Пра беларускую мадэль Ангеліну Уэльскую пішуць нават у замежнай прэсе

Дзяўчына з іскрынкай

Пра беларускую мадэль Ангеліну Уэльскую пішуць нават у замежнай прэсе. Гэта звыклы для нашай краіны факт: прыгажунь у Беларусі безліч. Але далёка не многім з дыягназам ДЦП удаецца пакараць вяршыні ў свеце прыгажосці. Дакладней, Ангеліна — пакуль адзіная ў ім вядомая мадэль з абмежаванымі, як прынята гаварыць, магчымасцямі, якая так ярка заявіла пра сябе.


Апошнім часам часцей чую: інваліднасць не прысуд. І якім бы цяжкім дыягназам ні ўзнагародзіў чалавека лёс, з ім цалкам можа “здарыцца” шчасце або каханне, прыйсці прызнанне... Чую, але не веру… Здаецца, калі ў чалавека абезрухоўлена рука, нага ці парушаны функцыі мозгу, ён ужо не зможа стаць асобай, якая дабілася ў той ці іншай справе ўсеагульнага прызнання.  І калі такія людзі, думала я,  глядзяць на нас, звычайных, гэта значыць, здольных рухацца,  то адчуваюць крыўду, смутак або зайздрасць, знешне пры гэтым усміхаючыся. Як жа я памылялася!..

Місія выканальная

Успомнім гісторыю. Кампазітар Людвіг ван Бетховен не чуў сваёй музыкі, бо аглух у маладым яшчэ ўзросце. У Франсіска Гоі былі відавочныя праблемы з псіхікай. Магчыма, менавіта яны дапамаглі іспанскаму мастаку стварыць шэдэўры, што ўвайшлі ў гісторыю выяўленчага мастацтва. Польскі кампазітар Фрэдэрык Шапэн быў хворы на мукавізцыдоз, гэта калі пашкоджваюцца ўсе органы, якія выдзяляюць слізь; а францускі жывапісец Анры дэ Тулуз-Латрэк, выпадкова паламаўшы абе­дзве нагі, назаўжды застаўся калекам. Невідушчы геній Гамер — далёка не адзіны прыклад чалавека, які здзівіў свет сваім талентам. Японскі хлопчык Набуюкі Цудзіі, які нарадзіўся ў 1988-ым годзе, ужо ў два гады мог на слых падбіраць калядную песеньку “Jingles Bells”. Пасля ён стаў вядомым піяністам. Рэй Чарльз Робінсан — амерыканскі спявак, піяніст — таксама сляпы. Марк Гофені — вядомы гітарыст без рук з ЗША. Любоў да музыкі аказалася мацнейшай за перашкоды, звязаныя з прыроджаным калецтвам. Ён распрацаваў сваю ўласную сістэму ігры на струнным інструменце, чым праславіўся на ўвесь свет. Нік Вуйціч займае лідзіруючыя пазіцыі ў спісе самых паспяховых, знакамітых і прыгожых мужчын свету. У хрысціянскага прапаведніка з нараджэння няма рук і ног, што не перашкодзіла яму ў сталым узросце ажаніцца з прыгажуняй і нарадзіць дваіх дзяцей. А вось прыклад, блізкі нам тэрытарыяльна: унікальны “Тэатр Прастадушных” у Маскве, створаны 16 гадоў назад. Трупу складаюць акцёры з сіндромам Даўна. У Беларусі таксама дастаткова гучных імёнаў.  Алена Галкіна і Алеся Макрыцкая — неаднаразовыя бронзавыя і сярэбраныя прызёры чэмпіянату Еўропы і этапаў Кубка свету  па фехтаванні. Аляксандр Адамовіч — прызёр чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Ганна Гарчакова — чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на калясках, майстар спорту міжнароднага класа, уладальніца прэміі “Гонар нацыі”. Анастасія Касцючкова прафесійна займаецца лыжнымі гонкамі, рыхтуецца да ўдзе­лу ў паралімпійскіх гульнях...

Калі задумацца,  колькі вытрымкі і цярпення ў людзей з абмежаванымі,  правільней было б сказаць, неабмежаванымі магчымасцямі! Колькі жыццёвых сіл і, галоўнае, жадання жыць актыўным жыццём! Як рашуча і нават рызыкоўна яны дамагаюцца пастаўленых мэт! Ім усё цікава. Магчыма, такая ў іх місія: быць прыкладам для  тых, хто хоць і абсалютна здаровы, але хандрыць па дробязях, упадаючы ў нуду, а то і ў дэпрэсію, крыўдзіцца на ўвесь свет. Па-мойму, сваім падыходам да жыцця гэтыя незвычайныя людзі нагадваюць нам пра сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. І пра тое, што само жыццё ўжо падарунак. 


Мігатлівы агонь

У Ангеліны Уэльскай — дзіцячы цэрэбральны параліч, пры якім яна самастойна не ходзіць. Але дзяўчына не лічыць сябе “хворай”, а ДЦП расшыфроўвае так: Рух, Мэта, Перамога.

Анёл Уэльса — такі творчы псеўданім беларускай мадэлі — называе сябе “дзяўчынай з адметнымі магчымасцямі”, а свой дыягназ — іскрынкай. У мяне адразу ўзнікае асацыяцыя з фільмам “Дзяўчына з жамчужнай завушніцай”, дзе галоўную ролю сыграла Скарлет Ёхансан. Чымсьці яны нават падобныя.

Стаць мадэллю Ангеліна выра­шыла ў 17 гадоў пасля прагляду модных паказаў Вікторыі Сікрэт і рэаліці-шоу Тайры Бэнкс “Топ-мадэль па-амерыканску”. А якая дзяўчына не марыць, каб яе знешнасць прызналі ідэальнай ва ўсім свеце? Аднак не кожнай прыходзіць у галаву рэалізаваць сваю мару. Многія так і пра­цягваюць сядзець перад тэлевізарам і ціха ўздыхаць...

“Прыгажосць не ёсць “прыго­жасць”, а недасканаласць — гэта прыкмета сапраўднага жыцця, — часта паўтарае Уэльская ў сваіх інтэрв’ю і дадае: — Калі нязграбнасць па-свойму мілая, то яна становіцца спецыфічнай гранню прыгажосці”. На пытанне, як гэта — быць першай у сваім родзе, Ангеліна сумленна прызнаецца: “Вельмі-вельмі-вельмі цяжка! Але тым, хто прыйдзе за мной, ужо будзе лягчэй. Я прайшла праз неразуменне і непрыманне, каб сёння трывала займаць сваю нішу як у Беларусі, так і за яе межамі”.

У Мікалая Забалоцкага ёсць верш “Непрыгожая дзяўчынка”. У канцы — такія радкі: “А если это так, то что есть красота и почему ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?”. Вядома, Ангеліна не адпавядае вобразу непрыгожай гераіні верша. Бо летась яна трапіла ў дзясятку “самых смелых і прыгожых” мадэляў з інваліднасцю паводле ацэнкі аднаго з расійскіх сайтаў. Але мне захацелася зазірнуць у глыбіню глыбінь яе душы. Што хаваецца за знешнасцю бялявага анёла з ідэальнымі параметрамі цела і адкрытай мяккай усмешкай? І адкуль такая далікатная маладая дзяў­чына чэрпае энергію, каб, аднойчы ўстаўшы з інваліднай каляскі, крок за крокам ісці да запаветнай мары? Пра гэта і не толькі яна ахвотна са мной гаварыла.

— Ангеліна, у цябе прыгожае прозвішча. Ты цікавілася сваім радаводам?


— Па лініі маці ў нас у родзе ёсць праваслаўны святы Валяр’ян Навіцкі, кананізаваны беларускай праваслаўнай царквой у канцы 90-х гадоў 20 стагоддзя. Па гэтай жа лініі я належу да польскіх шляхецкіх родаў Каржанеўскіх і Шыманскіх, у якіх ёсць радавыя гербы. Ну і натуральна, маё прозвішча Уэльская мае брытанскія карані. Яно ўтварылася ад геаграфічнай назвы мясцовасці Уэльс, дзе жылі мае продкі.

— Успамінаеш школьныя гады?

— Памятаю хлопчыка, які мне спадабаўся ў сёмым класе. У яго былі доўгія валасы, як у галоўнага героя серыяла “Мяцежны дух”. Але, калі аб’ект маіх рамантычных летуценняў пастрыгся, закаханасць імгненна кудысьці знікла.

— Ты вучылася разам з усімі?

— Частку прадметаў я вывучала ў сценах школы, хоць афіцыйна знаходзілася на надомным навучанні. Мне хацелася набрацца досведу работы ў вялікай аўдыторыі і зносінаў з аднагодкамі. Так я сталела і станавілася самастойнай.

— Напэўна, складана было адаптавацца ў падлеткавым калектыве?

— Так, складана. Але я прынцыпова не запамінаю дрэннага. Таму што яно не пускае добрае ў тваё жыццё і азлабляе. Я ўпэўнена, што людзі, якія пакрыўдзілі мяне,  шкадуюць аб сваіх учынках: жыццё іх вучыла.  Цяпер жа яны дарослыя і самі маюць дзяцей.

— Ты прымхлівая?

— Гледзячы ў чым. Я разумею, што калі ўвесь час аглядацца па баках, не пражывеш так, як хочацца. Аднак варта прыслухоўвацца да знакаў лёсу, якія могуць быць у выпадкова пачутай размове прахожых або прагучаць у радыё- і тэлеэфіры. Гэта вельмі цікава. Праўда, важна дакладна разумець, дзе знак лёсу, а дзе простая балбатня.

— А ты разумееш?

— Я да гэтага імкнуся.

— Калі сфарміраваліся твае прафесійныя перавагі?

— З дзяцінства марыла танцаваць і іграць у тэатры. Увесь час уяўляла сябе ў ролі вядомай актрысы. Мне хацелася прыняць удзел у якім-небудзь маляўнічым касцюмаваным фільме, які расказвае пра час эпохі барока, ракако. Ужо тады ў мяне было прадчуванне поспеху. Таму ніякага пакутлівага выбару, куды паступаць пасля школы, у мяне не было. Я ведала, што буду вучыцца ва Універсітэце культуры і мастацтваў. Скончыўшы яго, атрымала кваліфікацыю культуролаг-менеджар і адразу пачала рыхтавацца да паступлення  ў магістратуру Акадэміі мастацтваў па спецыялізацыі “тэатральнае мастацтва”.  

— А як плануеш развівацца ў якасці мадэлі?


— Перш за ўсё, хачу навучыцца хадзіць самастойна. Затым у планах выхад на міжнародную мадэльную арэну і ў розных рэаліці- і ток-шоу. Хачу здымацца для папулярных глянцавых часопісаў.

— Што прываблівае цябе ў мадэльнай і акцёрскай сферах?

— Немагчыма доўга жыць пад уладай бязвыхаднасці: можна звар’яцець. Мода — гэта сыход ад рэальнасці. Таму, каб неяк эмацыйна разнастаіць жыццё, я звярнула свой погляд на мадэльны бізнес. Ён мне здаўся чымсьці казачным, цудоўным. А цяпер мадэлінг прыносіць мне даход. Хоць яго я разглядаю як аддушыну, а не спосаб заробку грошай. Тое ж магу сказаць і пра акцёрскае майстэрства. Гэта жыццё ў іншым вымярэнні, іншая рэальнасць, іншы лёс...

— У цябе, чула, ёсць нейкі тэатральны праект...

— Так-так, ёсць. Апантаная ідэяй злучыць моду і тэатр у паказе на подыуме. Ужо напісана канцэпцыя праекта, асобныя артыкулы. Мая ідэя вельмі спадабалася Дзмітрыю Бікбаеву ( расійскі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр — Аўт.). У яго ёсць гатовая сцэнаграфія і тэхнічныя прыстасаванні для рэалізацыі праекта. Паводле сюжэта, у канцы спектакля мадэль з адметнымі магчымасцямі будзе лётаць і такім чынам дэманстраваць доўгую сукенку — заключны вобраз. Але, як звычайна, усё ўпіраецца ў фінансаванне...

— Што ўжо зроблена? Поспехі ёсць?

— Немалыя! Спачатку сям’я арганізавала мне першую прафесійную фотасесію. Затым былі здымкі з дырэктарам мадэльнага агенцтва “Тамара” ў Мінску Тамарай Ганчаровай і з Вольгай Хіжынковай, якая ў 2008-ым годзе стала пераможцай конкурсу “Міс Беларусь”. Здымалася я таксама з мадэллю і тэлевядучай канала СТБ Ірынай Ханунік-Рамбальскай і з кампаніяй па вытворчасці дызайнерскага адзення “О`Jen”, з вядучай канала Муз ТБ Рытай Чалмаковай (Масква), Маратам Мухонкіным — адным з самых запатрабаваных фатографаў Расіі, з Дзмітрыем Каракіным, салістам беларускай групы “Лайтсаўнд”. Удзельнічала ў паказе калекцыі Аксаны Лівянцовай на Тыдні моды ў Маскве ў 2014 годзе. Здымалася і ў роліку майстэрні сацыяльнага кіно Андрэя Палупанава. Сюжэты пра мяне ішлі на ўкраінскіх і польскіх каналах. Два гады назад сыграла эпізадычную ролю ў расійскім серыяле “А снег кружыць…” расійскага рэжысёра Уладзіміра Тумаева. У тым жа годзе  з’явіўся білборд з маёй фатаграфіяй — першы выпадак, калі мадэль з іскрынкай прайшла кастынг і была выбрана ў якасці мадэлі рэкламнай кампаніі. У сучасны момант кінастудыя “Беларусьфільм” працуе над дакументальным фільмам “Непаўторная” са мной у галоўнай ролі. Гэта будзе гісторыя аб важных падзеях у жыцці беларускай мадэлі, якія ўжо адбыліся і яшчэ будуць. Творчая група перыядычна пад’язджае і здымае мяне. Так што гледачы ўбачаць Анёла Уэльса рознай. Ну, а ў бліжэйшых планах — здымкі ў кліпе папулярнай групы “I.O.W.A.” і выхад на подыум восенню. Мяне запрасілі дэманстраваць калекцыю італьянскага дызайнера Антоніа Урзі.

— Ці застаецца ў цябе час на хобі?


— Мне падабаецца хірамантыя, і я ўжо дабілася некаторых поспехаў у яе вывучэнні. Магу прадказаць будучыню і многае расказаць пра чалавека па яго руцэ. Яшчэ люблю пісаць крэатыўныя сцэнарыі на святы, накшталт дня нараджэння, каб госці не сумавалі.  Мне падабаецца чытаць пра гісторыю тэатра і моды. Сярод аўтараў мастацкай літаратуры мне асабліва да душы Оскар Уайльд, Бернард Шоу, Мюсэ. Гляджу Fashion TV  і праграмы навін. Слухаю класічную і кітайскую нацыянальную музыку. Яшчэ вывучаю гісторыю парфумерыі, потым пачну яе калекцыянаваць. Пакрыху знаёмлюся з ёгай і станаўлюся на горныя лыжы. Яшчэ хачу заняцца скалалажаннем ці балетнай гімнастыкай.

— З такім спектрам інтарэсаў і такімі амбіцыямі ў цябе, напэўна, шчыльны графік?

— Цяпер усё ў маім распарадку дня падпарадкавана вучобе. Першую палову дня я праводжу за падручнікамі, бо хутка экзамен! Пасля поўдня ў мяне абавязковая прагулка на свежым паветры, трэніроўка на стадыёне альбо плаванне ў адкрытым прыродным вадаёме пры добрым надвор’і. Бо загартоўку і фізкультуру ніхто не адмяняў! Калі ж па плане здымкі, то я жыву па іншым графіку, без спорту і вучобы. Тады ўсё падладжваю пад здымачны працэс. Часам нават перакусіць няма калі! Але я шчаслівая.

— Уявім, што ты дасягнула пастаўленых мэт, мары рэалізаваліся. Што потым?

— Буду шчыльна займацца тэатрам і, напэўна, дызайнам. Ёсць ідэя зрабіць калекцыю артапедычнага абутку, даступнага па цане і экстрамоднага. У мяне асабіста з гэтым  былі праблемы, таму разумею такіх людзей і хачу зрабіць для іх спецыяльную модную калекцыю.

— Хто прывіў табе такую мэтанакіраванасць і ўпэўненасць у сабе?

— Маці. Я вельмі яе люблю.

— Раскажы пра яе.

— Акрамя сваёй асноўнай работы, маці з’яўляецца маім прадзюсарам і генератарам ідэй. Яна — мой і матыватар, і псіхолаг, і памочнік. Гэта чалавек, які ніколі не здаецца, не ные і не скардзіцца, заўсёды ўсміхаецца і гаворыць, што ў яе ўсё добра. Матуля — закаранелы аптыміст,  нават у дрэнным бачыць добрае. Яна таленавітая як кампазітар, але, на жаль, не змагла цалкам рэалізавацца ў гэтым. Хоць некаторыя цікавыя работы ўбачылі свет і знайшлі сваіх прыхільнікаў. У 2003 годзе маці напісала песню-прысвячэнне мне, яе выканала Іна Афанасьева. Была ў яе і сумесная работа з Мікалаем  Карачанцавым. Але ён трапіў у аварыю, і праект не адбыўся. Нядаўна маці зноў напісала песню для мяне. Я хачу паспрабаваць яе выканаць.

— Ведаю, што бацька таксама ўкладае шмат сіл ва ўсе твае распачынанні...

— Мае бацькі развяліся, калі мне было тры гады. З бацькам я падтрымліваю добрыя адносіны. А жыву з айчымам. Ён ставіцца да мяне як да сваёй дачкі, распрацоўвае стратэгію майго бізнес-развіцця, дае слушныя парады, дапамагае падчас здымак, заўсёды хвалюецца за мяне. Ён — наша з маці стабільнасць і абарона.

— Якія ў вас у сям’і традыцыі?  

— Самая важная наша традыцыя гучыць так: мы ніколі не ныем і не скардзімся на жыццё!

P. S. На асабістай старонцы ў сацыяльных сетках Ангеліна напісала: ДЦП — гэта мастацтва. Заява, прама скажам, гучная. Але хто ведае, можа, праз які час гэтая дзяўчына з іскрынкай здолее пераканаць свет у сваёй слушнасці.  

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter