«Дзяцей у школу «здабудзе»… лялюк!»

ПЕРШЫ раз у першы клас у суботу ў вёсцы Лелюкі Іўеўскага раёна пойдуць каля 10 вучняў. Былым дашкалятам сёлета пашанцавала — вучыцца яны прыйшлі ў прыгожы новенькі двухпавярховы будынак, што за мінулы год вырас побач са старой школкай. Дарэчы, у Лелюках у гэтым годзе яшчэ адно свята — паўвекавы юбілей адзначае сама ўстанова адукацыі. Ці ёсць будучыня ў сельскай школы і чаму яна з’явілася менавіта ў Лелюках, дазнаваліся карэспандэнты «БН».

Такую дзіўную назву на Іўеўшчыне носіць бусел і таксама адна вёска — Лелюкі, дзе сёлета з’явілася новая школа. Аб перспектывах вёскі і «буслінай працы» даведаліся карэспандэнты «БН»

ПЕРШЫ раз у першы клас у суботу ў вёсцы Лелюкі Іўеўскага раёна пойдуць каля 10 вучняў. Былым дашкалятам сёлета пашанцавала — вучыцца яны прыйшлі ў прыгожы новенькі двухпавярховы будынак, што за мінулы год вырас побач са старой школкай. Дарэчы, у Лелюках у гэтым годзе яшчэ адно свята — паўвекавы юбілей адзначае сама ўстанова адукацыі. Ці ёсць будучыня ў сельскай школы і чаму яна з’явілася менавіта ў Лелюках, дазнаваліся карэспандэнты «БН».

Настаўнікі Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы прызнаюцца, што чакалі гэтага будаўніцтва даўно. Гадоў дзесяць назад ім ужо абяцалі новы будынак, але штосьці не склалася. А школа ўсё старэла: апошнія тры гады ў першым будынку, пабудаваным у 1962 годзе, нават не вялося навучанне, дзеці былі пераведзены ў навейшую частку школы, абліцаваную цэглай у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. Вучыцца даводзілася ў дзве змены.

— Старажылы вёскі кажуць, што школа нават і будавалася не з новага, а са старога дрэва — з нейкага разабранага будынка. І так колькі вытрымала — паўстагоддзя, — расказала «БН» Жанна Булко, дырэктар школы. — Старую школу будаваў мой дзед, тут вучыліся мае бацькі, атрымала першапачатковую адукацыю і я, стала дырэктарам, а зараз сюды і мае дзеці ходзяць. Але  ўсё ж такі хочацца, каб сённяшняе пакаленне мела лепшыя ўмовы, чым калісьці мы. Нават такія дробязі, як прыбіральні, былі на вуліцы, а зараз — самыя сучасныя!

Праект, па якім у Лелюках будавалася школа, — трэці ў рэспубліцы. Яшчэ падобная школа ёсць у Жыткавіцкім раёне ў Кольна і ў пасёлку Мірны ў Баранавіцкім раёне.

— Новая школа стала самым высокім будынкам у вёсцы за ўсе гады яе існавання. А ці апраўдана такое будаўніцтва, ці ёсць дастатковая колькасць дзетак?

— Наогул, школа разлічана на 168 вучняў і на 40 дашкольнікаў. Мы ж у гэтым годзе прымем каля 120 школьнікаў і 30 малых у дзіцячы сад, — паведаміла Жанна Булко. — Да таго ж у мікрараёне школы, у радыусе шасці-сямі кіламетраў  —  вёсках Вялікае і Малое Барава, Галунавічы, Лаздуны, — ёсць дзеці, якія пакуль ходзяць у другія школы, а геграфічна трапляюць у нашую. Так што каля 200 вучняў могуць тут навучацца. Ды і перспектыва ёсць: у вёсках будуюцца катэджы, дзе селіцца шмат маладых сем’яў. І нас радуе, што мы бачым даволі многа… цяжарных жанчын.

— Ды і сама нашая вёсачка звязана з… дзеткамі. Як? “Лялюк” на мясцовай гаворцы — бусел. А хто дзетак прыносіць? Нават калі скептычна адносіцца да легенды стварэння вёскі, то тое, што тут сапраўды шмат буслоў, нельга не заўважыць. Сёлета і снег не сышоў, а чырвонадзюбыя прыляцелі, — дадала Анжэла Жамойта, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы. — Старыя людзі і да гэтага часу называюць буслоў лелюкамі, слова засталося. А мы, як можам, захоўваем гэты сімвал. Плануем у холе новай школы — а ён даволі вялікі — паставіць статую бусла, а потым і ў кожным класе «пасадзіць» маленькага бусліка.

Што ж ёсць у новай школе? У прасторным будынку памесцяцца і школьнікі, і дашкаляты. Астатняя месца зоймуць вялікі хол, спартыўная зала, харчблок. Агульная тэрыторыя ўстановы зараз — каля 5 гектараў. На адным гектары — спартыўныя пляцоўкі: хакейная, футбольная, валейбольная, баскетбольная і іншыя. Ёсць бібліятэка, камп’ютарныя класы і ўсё патрэбнае для плённага навучання.

— Яшчэ добра, што нарэшце забудзем пра пячное ацяпленне. У старой школе было 20 (!) печак, а тут — свая кацельная. Яшчэ запланаваны агарод і сад. Сад, як было вырашана, пасадзяць самі дзеці з бацькамі, каб надоўга аб іх засталася памяць і было сваё дрэўца. Што ж, ёсць школа — будуць і дзеці. А будуць дзеці, і вёска будзе жыць, — упэўнена дырэктар школы Жанна Булко.

Надзея БУТОВІЧ, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

ДА ТЭМЫ

Акрамя Лелюкінскай школы, 1 верасня сваіх першых вучняў прымуць яшчэ 4 новыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: на Брэстчыне базавая школа ў вёсцы Альгомель Столінскага раёна і сярэдняя школа ў вёсцы Вулька-2 Лунінецкага раёна, а таксама сярэдняя школа ў вёсцы Гвазніца Маларыцкага раёна, на Гомельшчыне — сярэдняя школа № 4 у Мазыры, у тым ліку сярэдняя школа ў мікрараёне Каменная Горка-5 у Мінску. Да таго ж да канца 2012 года будзе ўведзена ў строй сярэдняя школа ў мікрараёне Каменная Горка-2, таксама ў Мінску.

Усяго ж да пачатку новага навучальнага года ў Беларусі закрыты або рэарганізаваны 202 школы, уведзены ў строй шэсць. Адрамантавана больш за 2 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, патрачана звыш 220 мільярдаў рублёў. У той жа час капітальны рамонт патрэбны яшчэ 2 тысячам 307 школам, дашкольным установам і іншым установам адукацыі (вядзецца ён на 432 аб’ектах). У праекце бюджэта на 2013 год прадугледжана дадатковае выдзяленне аблвыканкамамі сродкаў на рамонт школ — 340 мільярдаў рублёў. Увогуле, у новым навучальным годзе будуць працаваць больш за 8 тысяч 900 устаноў усіх узроўняў адукацыі і навучацца каля 2 мільёнаў чалавек.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter