У БНТУ распрацоўваюць бiянiчны пратэз рукi, аналага якому няма ў краiне

Дзвюма рукамі за

Прымаем душ, апранаемся, робім прычоску — і так кожную раніцу. Рыхтуем боршч, наразаем нажом хлеб і каўбасу. Даглядаем за дзецьмі, хатнімі жывёламі, працуем — так праходзяць нашы звычайныя будні. Будні тых, у каго ёсць абедзве рукі. На жаль, некаторым людзям з цяжкасцю даюцца нават гэтыя штодзённыя рэчы. Менавіта для іх у тэхнапарку БНТУ распрацоўваюць біянічную руку, аналагаў якой у краіне няма. «Рэспубліка» даведалася падрабязнасці.

Распрацоўшчыкі: «Наш прадукт будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам якасці, але прадавацца па даступнай цане»
Фота Паўла ЧУЙКО

Пакуль у нашай краіне сітуацыя на рынку пратэзаў досыць складаная. Шырока даступныя касметычныя пратэзы — прымітыўныя прыстасаванні, якія прызначаны выключна для аднаўлення натуральнага вонкавага выгляду страчаных канечнасцей. Прадстаўлены, вядома, і механічныя мадэлі. Яны прымацоўваюцца да цела, але не маюць ніякай сувязі з нервовай сістэмай. Згінаюцца ў сваіх шарнірах-суставах, але для выканання кожнага руху ўладальніку трэба тым ці іншым чынам рэгуляваць паводзіны пратэза, уручную забяспечваючы зваротную сувязь. Набор каманд пратэзаў, што ёсць на нашым рынку, даволі абмежаваны, таму дробная маторыка пакідае жадаць лепшага.

Фота Паўла ЧУЙКО

Біянічная рука — новая эра пратэзаў. Яна дапаможа акуратна ўзяць яйка, не разбіўшы, ці наадварот — прыгатаваць смачную яечню. Моцна сціснуць нейкую рэч ці акуратна перанесці крохкі прадмет. Рабатызаванае прыстасаванне фіксуецца там, дзе ампутавана канечнасць. Аляксей Кузняцоў, менеджар праекта, круціць у руках прататып пратэза:

— Калі чалавек хоча паварушыць пальцамі або сціснуць іх у кулак, мозг генерыруе адпаведны сігнал. Ён ідзе па нервах, якія вядуць да мышцаў канечнасці. Нервовыя сігналы счытваюцца і пераўтвараюцца ў рух. Чалавек лёгка можа кіраваць такой рукой.

Велізарны плюс — магчымасць без дапамогі старонніх людзей зняць разумны пратэз, які мацуецца да цела без хірургічнага ўмяшання. Асабліва гэта актуальна перад сном — усё ж такі без пратэза адпачываць зручней.


Для пачатку біянічная рука дапаможа спраўляцца з бытавымі праблемамі: прыгатаваць ежу, памыць посуд, прыбраць у доме, пераапрануцца і іншае. З часам распрацуюць магчымасці для выканання больш складаных задач: да прыкладу, кіравання машынай. Прадукт пастаянна будуць удасканальваць, каб той знішчаў бар’ер за бар’ерам.

Дарэчы, пратэз, які паўнавартасна замяняе здаровую канечнасць чалавека ад кісці да перадплечча, у нас да гэтага купіць было нельга. Толькі за мяжой. Чаму? На наш рынак не імкнуцца буйныя кампаніі, якія выпускаюць біянічныя рукі. Іх філіялы прадстаўлены ў тых краінах, дзе насельніцтва складае 40 і больш мільёнаў чалавек. Еўрапейская прадукцыя — высокатэхналагічная, адна такая рука каштуе ад 20 да 50 тысяч долараў, у залежнасці ад колькасці функцый. Ёсць і расійскія вытворцы, іх прыстасаванні нашмат танней — каля 2 тысяч долараў. Але існуе складанасць: абслугоўваць пратэзы прыйдзецца там, дзе купілі, а гэта грошы, час, сілы на пераезды.

Ёсць прыклады, калі людзі самі робяць пратэзы рукі, у саматужных умовах. Спампоўваеш праграму ў інтэрнэце, наладжваеш, раздрукоўваеш пратэз на 3D-прынтары — гатова. Праўда, нават такую прымітыўную мадэль складана сабраць звычайнаму спажыўцу.

— Мы хочам быць залатой сярэдзінай паміж еўрапейскай якасцю і даступнасцю. Біянічны пратэз абыдзецца беларусу прыкладна ў 1,5 тысячы долараў. Прыстасаванне будзе абслугоўвацца ў нас, — Аляксей Кузняцоў працягвае пералічваць плюсы.

Да размовы падключаецца другі менеджар праекта, Яўген Вяршыла:

— Мы ўзялі курс на патанненне. Будзем удасканальваць пратэз, старацца зніжаць цану без шкоды для якасці. На дадзеным этапе для стварэння біянічнай рукі выкарыстоўваюцца высокатрывалы пластык і бясшкодная для людзей разнавіднасць гумы.

Сёння ў нашай краіне пражывае больш за 8000 чалавек, у якіх няма рукі ці нагі. Без рукі — звыш 1700 чалавек. Распрацоўшчыкі гутарылі з прадстаўнікамі розных асацыяцый інвалідаў. Там адназначна ўхвалілі ідэю: біянічная рука нашым людзям патрэбна! Зараз будзе вывучацца спажывецкі попыт, каб задаволіць самыя распаўсюджаныя пажаданні.

Цяпер з’явiцца магчымасць ствараць пратэзы пад патрэбы кожнага канкрэтнага чалавека. Яўген Вяршыла тлумачыць: «Усё проста: кліент устанаўлівае патрэбны мабільны дадатак, сканіруе здаровую руку з дапамогай смартфона, адпраўляе нам. Пасля гэтага распрацоўваецца індывідуальная мадэль па функцыях і дызайне. Каманда з сямі чалавек зараз працуе над тым, каб хутчэй стварыць дэвайс і паставіць яго на канвеер».

Прататып біянічнай рукі пратэсціруюць на людзях ужо ў маі гэтага года. А ў 2019-м павінны выпусціць эксперыментальны ўзор, заняцца сертыфікацыяй і зборам неабходных дакументаў, каб выпусціць прадукт на рынак. Чакаецца, што ў продажы пратэз будзе ўжо праз паўтара-два гады. Але на гэтым распрацоўшчыкі не спыняцца:

— Зоймемся сучасным пратэзам нагі, бо ў краіне ў ім маюць патрэбу звыш 5000 чалавек. Дэвайс павінен быць зручным, якасным, функцыянальным і даступным па цане.

ypopko@bk.ru

Фота Паўла ЧУЙКО і з архіва герояў матэрыялу
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter