з цяжкім сэрцам, моўчкі, ды і што тут скажаш? Толькі на вуліцы нехта агучвае агульную думку: можа, і лепш для дзіцяці, што яно знаходзіцца ў інтэрнаце. Хто ведае, што чакае хлопчыка ў доме, дзе жывуць, па сутнасці, чужыя яму людзі, у якіх ні разу за шэсць гадоў не зашчымела сэрца па ім?..

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter