Адна з галоўных рэзідэнцый Сапегаў - Дзярэчын

Дзярэчын: турмаршрут з аграгарадка ў "сялянскую хату"

ПЯЦЬ стагоддзяў таму княжацкі маёнтак Дзярэчын, што паміж старажытнымі Ваўкавыскам і Слонімам, атрымаў статус мястэчка. Значна раней ён узгадваецца ў пісьмовых крыніцах як уладанне баярына Дрэмута. Пазней князь Вітаўт “за адданую службу” падараваў панскі двор роду Копачаў. У цэнтры яго ўзвысіўся праваслаўны храм Святога Спаса. Дзярэчынам валодалі ў розныя часы каралеўскі пісар Аляксандр Нікольскі, Сямён Палазовіч, князі Сангушкі, Адзінцэвічы, Палубінскія, Вішнявецкія, Валовічы, Нарбуты.


Пісар Канстанцін Палубінскі на пачатку ХVII стагоддзя заснаваў тут касцёл і кляштар дамініканцаў, пры якім адкрыліся школа, бібліятэка і шпіталь. 

Размешчанае на скрыжаванні дарог мястэчка часта цярпела ад замежных захопнікаў. Асабліва значны ўрон нанесла яму Вялікая Паўночная вайна 1700—1721 гадоў. Дзярэчын выстаяў, побач з ім паўстала адна з галоўных рэзідэнцый магнатаў Сапегаў. У шматлікіх залах палаца размясціліся калекцыі малярства, зброі літоўскіх гетманаў, каштоўнага посуду, ваенных трафеяў, старажытных дакументаў. 

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паселішча адышло да Расійскай імперыі. Яго ўпрыгожылі класічныя будынкі царквы Святога Спаса, касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сінагогі. Дзейнічалі млын, багадзельня, дзве школы, крамы. Штогод ладзіўся вялікі кірмаш. 

Народныя майстры Міхаіл ГРЫНЦЭВІЧ і Валерый ФІЦІНСКІ

У дваццатыя гады мінулага стагоддзя згодна з Рыжскай дамовай Дзярэчын апынуўся пад уладай буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання з БССР стаў цэнтрам сельсавета і калгаса імя Чарняхоўскага Зэльвенскага раёна. 

Летам 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі тут 6479 жыхароў. Месца трагедыі ўвекавечана мемарыялам. На абеліску ў цэнтры Дзярэчына выбіты 199 прозвішчаў і 114 невядомых змагароў, што загінулі пры вызваленні мястэчка. 

Старшыня сельвыканкама Святлана ГРЫНЦЭВІЧ

У пасляваенны перыяд дзейнічалі лесазавод, млын, пякарня, каўбасны цэх, камбінат бытавога абслугоўвання, бальніца. Дзесяць гадоў таму Дзярэчын атрымаў статус аграгарадка.

З МІНСКА да зэльвенскага Дзярэчына можна дабрацца чыгункай і аўтатранспартам з перасадкай у райцэнтры. Мне больш спрыяльным падаўся першы варыянт. Праз чатыры з паловай гадзіны сталічны тлум змяніўся цішынёю чыгуначнага вакзала на станцыі Зэльва. У аграгарадок, да якога паўтара дзясятка кіламетраў, адправіўся з начальнікам буракапрыёмнага пункта Андрэем Кухтам. З-за пакатага ўзгорка, як на далоні, у яркіх сонечных промнях заззялі купалы мураванай беласценнай царквы, а крыху воддаль над сялянскімі сядзібамі ўзвышаліся гатычныя шпілі касцёла. Асфальтаваная стужка дарогі перайшла ў вуліцу, паабапал якой чарадуюцца ладныя даўнія муры, пафарбаваныя драўляныя дамы і дыхтоўныя катэджы. Кожны падворак выходзіць на вуліцу палісаднікам. Што ні сядзіба — сад. 

Тэрэса і Сямён ВАРГАНЫ

Вартавымі акружылі акуратны будынак сельвыканкама стромкія таполі. За маладымі дрэўцамі ўзвышаецца мармуровы абеліск з выбітымі на ім прозвішчамі вызваліцеляў Дзярэчына. Старшыню сельвыканкама Святлану Грынцэвіч суцяшае, што паступова на помніку змяншаецца колькасць невядомых салдат. У брацкай магіле пахаваны і Герой Савецкага Саюза Казбек Нуржанаў. У баях з фашыстамі ён узначальваў групу захопу. Байцы адважна дзейнічалі на флангу нямецкай абароны. Вызваляючы Ваўкавыск ад акупантаў, камандзір Нуржанаў атрымаў смяротнае раненне. Яго імя прысвоена адной з вуліц Ваўкавыска і школе ў яго родным казахскім пасёлку Актагай. 

Два стагоддзі таму на дзярэчынскім цвінтары знайшоў вечны спачын рускі генерал Ермалай Ермалаевіч Гампер, які, кіруючы Смаленскім драгунскім палком, вызваляў ад напалеонаўскіх войск Мінск, Слонім, Зэльву. Непадалё- ку ад дагледжанай магілы генерала пакояцца ні ў чым не павінныя 19 юнакоў з суседняй вёскі Острава, якіх расстралялі азвярэлыя акупанты ў жніўні 1942 года.

Механізатар Сяргей КАЧУК

ЖАХІ ваеннага ліхалецця зведалі старажылы Дзярэчына Тэрэса і Сямён Варганы, да якіх параілі завітаць у сельвыканкаме. Вокны іх невялікага пафарбаванага драўлянага дома з квітнеючымі вазонамі, нібыта вочы гаспадароў, глядзяць на ціхую вуліцу, што вядзе да касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перад агародам — студня з калаўротам, дахам і лавачкаю для вёдзер. На высокім падмурку — зашклёная веранда з драўляным ганкам. Хлявы і хлеўчыкі — на падворку. Ва ўсім адчуваецца клапатлівы гаспадар. 

Рухавы, невысокага росту, у акулярах, ён здзіўлена сустрэў нас на парозе. З бакавога пакоя нетаропка выйшла гаспадыня. Адразу кранула іх сціпласць. Дачка і тры сыны раз’ехаліся. Маюць свае сем’і, але бацькоўскі дом не забываюць. Кожнае лета тут гасцююць унукі і праўнукі. А іх у Варганаў больш за дваццаць. Жывуць у розных кутках Беларусі. Як родная дачка, штодзённа клапоціцца пра Тэрэсу Валер’еўну і Сямёна Сцяпанавіча сацыяльны работнік Вольга Панасік. Сямігадовы Мікітка падсабляе маці. Пакуль Вольга Уладзіміраўна прыбірае хату, бярэмак дроў прынясе, ганак ад снегу ачысціць. Часта наведваецца з Зэльвы сын Сяргей Варган, які ўжо на пенсіі. 

Кіраўнік раённага Дома рамёстваў Ала СІДОРЫК

65-ю вясну сустракаюць разам Тэрэса Валер’еўна і Сямён Сцяпанавіч. У далёкім 1953 годзе калгасам гулялі іх камсамольскае вяселле. Гаспадар летась размяняў дзясяты дзясятак. Крыху слых падводзіць. Памяць моцна трымае перажытае. Асабліва вайну. На ўсё жыццё запомнілася, як фашысцкія самалёты бамбілі мост праз Шчару. Вусны Сямёна Сцяпанавіча задрыжэлі, калі стаў узгадваць, як у той чэрвеньскі дзень пасвіў кароў за вёскаю Руда Яворская, што паміж Слонімам і Дзярэчынам. Грукат бомб страшэнна напужаў. Хуценька пагнаў статак да лесу. Адтуль надвячоркам убачыў, як над вёскай палала вогнішча. Надта перапужанага знайшоў яго бацька. Разам пагналі далей у лес кароў. Вёску ворагі спалілі дашчэнту. За лугавінай, дзе пачыналася балота, у вялікай адрыне, у якой захоўвалі сена, сабраліся жыхары спаленай фашыстамі Руды Яворскай. Сям’я Варганаў з суседзямі ўладкаваліся ў грыбаварні. Жылі ў лесе да канца акупацыі. 

Балючыя ўспаміны пра вайну і ў Тэрэсы Валер’еўны. З бацькамі жыла на хутары. У першыя дні фашысцкай акупацыі ў хату папрасіліся два цяжкапараненыя чырвонаармейцы. Хадзіць не маглі. Паслалі ім на падлозе. Усёй сям’ёю выходжвалі. На падворку была студня. Да яе заляцелі на матацыклах некалькі гітлераўцаў. Распрануліся і сталі мыцца. Усхваляваная гаспадыня дрыжачым голасам распавядала, як паранены баец, пачуўшы нямецкае гаргатанне ў двары, занепакоена енчыў: “А нас яны не заб’юць?” Памятае Тэрэса Валер’еўна, як збянтэжыліся бацькі, калі фашысты накіраваліся ў хату. Убачылі параненых і на вачах у хутаран расстралялі іх. Дзесяцігоддзі мінулі, а быццам учора гэта было.

Дырэктар ясляў-саду—сярэдняй школы Алена МУЛЯРЧЫК

ДА выхаду на пенсію Тэрэса Валер’еўна працавала медработнікам. Сямён Сцяпанавіч на трактары апрацоўваў палі ў калгасе імя Чарняхоўскага. Гаспадарку аб’ядналі з суседнім сельгаспрадпрыемствам “Галынка”. У Дзярэчыне засталіся жывёлагадоўчая ферма і машынны двор. Некалькі дзясяткаў жыхароў аграгарадка працуюць там.

Бацьку замяніў на магутным трактары Сяргей Качук, з якім мы сустрэліся ля рамонтнай майстэрні. Не за гарамі выхад у поле. Механізатар расказаў, што кожную дэталь “Беларуса” перабраў. Спадзяецца, як і ў былыя гады, трактар не падвядзе. Жонка Сяргея Мікалаевіча гандлюе ў вясковым магазіне. Маладой сям’і гаспадарка выдзеліла катэдж у вёсцы Угрынь. Двое дзетак падрастаюць. Прыватызаваць жыллё пакуль не дазваляе сямейны бюджэт. 

Сацыяльны работнік Вольга ПАНАСІК з сынам Мікітам

Многія працаўнікі сельгаспрадпрыемства жывуць у добраўпарадкаваных кватэрах. У аграгарадку плануецца будаўніцтва станцыі па абезжалезванні вады. Навакольныя вёскі пусцеюць. На тэрыторыі сельсавета больш за сотню дамоў без гаспадароў. Для навядзення парадку неабходна прайсці праз абавязковыя юрыдычныя працэдуры. Сельвыканкам разам з кіраўніцтвам КСУП “Галынка” ачышчаюць кінутыя сядзібы ад развалін і вызваленыя землі ўводзяць у севазварот. Запатрабаваныя ўчасткі перадаюцца новым гаспадарам. Сёлета плануецца добраўпарадкаваць больш дзесяці закінутых падворкаў у вёсцы Алексічы. 

Здзіўляе, што такі дзіўны куточак, дзе некалі красаваліся палацы, ладзіліся раскошныя фэсты, мала абнаўляецца новымі дамамі. У сельвыканкаме спадзяюцца на развіццё прадпрымальніцтва, фермерства. Па дзясятку падворкаў засталося ў больш падобных на хутары Бібіках, Валькевічах, Морачы, Савічах, акружаных багатымі лясамі. Гаючыя крыніцы пояць прытокі паўнаводнай Шчары.

Народны ансамбль “Званочкі”.

Зачаравалі дзівосныя краявіды Ганну Клімовіч і яе мужа Аляксандра Салаўя. Пяцёра дзяцей у іх. З дапамогай дзяржавы купілі сялянскі дом у цэнтры Дзярэчына, адрамантавалі і пашырылі яго. На прысядзібным участку пасадзілі садовыя дрэвы. Шматдзетнай маці дапамагае ўпраўляцца з дзецьмі бабуля Валянціна Міхайлаўна. Дзіма, Настасся і Ігар — школьнікі. Трынаццацігадовы Паўлік спасцігае навуку дома. Настаўнікі займаюцца з ім. Меншая Дамініка ходзіць у дзіцячы садзік. Гаспадар Аляксандр Віктаравіч працуе станочнікам на прыватным дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. 

Вучаніца 10-га класа Алена КАРОЛЬ

Траіх дзетак выхоўвае былая загадчыца дзіцячага сада Таіса Біч. Двое яе сыноў ужо маюць сем’і. Таіса Мікалаеўна прыняла з сацыяльнага прытулку Ангеліну, Алёшу і Дзіму. Яны радуюць паспяховай вучобай. Маленькая Каралінка папоўніла сям’ю Ядвігі і Івана Панасікаў. Іх родныя дзеці таксама выраслі і раз’ехаліся. Летась у сельсавеце на паўтара дзясятка пабольшала школьнікаў. Дзіцячы сад аб’яднаны з сярэдняй школай. Дзейнічае пры ёй і навучальна-вытворчы камбінат, дзе старшакласнікі з усіх школ раёна па суботах засвойваюць кіраванне трактарам і легкавым аўтамабілем. Дзейнічаюць і курсы падрыхтоўкі вадзіцеляў для жыхароў раёна. Вось толькі пасля заканчэння вучобы мала хто з выпускнікоў застаецца працаваць на зямлі. У школе старшакласнікі засвойваюць прафесіі повара, швачкі. На летніх канікулах будучыя кулінары практыкуюцца на кухні зэльвенскага лагера адпачынку. 

Ганна КЛІМОВІЧ з сынамі Дзімам, Паўлікам, Ігарам і дачкою Настассяй.

З ДЫРЭКТАРАМ школы Аленай Мулярчык прайшліся па навучальных кабінетах, агледзелі арыгінальную “сялянскую хатку”. У задумках Алены Віктараўны — стварыць краязнаўчы куток па гісторыі Дзярэчына. З даўняй мінуўшчыны славіцца мястэчка выбітнымі ўмельцамі, заўзятымі спевакамі. Тут дзейнічае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. У 12 гуртках амаль сотня пачынаючых умельцаў рознага ўзросту. Клубам майстроў “Натхненне” кіруе загадчыца аддзела рамёстваў Ала Сідорык. Сакрэты разьбы па дрэве дарослым перадае Міхаіл Грынцэвіч, а юных разьбяроў вучыць Валерый Фіцінскі. Прасторныя пакоі аддзела рамёстваў нагадваюць багаты музей. Пад адным дахам размешчаны і сельскі Цэнтр культуры і адпачынку. Без спеваў ансамбля “Званочкі” не абыходзяцца ўрачыстасці аграгарадка. Любяць і чакаюць выступленні самадзейнага калектыву на Гродзеншчыне. Праз Дзярэчын пралягае турыстычны маршрут “Зэльвенскі дыярыуш”. Кожная сустрэча гасцей зачароўвае не толькі багатай спадчынай, але і цудоўнымі спевамі.

Нездарма кажуць, што ў Дзярэчыне, што ні хата — то песня, што ні двор — то сад. 

Зэльвенскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter