Как наши модели 60+ собираются покорять мировые подиумы

Дзяўчаты на заглядзенне

Плацінавыя валасы, падведзеныя памадай вусны, прамыя спіны, ніякіх уколаў прыгажосці. Чацвёрка гераінь лёгкай хадой набліжаецца да парку, дзе распусцілася лета. Адной з іх 29 гадоў, яна настаўнік новага пакалення мадэляў. Іншым дамам — далёка за 60. І яны гатовы ўкараняцца ў сусветны фэшн і глядзець на нас з білбордаў цёплымі, дарослымі вачыма.

Прыгажуні — мадэлі 60+ і іх маладая настаўніца.

90—60—90?


Магчыма, думаю стэрэатыпамі, але мадэлі ўяўляліся ў вобразе анарэксічных высокіх дзяўчат з маркотнымі выразамі твараў. Аднак часцей за ўсё гэта вобразы для здымкаў, запэўнівае Вольга Сямашка, выкладчык дэфіле і мадэлінгу Цэнтра актыўнага даўгалецця. Яны разам з дырэктарам цэнтра Аленай Дзямідавай адкрылі новую вяху ў індустрыі нашай моды — мадэляў 60+. Вольга ўспамінае, адкуль растуць доўгія ногі ідэі — з курса мадэлін­гу для дам:

— Шмат жанчын перажываюць, што змяняюцца з узростам. Са мной таксама здарылася гісторыя, якая прымусіла задумацца, чаму мадэль — гэта абавязкова дзяўчына з памерамі менш за саракавы, ростам больш за 176 сантыметраў і, галоўнае, ва ўзросце да 22 гадоў. Сама доўгі час была мадэллю, працавала ў Нацыянальнай школе прыгажосці кастынг-менеджарам мадэльнага агенцтва. У 25 гадоў мне намякнулі, што з кар’ерай менавіта мадэлі можна заканчваць. Але чаму?

Якраз у той час Вольга пазнаёмі­лася з дзяўчынай, якая вельмі хацела стаць мадэллю, але была далёка не мініяцюрнай. Шанц стаць мадэллю plus size («памер плюс») быў мінімальны — ёй адмовілі. Але Вольга, убачыўшы, як заплаканая, але прыгожая дзяўчына імкнецца да мары, прыняла рашэнне паспрабаваць. А раптам атрымаецца?

Актыўнае даўгалецце


І атрымалася. Тая дзяўчына стала мадэллю, зламаўшы стэрэатыпы, і набыла славу. Праз нейкі час Вольга Сямашка з камандай прадставіла беларускай моднай індустрыі мадэль з інваліднасцю.

— Шмат у чым дапамагла ў такіх рызыкоўных рашэннях і мая адукацыя дэфектолага. Добра ведаю псіхалогію, таму працаваць было цікава. Аднак у гісторыях заставалася адно «але»: новым мадэлям таксама было не больш за 22 гады, — працягвае Вольга, пакуль нашы гераіні, мадэлі 60+, пазіруюць фатографу. Здаецца, працуюць манекеншчыцы з вопытам у дзесяцігоддзі, а на самай справе — месяцы. Зрабіць мадэлямі старэйшае пакаленне жанчын прыйшло ў галаву Вользе, калі Алена Дзямідава запрасіла яе ў Цэнтр актыўнага даўгалецця весці заняткі з людзьмі, якім за 50 .

Сярод яе вучаніц — 63-гадовая Раіса Лілікава. Да пенсіі працавала інжынерам электроннай тэхнікі і, вядома, наогул не думала пра мадэлінг, бо рост у яе ўсяго 158 сантыметраў — малая ж!

— Заўсёды была актыўнай: гім­насты­кай займалася, на веласі­педзе каталася, многа хадзіла. Каб не было сумна, 10 гадоў таму стала наведваць лацінаамерыканскія танцы, вырашыла скінуць 10 кілаграмаў. Наведвала заняткі ў Цэнтры актыўнага даўгалецця. Там убачыла аб’яву аб тым, што можна выправіць сваю хаду. Падумала, што гэта мне патрэбна! — Раіса, у модным ружовым жакеце, паказвае, як раней хадзіла: галава — уніз, спіна — колам.

Курс аказаўся не проста выпраўлен­нем паходкі, але і, як называе яго Раіса, «са­праўднай пры­гажосцю». Воль­га Сямашка і іншыя выклад­­чыкі далі вучані­цам веды ў галіне стылю, макія­жу, па­зі­ра­вання для фата­графій, вядзення сацсетак. У Раісы пасля курса мадэлінгу з’явіліся і паклоннікі: прызнаецца, што іншымі вачыма глядзяць на яе. І пасвяжэла яна, і заўсёды цяпер з прамой спінай, прыгожа апранаецца і фарбуецца, сочыць за моднымі тэндэнцыямі, плюс інстаграм свой завяла, дзе ўжо пад тысячу падпісчыкаў з усяго свету. Там яна фота з сяброўкамі выстаўляе і нават сваю працу на дачы — гэта ніхто не адмяняў.

Хто хоча стаць мадэллю?


Вольга Сямашка і яе напарніцы падрыхтавалі ўжо два выпускі курса па мадэлінгу — гэта 15 чалавек, з канца мая стартуе наступны набор. Магчыма, будуць і мужчыны ў вучнях... А пакуль — дамы ад 56 да 83 гадоў! Вядома, падчас вучобы яны часам скардзяцца, смяецца Вольга Сямашка: «Ой, суставы баляць...», «Не маё гэта. Маё — градкі» , але, калі сцэна іх прымае, яны ажываюць.

— У чэрвені мы едзем з дзяў­чатамі ў Італію, — так Вольга называе сваіх вучаніц і сябровак, — на паказ мод і конкурс прыгажосці (там яны будуць у нацыянальных касцюмах, звычайнай вопратцы і вячэрнім уборы). У журы — мастак-мадэльер Вячаслаў Зайцаў, буйныя сусветныя мадэльныя агенцтвы. Яшчэ адна наша выпускніца, 70-гадовая Вольга Шатыка, на якую падпісаны ў інстаграме больш за 7 тысяч падпісчыкаў, запрошана на французскі Тыдзень моды ў Парыж.

Але галоўнае не паказы: многія з іх вярнуліся да таго актыўнага жыцця, якое было ў іх да 50 гадоў. Таццяна Саўчык, мадэль ва ўзросце 64 гадоў, якая толькі скончыла курс па мадэлінгу, успамінае, што ёй сказалі на стойцы рэгістрацыі ў Цэнтры актыўнага даўгалецця: «Вы аб гэтым не пашкадуеце».

— І гэта так! 22 гады працавала выкладчыкам чарчэння і начартальнай геаметрыі ў Жодзінскім політэхнічным каледжы. Толькі ў дзяцінстве адзін раз удзельнічала ў модным паказе і больш ніколі не была звязана з мадэлінгам. Хадзіла на пенсіі на зумбу, ёгу, англійскую мову, і тут спыталі: можа, вам стаць мадэллю? — Таццяна сціпла расказвае аб прапанове. — Паспрабавала і ў захапленні! Сумую па дзяўчатах пасля заканчэння курса!

Нягледзячы на тое што ў дам з фігурамі ўсё выдатна, Таццяна прызнаецца, што на курсах, гледзячы на іншых, узяла сябе ў рукі — стала больш адмаўляць сабе ў салодкім.

66-гадовая Вольга Быхаўцава — яшчэ адна сівавалосая красуня.

— Я хацела ўсяго толькі дапамагчы сяброўцы закрыць адзін занятак па танцах, а ў выніку стала вучыцца на курсе Вольгі Сямашка. Яшчэ пару месяцаў таму думала: я, хімік, які працаваў у медуніверсітэце, буду мадэллю?! — не хавае свайго мінулага здзіўлення Вольга. — Такога быць не можа. Але на першую сустрэчу схадзіла...

 Яшчэ ў юнацтве Вольгу неаднаразова спынялі на вуліцах і прасілі папрацаваць мадэллю, але выхаваная ў сям’і ваеннага дзяўчына катэгарычна адмаўлялася. Не лічыла сябе вялікай красуняй, спакойна ставілася да знешнасці:

— Але жыццё пастаянна пад­штурхоўвала да мадэлінгу. Мне вельмі спадабаўся курс: люблю назіраць за іншымі, за іх зменамі. Вось гляджу часам на дзяўчат і жанчын на вуліцах, думаю: усе з рознымі лёсамі, думкамі, перажываннямі... Але рана ці позна трэба стаць перад люстэркам і сказаць сабе: «Усё, хопіць. Пачынаем новае жыццё».

У чым сакрэт?


Прашу жанчын падзяліцца таямніцамі свежасці, маладосці ў такім узросце. Як адна адказваюць: трэба быць пазітыўнымі, займацца спортам і не адносіцца да сябе абыякава. Вольга Быхаўцава дадае: важна яшчэ і здаровае харчаванне, якое дазваляе заставацца ў форме. Увогуле, рыба і гародніна — залог поспеху. Вольга нахіляецца ўніз і дакранаецца да зямлі далонямі, дэманструючы сустаўную гімнастыку. Можа, яшчэ ў спа-салоны трэба хадзіць, масачку кожную раніцу рабіць? Спа-салоны дамы не наведваюць, а вось масачкі часам робяць. Параілі для твару выпрабаваць маску з перапяліных яек, а да іх — хоць смятану, хоць мёд. Але галоўнае, кажуць, каб знутры ішла прыгажосць, якая дакладна адаб’ецца звонку. Вольга Сямашка, іх галоўны прыклад, дадае, нагадваючы вучаніцам: «Дзяўчаты, а яшчэ — упэўненасць у сабе! Калі вы паверыце ў сябе, у вас павераць і іншыя».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter