Пятрусь Капчык - прадстаўнік беларускай дыяспары Украіны Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету

Дзякуй, дружа!

Толькі падтрымліваючы адзін аднаго змогуць утрымацца ў неспакойным свеце родныя людзі. Узаемадапамога беларусаў Украіны — таму прыклад.
Толькі падтрымліваючы адзін аднаго змогуць утрымацца ў неспакойным свеце родныя людзі. Узаемадапамога беларусаў Украіны — таму прыклад.

druzha2.pngТак склалася, што я быў адзіным, але актыўным прадстаўніком ад усёй шматтысячнай беларускай дыяспары Украіны на Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Дый то: у адзіночку, пенсіянер, такую вандроўку, пэўна, не адужаў бы... Ведаю, некаторыя з суайчыннікаў па фінансавых прычынах так і не змаглі патрапіць на фэст — у прыватнасці, з Малдовы. Аднак — пра ўсё па парадку.

Уранні 12 верасня цягніком “Чарнаўцы—Магілёў” я прыехаў у Мінск. Дарэчы, удзельнічаў тры гады таму і ў Першым фэсце. Дык вось, і ў ліпені 2011-га, і цяпер мяне сустракаў спадар Віктар Камісарук — намеснік старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў. На ўласным аўто адвёз у гатэль, апекаваўся мною і потым. Знаёмыя з Віктарам Сяргеевічам даўно — з часу Другога з’езду беларусаў свету. Мне заўсёды імпанавала вайсковая вытрымка і выпраўка земляка — ён падпалкоўнік запасу, былы выкладчык, навуковец Харкаўскай ваенна-інжынернай радыётэхнічнай акадэміі паветранай абароны. Гэта, расказваў, у савецкія часы быў найлепшы вучэбны і навуковы цэнтр па падрыхтоўцы вышэйшых інжынерных кадраў для войск ПВА вялізнай краіны. Родам ён з Кобрына. Гэта вельмі  інтэлігентны чалавек у паводзінах з субяседнікамі, сябрамі. Цаню ў ім і вернасць дадзенаму слову: што паабяцаў — абавязкова зробіць. Ва Усеўкраінскім саюзе беларусаў ён з’яўляецца “рухавіком” амаль усіх мерапрыемстваў і пачынанняў — мне цяжка і ўявіць сёння суполку без Віктара Камісарука. На апошнім з’ездзе УСБ у лістападзе 2013-га ў Кіеве мы аднагалосна абралі яго намеснікам старшыні па рэгіянальнай палітыцы, грамадскіх сувязях і міжнародных адносінах.

druzha1.pngЦяпер склалася так, што спадар Віктар знаходзіцца ў Мінску. Але і тут ён — у актыўным грамадскім жыцці. Шмат робіць для беларусаў, якія засталіся ў неспакойнай Украіне ці перасяляюцца з зоны баявых дзеянняў у Беларусь. Са старонкі газеты хачу падзякаваць Віктару Сяргеевічу не толькі ад уласнага імя, але і ад іншых прадстаўнікоў беларускай дыяспары Заходняй Украіны. Пабываць на Фэсце, актыўна ў ім паўдзельнічаць я змог дзякуючы яго фінансавай дапамозе: ён аплаціў дарогу ў абодва бакі. Так што пераадрасоўваю і яму частку той цеплыні, удзячнасці ад гледачоў, якую адчуваў, выступаючы са сваімі мікра-байкамі на розных імпрэзах Фэсту. А былі гэта і сцэна Палаца культуры аграгарадка Вясея, што пад Слуцкам, і адкрытая пляцоўка ля Палаца спорту — вялікі Канцэрт-падарунак ад суайчыннікаў мінчанам і гасцям на Дзень горада, і Коласаўскі музей, і сцэна Беларускай дзяржфілармоніі пад час Гала-канцэрту з удзелам выканаўцаў, гуртоў беларусаў замежжа. Як мне падаецца, гэта вельмі важна і сімвалічна, каб і Украіна ў падобных знакавых мерапрыемствах удзельнічала.

Мяркую, усе ведаюць: палітычная абстаноўка сёння ва Украіне складаная, час вельмі неспакойны, людзі масава гінуць, баяцца за сваё жыццё, за жыццё родных і блізкіх... І так важна і цяпер не апускаць рукі, усімі сіламі змагацца за тое, каб на гэтую зямлю вярнуўся мір і спакой. Беларусь робіць важны ўнёсак у справу пераадолення ўзброенага канфлікту на міжнароднай арэне — а мы з Віктарам Сяргеевічам на ўзроўні народнай дыпламатыі падтрымліваем стасункі паміж брацкімі народамі. Адзін — фінансамі, другі — мастацкімі творамі, выступленнямі. Што хаваць: узровень жыцця ва Украіне рэзка падае. Кошт квіткоў на цягнік вырас утрая ў параўнанні з 2011-м, калі я змог прыехаць на Першы фэст за свае грошы...

Духоўнае адзінства паміж беларускім і ўкраінскім народамі — вялікая каштоўнасць, якая ўзвышае нашу супольную свядомасць, вызначае і абумоўлівае многія нюансы цяперашніх нашых кантактаў. Думаю, СМІ варта часцей пра тое нагадваць чытачам, каб анікому не ўдалося ўбіць клін паміж народамі-братамі. Згадаем, як хораша пісаў Янка Купала: “Украіна — цвеце любы, сонцам гадаваны”… Асабіста для мяне Украіна — другая Бацькаўшчына. І я люблю аднолькава моцна дзвюх сясцёр: Беларусь і Украіну. І жыву ў горадзе Ізяслаў, які паабапал ракі Гарынь — а яна ж, пакуль упадзе ў Прыпяць, нясе воды і праз Беларусь. І праз горад Столін, дзе мне ў свой час давялося жыць і працаваць.

Яшчэ раз — паклон табе, паважаны Віктар Сяргеевіч! Разам мы моцныя. Наш сумесны, я так лічу, удзел у Фэсце — добры прыклад таго, што беларусам у змаганні за бяспеку сваю і сваёй Бацькаўшчыны, за свае жыццёвыя інтарэсы трэба ўмець аб’ядноўваць намаганні. І тады ўсё ў нас атрымаецца!

Пятрусь Капчык,
кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”, Ізяслаў, Украіна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter