Ноябрь - время молитвы об усопших

Дзяды, хадзіце да нас!

Сёння ў заходняй хрысціянскай традыцыі адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых. Вернікі аддаюць пашану ўсім святым — як афіцыйна абвешчаным, так і невядомым. Заўтра, у Дзень задушны, католікі будуць маліцца за ўсіх памерлых. Далучацца да іх малітвы і праваслаўныя. Дзімітраўская бацькоўская субота сёлета прыпадае таксама на 2 лістапада. Гэта адзін з галоўных дзён агульнага царкоўнага памінання ўсіх памерлых праваслаўных хрысціян, які быў устаноўлены вялікім князем Дзмітрыем Данскім у пачатку XIV стагоддзя. Аднак традыцыя памінання памерлых у першыя лістападаўскія дні куды больш старэйшая. Так званыя Восеньскія Дзяды адзначаліся на тэрыторыі краіны яшчэ ў язычніцкія часы.

Фота Максіма Вечара

Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень душы памерлых — дзяды — прыходзяць да сваіх нашчадкаў. Лічылася, іх трэба абавязкова добра сустрэць і пачаставаць, каб задаволеныя дзяды спрыялі ў жыццёвых справах сям’і. На свята ўсе хатнія мыліся ў лазні, пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік, каб і душы памерлых маглі памыцца. Ішлі на могілкі, пакідалі ласункі, а дома рыхтавалі багаты памінальны стол, на якім звычайна былі бліны, клёцкі «з душамі», кісель, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой і іншыя стравы. Клікалі на вячэру дзядзоў, адчыняючы вокны і дзверы: «Святыя дзяды, завём вас, хадзіце да нас!..» У некаторых мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў аж да раніцы — каб душы продкаў маглі пачаставацца ўдосталь. Часам пасля вячэры дзядоў весялілі. Былі песні, пляскі, маскарады.

У хрысціянскай жа традыцыі ў гэтыя дні не прынята весяліцца. Час прысвячаюць малітве ў храме і на могілках. Дарэчы, пачастункі продкам не дазваляюць прыносіць ні Царква, ні Касцёл. Лічыцца, што памерлым не патрэбна матэрыяльная ежа. Галоўнае — наша малітва і добрыя ўспаміны пра памерлых.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter