Как к нам пришло барокко

Дзякуй, Джавані

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы лічыцца першым помнікам архітэктуры барока на тэрыторыі не толькі нашай краіны, але і ўсёй Усходняй Еўропы. І за яго мы ўдзячны італьянскаму архітэктару Джавані Марыя Бернардоні, якога запрасіў у Нясвіж Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка.

wikipedia.org   

Джавані нарадзіўся на поўначы Італіі, у юнацтве працаваў мулярам. Ва ўзросце 23 гадоў прыйшоў у Рым, каб уступіць у ордэн езуітаў і стаць архітэктарам. Працаваў на будаўніцтве галоўнага ордэнскага храма ў Рыме Іль-Джэзу, затым быў накіраваны ў Мілан, Неапаль і іншыя італьянскія гарады. Пасля чаго таленавітага архітэктара чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую — князь Мікалай Радзівіл Сіротка даўно прасіў у ордэна архітэктара. Праўда, да месца новага прызначэння Джавані даехаў не адразу. Па дарозе Бернардоні быў перахоплены рэктарам Люблінскага езуіцкага калегіума. У Нясвіж Джавані прыбыў толькі праз тры гады — у 1586-м. Праўда, адразу ж узяўся за работу. У тым жа годзе быў скончаны праект касцёла — за ўзор быў узяты рымскі Іль-Джэзу. У наступным — закладзены фундамент.

Будаўніцтва храма ішло 6 гадоў. Кіраваў ім Бернардоні. Але Мікалай Радзівіл Сіротка, які добра разбіраўся ў архітэктуры, часта ўносіў змены ў праект. У прыватнасці, паведамляе niasvizh.by, настаяў на тым, каб быў зроблены вялікі купал, як у італьянскіх храмах. У выніку касцёл атрымаўся больш велічным і пышным, чым планавалася першапачаткова. 1 лістапада 1593 года ў храме прайшла першая служба, а 7 кастрычніка 1601 года касцёл быў урачыста асвечаны. З гадамі ў нясвіжскім касцёле шмат што было спрошчана, перароблена, дабаўлена новага, асабліва ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Але аснова будынка як унутры, так і звонку засталася нязменнай з часоў Бернардоні.

Фото Алексея Столярова

Памяць пра выбітнага італьянскага архітэктара, які падараваў беларусам шыкоўны касцёл, і сёння жыве ў Нясвіжы. Да прыкладу, сёлета, да 480-годдзя з дня нараджэння Джавані Марыя Бернардоні, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» арганізуе Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю школьнікаў і студэнтаў «Архітэктурныя помнікі барока на тэрыторыі Беларусі ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў». Канферэнцыя запланавана на 8 снежня.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter