У медыцыну Уладзіміра Царова прывяло спачуванне да сябра дзяцінства

Дзякуй, доктар!

 Пра доктара Царова, загадчыка аднаго з аддзяленняў Гарадскога клінічнага Цэнтра траўматалогіі і артапедыі 6-клінічнай бальніцы, што ў Мінску, чулі не раз ад тых, хто здабыў здольнасць хадзіць і жыць без болю. Самі бачылі не раз, як калега-журналіст, замяніўшы абодва тазасцегнавыя суставы, лёгка спускаецца па лесвіцы, што вядзе ў басейн. І на яго твары няма пакут, што, як правіла, суправаджаюць рухі людзей, якія жывуць з пастаянным адчуваннем болю. А нядаўна сяброўка з захапленнем расказвала, як абышла прыгажуню Прагу. І гэта са штучным суставам, які служыць ёй восем гадоў! А раней хадзіла толькі з кійком, пераадольваючы боль, глытала таблеткі. І не з меншым захапленнем успамінала Святлана пра Уладзіміра Уладзіміравіча: маўляў, ён цар і бог у сваёй справе… 



Неверагодна, але факт: тыя, хто вымушаны мяняць суставы — каленныя, тазасцегнавыя, галёнкаступнёвыя, — набываюць разам з імі новую якасць жыцця. І такіх за чвэрць стагоддзя ў краіне ўжо дзясяткі тысяч. Ёсць і замежныя грамадзяне: толькі за апошнія чатыры месяца гэтага года ў 60-ю клініку звярталіся па дапамогу і пралячыліся ў ёй 175 чалавек. А 27 праапераваны. Дарэчы, медыцынскі турызм у Беларусі становіцца ўсё больш папулярным. Таму мы і вырашылі ўнікнуць у асаблівасці работы беларускіх артапедаў і бліжэй пазнаёміцца з адным з тых, чыя практыка доўжыцца ўжо трыццаць гадоў. 

Жыў-быў боль…

— Уладзімір Уладзіміравіч, як вядома, з гадамі чалавеку ўсё цяжэй рухацца, і часцяком гэта прычыняе боль. Што пра выпадкі праблем з суставамі, якія зношваюцца, гавораць спецыялісты?  

— Сустаў выконвае прызначаную яму работу. А калі яе няма? Тады арганізм сам рэгулюе функцыянальнае прызначэнне — у залежнасці ад таго, якую праграму мы яму задаём. У арганізма ёсць рэгенератарныя здольнасці, і таму, да прыкладу, адрастаюць пазногці. Аднак, калі на падстрыжаны ногаць шчыльна надзець, скажам, напарстак, то ён расці не будзе: мы не стварылі ўмоў для яго росту. Сустаў — гэта біямеханізм для руху, і ён павінен працаваць актыўна. Але калі такой актыўнасці мала, то мы тым самым як быццам ставім арганізму новую задачу, і ён імкнецца яе выканаць. У нас, да прыкладу, пералом якой-небудзь косці, і ўрач не забяспечыў дастатковую нерухомасць у месцы, дзе часткі косці павінны зрасціся, так званую імабілізацыю. І таму ў зоне, дзе яна зламалася, ёсць мікрарухомасць. Праходзіць час, з’яўляецца пацыент і гаворыць: нічога не баліць, але на нагу абаперціся не можа — яна гнецца ў зоне пералому. Мы робім здымак і канстатуем: так, там утварыўся лжывы сустаў. У месцы, дзе косць павінна была зрасціся і стаць нерухомай, утварыўся спачатку рубец, потым валакністы храсток, а потым і сустаў. Разумны арганізм чалавека перабудаваў свае працэсы! А чаму? Таму што, падкрэсліваю, сустаў — рухальнае ўтварэнне. Вось так і нашы суставы часцяком пачынаюць прагрэсіўна зношвацца, таму што мы задаём ім нейкую іншую задачу. Скажам, даём вялікую, непасільную нагрузку. Выкарыстоўваючы іх як апору, перагружаем. Гэта здараецца і на пэўных работах, звязаных з фізічнай нагрузкай, і ў спорце…Звычайна ў суставах ідзе заканамерны працэс старэння, але як ён будзе працякаць, залежыць ад нас саміх. Ёсць, праўда, і захворванні, якія пагаршаюць стан суставаў: псарыяз, рэўматызм…

— Гэта значыць  мы, клапоцячыся пра свае суставы, павінны пастаянна рухацца, рабіць спецыяльныя практыкаванні?

— Так, гэта будзе дадатковы плюс. Калі пацыенты да нас прыходзяць на ранніх стадыях артрозу і потым, атрымаўшы рэкамендацыі, правільна сустаў эксплуатуюць, не адбываецца яго прагрэсіўнага зношвання.   

— Здаровы лад жыцця — абавязковы, калі ў старасці не хочаш аказацца ў інваліднай калясцы?

— Вядома! Акрамя таго, нельга дапускаць і іншых захворванняў, якія будуць пагаршаць храстковую і злучальную тканку.

— Ну а калі ўсё-такі, на жаль, склалася ўсё не так, як хацелася б, і сустаў трэба мяняць. Ці ёсць узроставая мяжа для эндапратэзавання? 

— Узроставай мяжы няма, вучыцца хадзіць зноў і радавацца жыццю ніколі не позна. Зрэшты, гэта залежыць ад агульнага стану арганізма. Ёсць прыклады, калі мы мянялі сустаў у 100 гадоў і больш. Летась былі два такія пацыенты — жанчына і мужчына. Абодва з траўмай: медыяльны пералом шыйкі сцягна. Звычайна ў такім узросце зрастанне не адбываецца. Агульны стан іх здароўя дазволіў перанесці гэтую аперацыю, і яны пайшлі ад нас на сваіх нагах. У чалавека ж вялікі патэнцыял. Сто гадоў — не мяжа. Цяпер у нас ляжыць пацыент, які прафілактычна падлечваецца ў клініцы. Яму 91 год. На выгляд не дасі больш за 65. Разумнік! Граматна ставіцца да свайго здароўя, своечасова звяртае ўвагу на пэўныя сігналы арганізма, а гэта важна, каб пасля не было паталогій. І нават яго суставы адрозніваюцца ад суставаў, якія звычайна мы назіраем на рэнтгенаграме ў 90-гадовых. Як чалавек выглядае — прыкладна такія ж і яго суставы. Дарэчы, гэты пацыент паставіў сабе задачу — пражыць 120 гадоў. 

— Ці часта да вас такія разумныя і жыццялюбівыя людзі трапляюць?

— Цяпер часцей, чым раней. І гэтыя людзі мяне захапляюць. Бо работа, звязаная з захаваннем свайго здароўя, не такая лёгкая, сказаў бы: яна вельмі нават цяжкая! Бо тут патрэбна і сістэмнасць, і затраты часу. Дарэчы, і праблемы з суставамі ў гэтых пацыентаў рэдкія. Калі і сустракаюцца, то яны звязаныя з прыроджанай паталогіяй. Прафілактычная медыцына цяпер, дарэчы, на ранніх стадыях можа папярэдзіць самае цяжкае цячэнне падобных захворванняў. Таму не трэба адкладваць візіт да спецыялістаў. Распрацавана, да прыкладу, дакладная сістэма дыягностыкі ранняга вывіху сцягна, дысплазіі тазасцегновага сустава. А на ранніх этапах без аператыўнага ўмяшання можна выправіць паталогію. 



Лепш раней…

— Удакладніце: у якім узросце, не звяртаючыся да аперацыі, можна выправіць дысплазію ў дзіцяці?

— Чым раней выяўлены змяненні, тым лепш. Як правіла, калі ў нованароджанага ёсць хоць нязначная паталогія, а часцей за ўсё гэта паталогія тазасцегновага сустава, то спецыяліст-артапед робіць ўльтрагукавое абследаванне, найменш шкоднае для здароўя малога. Бывае, галоўка сцягна не пакрываецца вяртлужнай упадзінай — так званы дэфіцыт пакрыцця галоўкі. Калі дыягназ пацвярджаецца, мы проста падводзім галоўку сцягна да ўпадзіны. Рэгенератарную здольнасць дзіцячага арганізма можна запатрабаваць, і ёсць методыкі, якія дазваляюць зрабіць гэта без аперацыі, гэта значыць кансерватыўным спосабам. А калі, здараецца, механізм рэгенерацыі не запускаецца ў выніку нейкіх генных прычын, то ў далейшым ідзём аператыўным шляхам.  Пры ўсіх плюсах і мінусах узровень нашых распрацовак высокі: сусветны!

— Рызыкняце сцвярджаць, што таксама на сусветным узроўні ідзе ў Беларусі эндапратэзаванне суставаў і ў сталым узросце?

— Так, магу гэта сцвярджаць. Усё, што робіцца за мяжой па эндапратэзаванні дарослых у самых развітых краінах, робіцца і ў Беларусі. Многія нашы дактары, загадчыкі кафедр — прызнаныя спецыялісты, якія прысутнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, што існуюць па нашым раздзеле медыцыны. Гэта дае магчымасць ім мець зносіны, абменьвацца досведам, медыцынскай інфармацыяй і карыстацца ўсімі найноўшымі тэхналогіямі, якія ў нашай спецыяльнасці патрэбныя. Вось нядаўна ў Беларусі прайшла канферэнцыя, у якой удзельнічалі ўрачы з Італіі, Польшчы, Індыі, Германіі ды іншых вядучых краін у галіне эндапратэзавання, дзе абмяркоўвалася праблема пратэзавання каленнага сустава.

Простых аперацый няма

— Чулі, што замяніць каленны сустаў, аказваецца, складаней, чым тазасцегнавы…

— Простых аперацый няма. Любая, нават самая маленькая, гэта заўсёды рызыка. Поспех гарантаваны толькі тады, калі падабрана дакладная методыка, якой спецыяліст валодае бездакорна, правільна ацэнена сітуацыя, з якой ён сутыкаецца. Калі з усім гэтым парадак, то поспех аператыўнага ўмяшання гарантаваны. Не было б такіх аперацый, ды і такога напрамку ў медыцыне наогул, калі б не было пазітыўных вынікаў. Аперацыі прыносяць задавальненне пацыентам, змяняецца якасць іх жыцця, не ўзнікае мноства іншых праблем — таму ідзе развіццё гэтага напрамку. Але гэта не значыць, што мы спяшаемся ўсім замяніць суставы. Мы імкнёмся, каб і прафілактыка давала свой плён, мінімізавала радыкальнае ўмяшанне.

— Нам вядома, што сумненні пацыентаў: мяняць сустаў-не мяняць, паходзяць з роздумаў — а раптам устаўная “жалезка” зломіцца па нейкіх прычынах? Бо і пратэзы не вечныя, і сустаў штучны таксама зношваецца…

— Навукоўцы ўжо вядуць даследаванні, шукаюць: як зрабіць так, каб пратэзы былі замяняльныя ўласнай тканкай — касцявой або храстковай. Тады яны змогуць праслужыць пацыенту да канца яго жыцця. У гэтым напрамку глыбокія даследаванні праводзіць РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. На першы погляд, працэс урастання ў касцявую тканку штучных суставаў здасца нерэальным. Але і палёт у космас калісьці быў фантастыкай, і на Цыялкоўскага глядзелі як на ненармальнага. У канцы 80-х — пачатку 90-х мы толькі намацвалі шляхі аказання дапамогі пацыентам з цяжкай ступенню артрозу. І верылі: хірургічным шляхам можна будзе дамагчыся добрых вынікаў. Калі параўноўваць той час і дзень сённяшні, то гэта як неба і зямля. Цяпер мы прадастаўляем людзям іншую якасць жыцця. Яны вяртаюцца ў соцыум і займаюцца сваёй прафесіяй, не баючыся, што іх суставы зносяцца. А вось  колькі ён праслужыць, адказаць складана. Ёсць пацыенты, якіх эндапратэзавалі ў 1987 годзе. Дзякуючы кантрольным абследаванням  магу зрабіць выснову, што і яшчэ нейкі час гэтыя пацыенты хадзіць будуць. Многае залежыць ад ступені разбурэння сустава да моманту пратэзавання, а таксама ці спатрэбіліся да замены сустава якія-небудзь умацавальныя мерапрыемствы яго элементаў. І немалаважна, ці ёсць у пацыента захворванні, якія стымулююць працэс няправільнага абмену ў касцявой тканцы, спынены ён ці не. Усё гэта таксама ўплывае на трываласць пратэза, на тое, будзе ён расхіствацца ці не. І пацыент сябе павінен весці правільна. Як бы там ні было, пратэз — чужароднае цела, і арганізм будзе на яго рэагаваць. Калі, да прыкладу, я захварэў, арганізм пачне бамбардзіраваць чужароднае цела, а гэта будзе расхістваць трываласць фіксацыі пратэза. Тазасцегнавы сустаў, дарэчы, можна параўнаць з шаравой апорай аўтамабіля. Адна справа, калі я езджу па роўнай шашы, і зусім іншая, калі па ўхабах: працэс зношвання шаравой апоры будзе зусім розным. Калі ўсе моманты ўлічаныя, то пратэз можа праслужыць больш за 20 гадоў. Ведаю і такіх людзей, у якіх пратэзы стаяць і па 30-40 гадоў. 

— Ці наладжана ў Беларусі вытворчасць эндапратэзаў?

— У нашай краіне вырабляюцца ў асноўным эндапратэзы тазасцегнавых суставаў на базе прадпрыемства “Альтымед” у Асіповічах. Яны маюць міжнародны сертыфікат, які зацверджаны Асацыяцыяй пратэзавання ў Швейцарыі. Дарэчы, гэта вялікая заслуга акадэміка, прафесара, доктара навук, былога рэктара БелМАПА, загадчыка кафедры, нашага настаўніка Аляксандра Руцкага, які нядаўна пайшоў з жыцця. Працэс удасканалення мы ўсе праходзілі праз гэтую кафедру і з пэўнай перыядычнасцю праходзім.  

— А якая методыка падбору сустава? Як гэта ўсё разлічваецца?

— Усё падбіраецца індывідуальна. Пачынаючы з той мадэлі, якая патрабуецца, і заканчваючы, скажам, пэўнымі якаснымі характарыстыкамі сустава. Для некаторых гэта камбінаваныя пратэзы, і ёсць яшчэ розныя спосабы фіксацыі — лепшы варыянт падбіраецца ў залежнасці ад асаблівасцяў арганізма. Аднолькавых пацыентаў няма, нават калі яны аднаго ўзросту. Важна захоўваць і памер — ён вызначаецца з дапамогай тэстараў. Перад аперацыяй хірург мае некалькі памераў гэтага сустава, які выбіраецца падчас яе правядзення. І гэта не меней складаная работа, чым сама аперацыя. 

Дакладны разлік

— Ці патрэбна, Уладзімір Уладзіміравіч, інтуіцыя ў вашай справе? Або ўсё прыходзіць з досведам?

— Інтуіцыя — рэч добрая, але ў нашай справе важная перш за ўсё наладжанасць усіх момантаў, якія папярэднічаюць аперацыі і падчас яе. Гэта хутчэй дакладны разлік. Планавая аперацыя абмяркоўваецца загадзя, і таму кожны ведае, што канкрэтна яму трэба рабіць у аперацыйнай. Гэта абавязковая ўмова. Аперацыя прайграецца не толькі ў аддзяленні: ёсць і сумесны яе разбор з кафедрай. Гэта для таго, каб улічваліся ўсе магчымыя нюансы. Брыгада, якая фарміруецца для аперацыі, працуе як адзіны арганізм. Таму дастаткова нават не гаварыць што-небудзь падчас яе, а кінуць погляд або пальцам на які-небудзь інструмент паказаць.

— Колькі аперацый у дзень праводзіцца ў вас у клініцы?

— У кожным аддзяленні, а іх у нас пяць, праводзіцца ў сярэднім дзве-тры аперацыі па эндапратэзаванні. 

— Раскажыце пра сваё аддзяленне.

— Гэта адно з першых аддзяленняў падобнага профілю, у ім цяпер 55 месцаў. Некалькі аддзяленняў у клініцы, у тым ліку і наша, задзейнічаныя ў Дзяржаўнай праграме, што прадугледжвае лячэнне пацыентаў, якія пакутуюць ад цяжкага захворвання суставаў, хірургічным спосабам. Пацыенты — на дыспансерным назіранні спецыялістаў, вызначана чарговасць аперацый. Дапамагаем тым, каму гэта найбольш патрэбна. У пачатку 90-х мы сустракаліся з цяжкімі формамі артрозу, калі паставіць эндапратэзы было вельмі складана ў выніку змяненняў, якія адбыліся ў суставах. Асабліва складана, калі сустаў ужо абезрухоўлены. Цяпер такіх выпадкаў няшмат: як я ўжо сказаў, працуе прафілактыка. Дапамагаем пацыентам выбудаваць правільную лінію паводзінаў. У аддзяленні працуюць граматныя спецыялісты, якія праводзяць аперацыі па замене суставаў. Але і ў іншых аддзяленнях яны цяпер таксама ёсць. У нашым аддзяленні праходзіць за год 350 аперацый, і іншыя аддзяленні нас ужо дагналі. У цэлым у клініцы — больш за 1000 эндапратэзаванняў за год.

— Мы чулі, аперацыі па эндапратэзаванні робяць і ў іншых клініках Беларусі…

— Так, мы не адны. Ёсць яшчэ і РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, і аддзяленне траўматалогіі і артапедыі ў клініцы ў Бараўлянах. Яны таксама ў Беларусі лідары, там выконваюць аперацыі на вельмі высокім узроўні. Падобныя пункты і цэнтры эндапратэзавання з’явіліся ва ўсіх абласных гарадах. Спецыялісты, якія там працуюць, валодаюць методыкай   і робяць аперацыі на дастойным узроўні. Яны праходзяць і стажыроўку ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, а таксама ў медыцынскай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Нават у раённых бальніцах ужо праводзяць такія аперацыі. Шэраг спецыялістаў стажыруюцца за мяжой. Мы трымаем планку, якая ўзята міжнароднай супольнасцю дактароў. Звяртаем увагу і на маладых спецыялістаў, робім усё магчымае, каб яны раслі. Бо гэта наша будучыня.

— Як доўга праходзіць аперацыя па замене, скажам, тазасцегновага сустава?

— Раней — дзве-тры гадзіны. На паток гэтыя аперацыі пастаўленыя ў 1988 годзе. Цяпер — гэта гадзіна з нечым, нават хвілін 50. Гэта вялікае дасягненне. 

— Якія метады абязбольвання вы прымяняеце?

— Спіннамазгавую анестэзію, так званы мясцовы наркоз, а таксама і агульны. Узважваюцца ўсе рызыкі, усе “за” і “супраць”. Перад аперацыяй прыцягваюцца ўсе спецыялісты, якія ацэньваюць стан пацыента: тэрапеўт, уролаг, эндакрынолаг…

— А калі ўсё ж пацыент сумняваецца, не ўпэўнены, што гэта аперацыя яму патрэбна, што тады? 

— Падбіраем кансерватыўныя методыкі і глядзім, як працякае лячэнне.

— На які дзень пацыент паднімаецца пасля эндапратэзавання?

— Ды на наступны і паднімаецца. Пацыенты, як мы гаворым, актывізаваныя ўжо ў ложку, пачынаюць спачатку садзіцца, а часам нават могуць стаць ля ложка. Але, як правіла, хадзіць пачынаюць на другі або трэці дзень. Раней гэта здаралася на пятыя-шостыя суткі. Чым хутчэй пацыент пачынае хадзіць, тым лепш для яго. І рызыка ўскладненняў змяншаецца.

Валерык, я цябе вылечу!

— Як вы прыйшлі ў медыцыну і ў гэтую спецыялізацыю? І адкуль вы родам?

— Нарадзіўся я ў Расіі. У двухмесячным узросце прыбыў з бацькамі ў Брэст: мой бацька Уладзімір Міхайлавіч служыў там, ён быў чалавекам ваенным. Бацька з маці, Лідзіяй Фёдараўнай, родам са Смаленшчыны, з вёскі Неўзучча (Невзучье) Руднянскага раёна. Я часам жартую, гаворачы, што мне часам не шанцуе таму, што там зарэгістравалі маё нараджэнне. Бацька  перажыў блакаду ў Ленінградзе, удзельнічаў у яго абароне, сёлета яму споўнілася 90 гадоў. Маці — ветэрынарны ўрач. Але ёй даводзілася з бацькам пераязджаць з часці ў часць, таму і людзям аказвала медыцынскую дапамогу. А ў Брэсце ўжо працавала старшай медсястрой у траўматолага-артапедычным аддзяленні. І брат Сяргей мой таксама урач. І сын Андрэй — доктар-стаматолаг. Жонка Наталля таксама стаматолаг. А вось дачка Ірына — юрыст. Як жартуе мой бацька: “У сям’і два нармальныя чалавекі: гэта я і мая ўнучка”.

Жыў я ў Брэсце, вучыўся ў фізіка-матэматычнай школе, прычым настолькі добра, што мне прадказвалі вялікую будучыню. Мае аднакласнікі, і я ў іх ліку, любілі фізіку і матэматыку. І выкладчыка фізікі Рувіма Міхайлавіча Баскіна. Урокі ён праводзіў так, што мы не заўважалі часу. У старэйшых класах праходзілі праграму першага-другога курсаў ВНУ. Нават потым у медінстытуце я карыстаўся школьнымі канспектамі па фізіцы. Школу ўспамінаю з вялікім трапятаннем, прычым я заўсёды дакладна ведаў: пайду ў медыцыну. Нават з гэтай сваёй спецыяльнасцю, як ні забаўна тое гучыць, вызначыўся ў 5 гадоў. І вось чаму. У мяне быў сусед, трохгадовы хлапчук, якому пры родах пашкодзілі плечавое спляценне. Адна рука зусім яго не слухалася. І бачыць такое, калі мы гулялі, было балюча. Для мяне гэта была вялікая псіхалагічная траўма. І вось тады для сябе я вырашыў, што абавязкова, калі вырасту і вывучуся на ўрача, яго вылечу. І ўсякі раз, калі мы сустракаліся, гаварыў: Валерык, я цябе вылечу! У інстытут паступіў у 1972 годзе. І калі праходзіў тэорыю, унікліва пытаў у выкладчыкаў: як можна вырашыць праблему сябра майго дзяцінства? Ад мяне адмахваліся, спасылаючыся на тое, што такі параліч вылечыць нельга. А я быў упэўнены: можна! Ёсць такія аперацыі, калі частка мышц-згінальнікаў перасаджваецца на разгінальныя. А ёсць і такія, якія стабілізуюць прамянёвазапясцевы сустаў, каб ён не боўтаўся. У цяперашні час з падобным паралічом дзеці нават і не сустракаюцца. Вядома, родавыя траўмы здараюцца, але гэта сёння хутка папраўнае, пра што не ведалі ў тыя часы, калі нарадзіўся Валерка. 

— І вам удалося дапамагчы сябру дзяцінства?

— На вялікі жаль, не. Калі я заканчваў інстытут і ўжо ведаў, якую аперацыю мы зможам яму зрабіць, Валерка трагічна пайшоў з жыцця…

Як утрымаць баланс?

— У інстытуце вы спецыялізаваліся па артапедыі?

— Я вучыўся на педыятрычным факультэце і спецыялізаваўся па траўматалогіі і артапедыі як дзіцячы ўрач. Працаваць пачынаў у дзіцячай паліклініцы. Калі да мяне прыводзілі дзіця, якое мела патрэбу ў дапамозе, я бачыў, як яму баліць, і як яно, не жадаючы, каб доктар зрабіў яму яшчэ больш балюча, спрабуе схаваць боль, таму гаворыць, што ў яго ўсё добра. Штораз, сутыкаючыся з такімі дзецьмі, я зведваў вялікі псіхалагічны ўдар. І сябе проста распінаў: трэба ж лячыць, трэба праходзіць праз боль… Бо дзецям немагчыма растлумачыць, чаму дзядзька доктар не можа імгненна ў выніку розных прычын палегчыць іх пакуты, чаму трэба крыху патрываць, пачакаць… На першым курсе я вельмі ўважліва слухаў прафесара Івана Несцеравіча Усава, які чытаў лекцыі па медыцынскай этыцы. Ён гаварыў: вам давядзецца сутыкацца з тым, што прафесія ўрача будзе наносіць раны на вашы душы. І я запомніў назаўсёды яго словы: “Калі вы, абследаваўшы пацыента, убачылі, што дапамагчы яму ўжо немагчыма, і калі ў вас пры гэтым апусціліся рукі, кідайце спецыяльнасць. Як бы пацыенту дрэнна ні было, вы абавязаныя яго ратаваць да апошняга яго ўздыху”. Калі прадставілася магчымасць далейшага руху па спецыяльнасці, я на два гады пайшоў у клінічную ардынатуру па агульнай траўматалогіі і артапедыі. І, скончыўшы яе, выбраў дарослы напрамак, улічваючы свае псіхалагічныя пакуты.

— Ці ёсць у вас вучні і ці задаволеныя вы імі?

— Як гаворыцца, добры той вучань, які перарасце свайго настаўніка. І ў мяне такі ёсць. Гэта Валерый Анатольевіч Урублеўскі, намеснік галоўнага ўрача па траўматалогіі і артапедыі ў нашай клініцы, цяпер мой непасрэдны начальнік. І, дарэчы, галоўны пазаштатны траўматолаг Мінска. Я ганаруся тым, што пачынаў ён у маім аддзяленні. Працаваў і санітарам, і медбратам, быў і маім намеснікам.

— Не шкадуеце, Уладзімір Уладзіміравіч, што выбралі медыцыну?

— Ніводной хвіліны аб  тым не пашкадаваў.

— Як вам удаецца трымаць баланс: не страціць здольнасць спачуваць пацыентам і ў той жа час не нанесці сабе чарговую душэўную рану, не разбурыць сябе самога?

— Проста трэба вельмі любіць сваю спецыяльнасць. Калі хворы прыходзіць да мяне ў кабінет, ледзь перасоўваючыся, ці яго прывезлі на калясцы, а потым, праз пэўны час, ён заходзіць усміхаючыся, са словамі “Дзякуй, доктар!” і самастойна, я зведваю вялікае пачуццё задавальнення. І нейкага душэўнага абнаўлення. Яно ні з чым непараўнальнае. І гэта — вышэйшая падзяка. Калі б падобныя пачуцці я не адчуваў, напэўна, кінуў бы сваю працу. 

— Што вам трэба для рэлаксу?

— Хутчэй хто. Гэта мой цудоўны кот — брытанец Чарлі, зносіны з унучкай Сафіяй, ёй паўтара года. Ну і, вядома, адпачынак на лецішчы. 

Гутарылі Валянціна і Іван Ждановічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter