Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У рэдакцыю прыйшло пісьмо ад беларусаў Кыргызстана, і ў ім нашы супляменнікі выказваюць шчырую падзяку Амбасадару Беларусі ў Бішкеку Віктару Дзенісенку за падтрымку і ўзаемаразуменне

Дзякуй ад усяго сэрца

“Сем гадоў Віктар Дзенісенка знаходзіўся ў Кыргызстане ў якасці Амбасадара Беларусі, заўсёды быў адкрыты для сустрэч, спагадлівы да нас, беларусаў. Зрэшты, як і да ўсіх, хто прыходзіў у Амбасаду з сваімі праблемамі, прапановамі аб супрацоўніцтве. На наш погляд, ён бездакорна выконваў высокую місію Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Беларусі ў Кыргызстане, дбаў пра ўмацаванне братэрскай дружбы паміж народамі нашых краін.

Прэзідэнт Кыргызстана А. Атамбаеў і В. Дзенісенка
Прэс-служба Прэзідэнта Кыргызкай Рэспублікі

Як вядома, апошнія гады былі вельмі няпростыя для ўсіх нас, хто жыве ў Кыргызстане. Бывала, і двухбаковыя адносіны паміж нашымі краінамі абвастраліся. Асабліва цяжка было ў 2010-м, калі ў Беларусь з’ехаў былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. Да беларускай Амбасады ў Бішкеку ішлі дэманстранты з плакатамі, патрабавалі тлумачэнняў. І Віктар Аляксандравіч выходзіў да іх, выслухоўваў, запрашаў актывістаў у залу перамоў. Такая праца па ўрэгуляванні канфліктных пытанняў, усталяванні паразумення — надзвычай важная. Амбасадар Беларусі ў Кыргызстане рабіў усё магчымае, каб сувязі паміж нашымі народамі не пагоршыліся, а ўзаемна ўмацоўваліся, каб краіны збліжаліся і супрацоўнічалі. Беларусь і Кыргызстан звязаны ж і гістарычна: разам нашы бацькі, дзяды змагаліся супраць фашызму ў гады Другой сусветнай...

За час працы Віктара Дзенісенкі ў Кыргызстане значна палепшыліся паказчыкі ўзаемнага таваразвароту, памацнелі гандлёва-эканамічныя стасункі. Пашырылася і гуманітарная дапамога з боку Беларусі. Дарэчы, многія дабрачынныя праекты ажыццяўляліся праз беларускае аб’яднанне “Світанак”. Так, на працягу сямі апошніх гадоў мы рэгулярна атрымлівалі беларускія прадукты і раздавалі іх людзям, якія жывуць у нястачы. Колькі добрых слоў было сказана ў адрас Беларусі ад кыргызаў!

Менавіта пры Віктары Дзенісенку было ўзята шэфства над сярэдняй школай у сяле Атуз-Уул (Ак-Суйскі раён у Ісык-Кульскай вобласці), якая носіць імя Жумаша Асаналіева, Героя Савецкага Саюза. Ён, кулямётчык, быў у ліку тых, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. (Загінуў 25 чэрвеня 1944 года ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. — Рэд.). Сельскай школе аказваецца матэрыяльная дапамога, а музей, прысвечаны жыццю Героя-кыргыза, папоўніўся новымі экспанатамі. Дарэчы, беларусы таксама шануюць памяць Жумаша Асаналіева: у Мінску яму ўзведзены помнік, адна з вуліц носіць яго імя, усталяваны абеліск Герою і ў вёсцы Узрэчча, дзе ён пахаваны.

Нядаўна стала вядома: Віктар Аляксандравіч Дзенісенка заканчвае працу Амбасадара ў Кыргызстане. І наша падзячнае пісьмо яму, нібы суправаджальнае, — у дарогу на Бацькаўшчыну. Упэўнены, што ён і далей годна прадоўжыць адказную працу дыпламата, якая цалкам адпавядае радкам з верша старажытнага сярэднеазіяцкага паэта Юсуфа Баласагуні. Па-руску яны гучаць так: “Быть мудрым, степенным послу надлежит,/ Он должен быть в мудрости слов даровит./ Посол должен предан быть, сердцем широк/ В делах безупречен и в честности строг./ И надо быть ладным с лица и на вид:/ Послу отличаться от всех надлежит”.

Сапраўды, Віктар Дзенісенка, на наш погляд, усім гэтым патрабаванням адпавядае. Мы шчаслівыя, што былі побач з такім незвычайным чалавекам, сапраўдным Грамадзянінам Беларусі.

Ад усіх беларусаў Кыргызстана Віктару Аляксандравічу: вялікі дзякуй! Жадаем дарагому нам чалавеку новых і добрых спраў на абраным ім няпростым шляху”.

Аляксандр Шут, старшыня Згуртавання беларусаў у Кыргызстане “Світанак”, кавалер медаля “Данк”

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter