Дзяцінства яркія хвілінкі

Удзельнікі Творчай майстэрні і Шоу-тэатра «Хвілінка» Таццяны Пановай — артысты юныя, але ўжо вядомыя
Удзельнікі Творчай майстэрні і Шоу-тэатра «Хвілінка» Таццяны Пановай — артысты юныя, але ўжо вядомыя. За 22 гады, што існуе калектыў, паспелі не раз гучна заявіць пра сябе са сцэны. Спяваюць, танцуюць, ствараюць адмысловыя яркія музычныя спектаклі і канцэртныя праграмы, якія немагчыма не заўважыць.


На сцэне — «Хвілінка».

І — заўважаюць. Невыпадкова ж запрашаюць выступіць «Хвілінку» на многіх значных культурных мерапрыемствах. Яны — неаднаразовыя ўдзельнікі галоўнай навагодняй ёлкі краіны, канцэртаў стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Мала­дзечне, канцэртаў у гонар Дня Незалежнасці і Дня Перамогі. Ім апладзіравалі госці нядаўняга чэмпіянату свету па хакеі, іх ведаюць гледачы Маладзёжнага тэатра эстрады, у рэпертуары якога ёсць нават спецыяльна пастаўлены для «Хвілінкі» мюзікл. З конкурснымі перамогамі і лаўрэацкімі званнямі не раз вярталіся артысты з Украіны, Расіі, Балгарыі, Польшчы, Македоніі, Чэхіі.

Таццяна ПановаКола прыхільнікаў калектыву пашыраецца з года ў год. Яго стваральнік і нязменны мастацкі кіраўнік Таццяна Панова не хавае: прыемна, што ўдаецца ажыццяўляць некалі задуманае. І дадае: поспех у педагагічнай дзейнасці немагчымы без зацікаўленага творчага тандэма вучняў і настаўніка. Гаворыць: мае поспехі — гэта перш за ўсё поспехі маіх дзяцей. Свае для яе — уся «Хвілінка».

Сабраць эстрадны дзіцячы калектыў яна марыла адразу, як пасля заканчэння музвучылішча і Універсітэта культуры і мастацтваў маладым спецыялістам прыйшла працаваць у школу гарадскога пасёлка Сокал недалёка ад Мінска. Менавіта там і нарадзіўся ансамбль «Хвілінка», які пазней перабраўся ў Палац культуры МАЗа, стаў вядомым тэатрам эстраднай песні, а пасля — Творчай майстэрняй эстраднага мастацтва «Хвілінка». Дарэчы, зараз калектыў асвойваецца ў новых сценах — у мінскай гімназіі № 75. Цікава, што кіруе ёй Васіль Ананька, менавіта ён быў тым дырэктарам школы ў Сокале, які некалі падтрымаў ініцыятыву апантанай творчасцю маладой настаўніцы стварыць дзіцячы эстрадны вакальны ансамбль. І вось — творчае сяброўства працягваецца. 

Зараз у асноўным скла­дзе «Хвілінкі» звыш 30 артыстаў ад 6 да 20 гадоў. Таццяна Панова ганарыцца, што не пакідаюць калектыў тыя, хто зай­маецца ў ім па 10—15 гадоў. Многім «Хвілінка» дала пуцёўку ў творчую прафесію. З іх ліку, напрыклад, Кацярына Шумская, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў, уладальніца Гран-пры рэспубліканскага конкурсу «Белазаўскі акорд» і першай прэміі леташняга нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні ў Мала­дзечне. Дзяўчыне зараз 19, яна студэнтка Універсітэта культуры і мастацтваў, але па-ранейшаму застаецца салісткай-вакалісткай калектыву. У тым жа ўніверсітэце вучыцца Ганна Сямёнава. Сёлета яна стала рэпетытарам у падрыхтоўчай групе «Хвілінкі», працуе з пачаткоўцамі, але і сама танцаваць у Шоу-тэатры працягвае. 

Екатерина ШумскаяЯк тут гавораць, «Хвілінка» — гэта сям’я і лад жыцця, ад якіх вельмі не хочацца адмаўляцца. Таму і на рэпетыцыі сюды і старэйшыя, і малодшыя не ідуць, а бягуць. Бо тут не толькі вучаць вакалу, харэаграфіі, акцёрскаму майстэрству. Тут мараць і сябруюць, разам прыдумляюць канцэртныя нумары, малююць сцэнічныя касцюмы. Абмяркоўваюць праведзеныя майстар-класы с Аляксандрам Рыбаком, Анастасіяй Валачковай ці Русланам Аляхно, сумесныя выступленні з Пятром Елфімавым, Інай Афанасьевай, успамінаюць сустрэчы з кампазітарамі Эдуардам Зарыцкім, Валерыем Івановым, Алегам Елісеенкавым і з задавальненнем развучваюць падораныя імі новыя песні. Тут цікава і па-сямейнаму цёпла. 

Дарэчы, «Хвілінкай» калектыў Таццяна Панова ў свой час назвала не выпадкова. Гаворыць, хацела, каб ад яго дзейнасці хвілінкі радасці і шчасця атрымлівалі ўсе — і самі дзеці, і іх бацькі, і настаўнікі, і гледачы, якія прыходзяць на канцэрты. Яна абсалютна ўпэўнена: яркае дзяцінства абавязкова перарасце ў цікавае юнацтва, а час, праве­дзены з такімі хвілінкамі радасці, з прыемнасцю будзе ўспамінацца і ў дарослым жыцці.

Вось і зараз, працягваючы накопліваць такія творчыя сонечныя хвілінкі, юныя артысты не спяшаюцца разыходзіцца на канікулы. Плануюць будучы канцэртны сезон, сумесны канцэрт з даўнімі сябрамі «Хвілінкі» — заслужаным артыстам Беларусі спеваком Уладзімірам Правалінскім і народным артыстам краiны кампазітарам Эдуардам Зарыцкім, развучваюць нумары да традыцыйнай восеньскай акцыі «Дарога дабрыні» — гэта асобная дабрачынная старонка ў творчай дзейнасці «Хвілінкі», да якой тут ставяцца з асаблівымі пачуццямі і дарослыя, і дзеці, рыхтуюць спецыяльную праграму выступлення, закупляюць разам падарункі. 

А ў бліжэйшы час «Хвілінка» адправіцца на фестываль «Музычныя вечары ў Мірскім замку». Артысты Шоу-тэатра запрошаны 13 чэрвеня прыняць удзел у сольным канцэрце вядомай спявачкі Алёны Ланской. Рэпеціруюць. Хвалююцца.

Дарэчы, калі вы яшчэ не знаёмыя з удзельнікамі «Хвілінкі», пазнаць іх на сцэне вельмі проста. Любімая прычоска дзяўчынак — касічкі, упрыгожаныя белымі «крабікамі». Прыдуманая больш за 20 гадоў таму «фішка» засталася дасюль, і нават старэйшыя ўдзельніцы калектыву пры нагодзе ад яе не адмаўляюцца. «Вунь тыя «беленькія» на сцэне — гэта «Хвілінкі», — адразу заўважаюць гледачы.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter