“Дзверы” пачынаюць прэм’еры

На гэтым тыдні Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачынае свой 82-гі тэатральны сезон. І па традыцыі ўжо ў кастрычніку віцебскіх гледачоў чакаюць прэм’еры, першая з якіх — фантасмагарычная камедыя Сяргея Кавалёва “Дзверы” ў пастаноўцы Юрыя Лізін-гевіча.

— Камедый у нас заўжды не хапае, — адзначыў мастацкі кіраўнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. — Бо гэта любімы жанр гледача. Але ёсць “Несцерка”, “Псіхааналітык” Дз.Балыка, а цяпер мы вырашылі аднавіць спектакль па Дуніну-Марцінкевічу “Залёты” і прымеркавалі аднаўленне гэтай пастаноўкі да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага драматурга.
Дарэчы, “Залёты” ставіліся тэатрам 16 гадоў таму, але тады быў іншы перыяд у жыцці і тэатра, і грамадства. Класіка — таму і класіка, што ў любы час застаецца злабадзённай, гавораць у тэатры.
У кастрычніку чакаецца і прэм’ера “Васы” па М.Горкаму ў пастаноўцы Р.Таліпава, дзе ў галоўнай ролі занята народная артыстка Беларусі Святлана Акружная.
З прэм’еры пачынае сезон і коласаўскі рэжысёр Міхась Краснабаеў, ён паставіў драму С.Шэпарда “Вар’яцкае танга кахання”.
— Да пастаноўкі рыхтуецца “Загубленая душа” Яна Баршчэўскага і “Дадому” Алены Паповай, мы ставім ужо трэцюю яе п’есу, — гаворыць Віталь Баркоўскі. — Наогул зараз коласаўцы робяць акцэнт на беларускую драматургію і запрашаюць да сябе рознапланавых рэжысёраў. У партфелі мастацкага кіраўніка “Кракаўскі студэнт” Г.Марчука, “Запіскі Самсона Самасуя” А.Мрыя, “Млын” А.Дударава, “Маці ўрагану” У.Караткевіча, “Сыны” М.Чаргінца.
Але галоўнай восеньскай падзеяй коласаўцы лічаць урачыстую вечарыну, прысвечаную 125-годдзю Я.Коласа і Я.Купалы. А яшчэ тэатр упершыню прыме ўдзел у фестывалі “Залаты шлягер”. Віцябчане павязуць у Магілёў спектакль “Несцерка”, з якога звычайна і пачынаецца поўны нечаканасцей і адкрыццяў тэатральны сезон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter