Рэпартаж з аграгарадка Сяліба Бярэзінскага раёна

Дзве часткі адзінай Сялібы

На першы погляд — гэта звычайны аграгарадок у Бярэзінскім раёне, які мала чым адрозніваецца ад іншых. Але ёсць у яго свая цікавая і адметная гісторыя.



Першыя звесткі аб гэтым мястэчку прыпадаюць прыкладна на сярэдзіну XIX стагоддзя. Побач з ім некалі размяшчаўся хутар з аднайменнай назвай. Усе землі належалі памешчыку Лукашэвічу.

У чэрвені 1910 года пажар знішчыў 146 пабудоў і жылых дамоў, а праз 6 гадоў ужо аднавілі 75 хат, у якіх пражывала 457 чалавек. Да пачатку XX стагоддзя колькасць насельніцтва даходзіла да 900. Мясцовыя старажылы, хоць і мала разбіраюцца ў канкрэтных гістарычных фактах, згадваюць: праз Сялібу праходзіла тая самая «мяжа яўрэйскай аселасці», створаная па загаду Кацярыны II. І вось пасля таго як Лукашэвіч, не маючы ніводнага спадчынніка, з’ехаў у Варшаву, яўрэі сталі скупляць панскія землі. У самага багатага — Шлемы Герцовіча — налічвалася каля 40 дзесяцін. Заможных сем’яў было шмат — Мохсаны, Марголіны, Рыпсы, Пліксы... Гандлявалі яны сваімі таварамі нават з ЗША, маглі лёгка адправіцца на іншы кантынент. Пабудавалі ў Сялібе дзве сінагогі, пошту, яўрэйскую школу, клуб, медпункт, бібліятэку, лазні, два паравыя млыны... Беларусаў тут жыло каля 400 чалавек. Казалі, што яны лічыліся, ды і былі на самой справе, менш адукаванымі на той час. Толькі ў 1924-м адкрылі 4-ы клас з беларускай мовай навучання.

— Я памятаю, як вёска ўмоўна падзялялася на дзве часткі — «чырвоную» яўрэйскую і «белую» беларускую, — расказвае 92-гадовая жыхарка Лучнага Маста Раіса Аляксандраўна Паркалава. — Колькі крам і гандлёвых лавак было! Мабыць, не менш як 50. Амаль у кожнай хаце працавалі шаўцы, краўцы, цырульнікі, печнікі, аптэкары, старызнікі… Нават туфлі на абцасах у нас шылі. Навокал усё гудзела, як у вулеі. Сельсавет стварылі недзе адразу пасля рэвалюцыі, потым — камітэт беднаты. А ў 1925—1926 гадах з’явіўся пасёлак Ахдус.

Калектывізацыя ў Сялібе праходзіла асабліва. Першым у 1929 годзе на «яўрэйскай тэрыторыі» стварылі калгас імя Калініна, які ўзначаліў Савелій Няхай. Тады ж на землях Шлемы Герцовіча з’яўляецца яшчэ адна гаспадарка — яўрэйскі нацыянальны калгас «Ахдус» на чале з Файтэлем Герцовікам. Прыкладна праз год-два яны аб’ядноўваюцца ў калгас імя Калініна пад кіраўніцтвам Савелія Фёдаравіча. Крыху пазней да яго прымыкае адсталы калгас імя Варашылава. Па лініі «Таварыства землеўпарадкавання яўрэйскіх працоўных» з ЗША прывозяць колавы трактар «Джон Дзір». Вось хто мог у даваенны час пахваліцца такім багаццем?

У «беларускай» Сялібе ў 1934 годзе пад кіраўніцтвам Міхаіла Іўчыка ствараюць калгас імя Будзёнага, спачатку з ліку беднякоў. Пазней да іх далучаюцца і астатнія сяляне. А праз год адбываецца зліццё «Калініна» і «Будзёнага». У выніку атрымліваецца цэлая інтэрнацыянальная, але вельмі трывалая «калінінская» гаспадарка.

У канцы 1930-х гадоў яўрэйскую школу зачынілі, усе вучні пайшлі ў беларускую. Хуткімі тэмпамі пачалося будаўніцтва ў вёсцы. Узвялі буйную МТФ, маслазавод. Калгас трымаў вялікае пагалоў’е коней, кароў, авечак. Адкрылі птушкаферму, купілі жнейкі, касаркі і нават грузавы аўтамабіль ГАЗ. Сяліба першай у раёне ўбачыла лямпачку Ільіча пасля таго, як калгас пабудаваў асабістую электрастанцыю. Уздоўж вуліц паклалі тратуары, пазней адну сінагогу аддалі пад хлебапякарню, у другой размясціўся клуб, сцены якога размаляваў мастак Айзік Плакса. Сабралі сялібскі духавы аркестр, усе святы і танцы суправаджаліся яго музыкай. Дзейнічала свая пажарная дружына, працавала бальніца на 25 коек, ашчадная каса. Вечарам 21 чэрвеня 1941 года Сялібская школа развіталася с дзвюма дзясятымі класамі, сваімі першымі выпускнікамі…



Старыя людзі расказалі, як нямецкія самалёты руйнавалі вёску бомбамі. Першым ад нямецкіх акупантаў дасталося яўрэям. Адразу расстралялі 10 маладых хлопцаў. Потым забралі 6 дзяўчат, адвялі за раку ў бок Ядліно, паздзекаваліся і закатавалі да смерці. Мясцовыя жыхары пасля іх хавалі на могілках. Недзе ў жніўні таго ж 41-га астатніх яўрэяў пагналі ў Багушэвічы ў гета. Старажылы ўспамінаюць са слязьмі:

— Сярод мясцовых знайшлося шмат здраднікаў, хто запісаўся ў паліцыю. Яны ж ведалі, хто і дзе жыве. Па хатах гойсалі і людзей выцягвалі на вуліцу. У Багушэвічах зладзілі масавую расправу. Стралялі і кідалі ў яму ва ўрочышчы «Фрыдава паляна». Чалавекі тры ўратаваліся з вёскі. Іх трупамі заваліла, але параненыя яны змаглі потым выпаўзці. Паспеў перад аблавай схавацца і яўрэйскі хлопчык. Спачатку туляўся па чужых хатах у Сялібе, потым жыў у зямлянцы. Прасіўся ў партызаны, вырашылі яго пераправіць у атрад. Але каля лесу дзіця дагнаў паліцай Сцяпан і забіў. Гэтага гада самога потым міліцыя расстраляла, праўда, пасля вайны. Многіх вяскоўцаў выратаваў мужчына-перакладчык, які служыў у немцаў. Ён неяк быў звязаны з партызанамі. На допытах перакладаў няправільна, блытаў фашыстаў, а тыя давяралі. Амаль кожны дзень былі аблавы, усе ўцякалі ў лес. Тое, што бачылі нашы вочы, лепей нікому і ніколі не бачыць. Вайна, дзякуй Богу, даўно засталася ў мінулым. Вось так, дзіцятка, Сяліба яе перажыла. А цяпер  вось якая навокал прыгажосць!

Многія жыхары вёскі атрымалі высокія ўзнагароды за барацьбу з ворагам. Як памяць і павага да загінуўшых землякоў і абаронцаў Радзімы ў цэнтры аграгарадку высіцца помнік-абеліск. Насупраць — трохкупальны храм Святога Вялікамучыніка Георгія Пераможца. Першая літургія прайшла ў снежні 2012 года, у кастрычніку 2016-га храм асвяцілі.  Будавалі ў асноўным на грошы прыхаджан і мецэнатаў. Айцец Аляксей на момант майго прыезду быў у лесе. Даведаўшыся, што пра яго пытае карэспандэнт «СГ», вярнуўся назад. Сцвярджае, што людзі ў Сялібе — адзіная сям’я, хаця і шматнацыянальная.

Сёння ў аграгарадку пражывае 300 чалавек, з якіх 70 — людзі сталага ўзросту. Яўрэяў амаль няма. Затое пасяліліся азербайджанцы, асеціны, татары, рускія… Галоўная вуліца — Цэнтральная, цягнецца на кіламетры тры. Да яе прымыкаюць Школьная, Юбілейная… У савецкія часы мясцовы калгас імя Ільіча, які ўтварыўся ў 1960 годзе з сямі гаспадарак, лічыўся мільянерам.

Шмат матэрыялаў па гісторыі Сялібы сабрала кіраўнік аддзела кадраў ААА «Месціна» Ала Тарасюк: «Я калісьці падлічвала, што з нашай вёскі выйшлі адзін прэзідэнт АН БССР, тры пісьменніка і паэта, адзін заслужаны настаўнік БССР, адзін генерал, 56 настаўнікаў, 14 дактароў, 38 афіцэраў Чырвонай Арміі і 5 аграномаў».

Сяліба — малая радзіма беларускага паэта Рыгора Няхая. Аднымі з выпускнікоў мясцовай школы былі савецкі і беларускі фізік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік АН СССР, прэзідэнт АН БССР, доктар фізіка-матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Мікалай Барысевіч і пісьменнік-сатырык Міхась Скрыпка. У мясцовым клубе-бібліятэцы, якім кіруе Наталля Заікіна, сабрана шмат матэрыялаў аб знакамітых земляках, пакінуўшых свой след не толькі на малой радзіме. Перасоўную выставу, арганізаваную Бярэзінскай раённай бібліятэкай, можна паглядзець у розных кутках раёна.

У 2003-м калгас рэарганізавалі ў ААА «Месціна». Вялікі будынак школы застаўся, але з 2016 года ён зачыніў свае дзверы. Працуюць магазін, ФАП, клуб-бібліятэка… Тут жа знаходзіцца праўленне  гаспадаркі, якой з сакавіка 2014-га кіруе Аляксандр Асмалоўскі.

Аграгарадок цяпер не такі шумлівы, як раней. Па асфальтаванай вуліцы гойсаюць на веласіпедах дзеці, гудзяць машыны і трактары… Звычайнае і мернае жыццё, камфортнае для жыхароў і гасцей.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter