Аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі мела велізарныя сацыяльныя наступствы для Беларусі

Дзякуй усім!

“30 гадоў пасля Чарнобыля …” Магчыма, гэты выраз не надта актуальны сёння. Жыццё працягваецца. Пройдзе 40, 50 гадоў з таго моманту, калі ў Чарнобылі прагрымеў, па сутнасці, атамны  выбух. Так, здарылася тэхнагенная катастрофа, якая прыцягнула ўвагу ўсяго свету. Пацярпелі людзі, у зямлю трапілі радыенукліды — у Беларусі, дарэчы, больш за ўсё. Але рэспубліка, краіна з гонарам выйшлі з сітуацыі.

Не сакрэт, што аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі мела велізарныя сацыяльныя наступствы для Беларусі. Пасёлкі і вёскі паблізу станцыі пусцелі. Сотні тысяч жыхароў былі эвакуяваны ў бяспечныя ад аварыі месцы, пераселены на сталае жыхарства ў іншыя рэгіёны. Катастрофа прывяла да велізарных эканамічных страт. Паводле некаторых ацэнак, сума, неабходная для  пераадолення наступстваў тэхнагеннай аварыі, складае сотні мільярдаў  долараў.

На працягу першых чатырох гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС савецкія ўлады змагаліся з наступствамі выбуху сваімі сіламі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і яе партнёры шукалі спосабы аказання дапамогі па ацэн­цы ядзернай бяспекі і экалагічных умоў на забруджанай тэрыторыі, а таксама дыягнаставанні розных захворванняў, атрыманых у выніку аварыі. Акрамя таго, дзейнасць ААН была накіраваная на павышэнне дасведчанасці жыхароў пацярпелых раёнаў і навучанне насельніцтва абароне ад радыенуклідаў, якія ўтрымліваліся ў навакольным асяроддзі і сельскагаспадарчай прадукцыі.

З часам стала зразумела, што задача аздараўлення навакольнага асяроддзя і паляпшэння стану здароўя непарыўна звязана з пытаннямі развіцця. ААН, буйныя няўрадавыя арганізацыі і фонды рэалізавалі больш за дзвесце розных праектаў, звязаных з правядзеннем даследаванняў і аказаннем дапамогі ў такіх сферах, як ахова здароўя, ядзерная бяспека, інфармаванне, сацыяльна-псіхалагічная і эканамічная рэабілітацыя, аднаўленне навакольнага асяроддзя і вытворчасць чыстых прадуктаў.

 Пасля 30 гадоў рэабілітацыі садзеянне  сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў спалучэнні з інфармаваннем насельніцтва пра тое, як бяспечна жыць на пацярпелых тэрыторыях, адыгрывае важную ролю ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая значна знізіла якасць жыцця ў найбольш пацярпелых ад аварыі рэгіёнах.

Больш падрабязна пра супрацоўніцтва ААН і Беларусі па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі чытайце ў матэрыяле “Пакідаючы добры след”.

Безумоўна, у вырашэнні чарнобыльскіх праблем асноўны цяжар лёг на Беларусь. Бо наступствы аварыі найбольш адбіліся менавіта на яе тэрыторыі, людзях. Вось такім быў зыходны пункт тых падзей 26 красавіка 1986 года:

“...Недалёка ад украінскага горада Прыпяць адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Выбухі, якія разбурылі корпус рэактара атамнай cтанцыі, і  пажар, што рушыў за імі і доўжыўся 10 дзён, прывялі да з’яўлення радыеактыўнага воблака над большай часткай Еўропы і выпадзення каля 70 пра­цэнтаў радые­актыўных ападкаў на тэрыторыі Беларусі”.

Паводле ацэнак, у выніку аварыі пацярпелі больш за восем мільёнаў чалавек з Беларусі, Украіны і Расіі. Сухая статыстыка скупа адлюстроўвае складанасць тых падзей. Але важна памятаць: была праведзена вялікая работа. Трэба прызнаць, што маладая беларуская дзяржава тады, сапраўды, з гонарам выйшла з сітуацыі.

А пра спагадлівасць сусветнай супольнасці мы таксама памятаем. І ўдзячныя за аздараўленне дзяцей з найбольш пацярпелых раёнаў, за тэхнічнае садзеянне, за фінансавую і гуманітарную дапамогу. Дзякуй усім!

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter