Рэпартаж пра малую радзіму Цішкі Гартнага - Капыль

Дзмітрый Жылуновіч: трагічнае вяртанне дамоў

Праз восемдзясят з лішнім год пасля смерці паэта, які стаяў на чале першага беларускага ўрада, карэспандэнт  «СГ» пракрочыла некаторымі сцяжынкамі выхадца з сялянскай сям'і
ЗА сваю амаль паўвекавую гісторыю просты хлапчук с сялянскай сям’і прайшоў вялікі цярністы і складаны шлях ад звычайнага гарбара да кіраўніка Часовага рабоча-сялянскага ўрада і аўтара Маніфеста аб абвяшчэнні ССРБ. Патрапіўшы ў спіс «ворагаў народа» і абвінавачаны ў «сувязі з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі», пасля цяжкіх пакут і здзекаў ён скончыў сваё жыццё ў псіхіятрычнай бальніцы. Сумленнае імя беларускаму паэту і пісьменніку, рэдактару газеты «Савецкая Беларусь» і часопіса «Полымя», дырэктару Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыку Дзяржвыдавецтва, намесніку народнага камісара адукацыі БССР, сябру Інбелкульта, а потым і акадэміку АН БССР, члену ЦВК БССР Дзмітрыю ЖЫЛУНОВІЧУ, альбо Цішку Гартнаму, цалкам вярнулі толькі пасля яго поўнай рэабілітацыі ў 1988 годзе.


КАПЫЛЬ, Капыль! Маё мястэчка, вялікай Міншчыны куток! Мне міла ўсё тваё: і рэчка, і хаты, нівы і гаёк!

Верш, прысвечаны малой радзіме, ён напісаў у 1914 годзе ў Пецярбургу, а нарадзіўся будучы паэт 4 лістапада 1887 года. Для тых, хто ніколі не наведваў Капыль, трэба патлумачыць, што рэльеф там вельмі незвычайны: то подбегам спускаешся па вуліцы ўніз, то паўзеш уверх, як чарапаха. З некаторых кропак на гарышчах бачна ўся панарама і прыгажосць райцэнтра.

Пайшла па вуліцы, якая носіць імя Жылуновіча. Самым маштабным будынкам здаўся храм у гонар Узнясення Гасподняга. Ён быў пабудаваны на месцы драўлянай царквы, якую знішчыў пажар. Першае набажэнства пасля доўгага перапынку ў адноўленым храме здзейснілі толькі ў 1989 годзе.

Дарога бяжыць ўніз. Спрабую ўявіць выгляд гэтай часткі горада гадоў сто таму, але не надта атрымоўваецца. Ад бацькоўскага гнязда Жылуновічаў засталіся толькі падворак і каменны падмурак. Хата некалькі разоў перабудоўвалася і пераходзіла ад аднаго гаспадара да другога. Пасля Жылуновічаў там жыла сям’я вядомага мастака Уладзіміра Пасюкевіча, які пазней перадаў больш за 80 сваіх палотнаў у мясцовы музей. Сярод іх і карціна «Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі. 1930 год». На вонкавай сцяне хаты доўгі час вісела шыльда з надпісам: «На гэтым месцы стаяў дом, у якім нарадзіўся вядомы пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч, старшыня рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі 1919 года». Нядаўна шыльду перанеслі крыху ўбок, каб не перашкаджала новым гаспадарам.

Цішка ГАРТНЫ з жонкай Надзеяй і дзецьмі Галінай і Андрэем

Крыху пастаяўшы ля хаты, вяртаюся назад да будынка, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць Зміцер Жылуновіч.

У ПАЧАТКУ мінулага стагод- дзя ў сучасным будынку краязнаўчага музея размяшчалася гарбарная майстэрня, куды і наняўся 13-гадовы хлапчук. У фондах захоўваецца копія старонкі яго працоўнай кніжкі. Тут жа працаваў і бацька Фёдар Лукутавіч.

У холе сустрэла бюст Цішкі Гартнага, выкананы Заірам Азгурам, — Музей гісторыі беларускай літаратуры перадаў яго на часовае захоўванне. Побач экспазіцыя, а за шклом — інструменты для вырабу скуры і пашыву абутку XIX стагоддзя, жаночыя і мужчынскія туфлі, драўляныя калодкі — капылы.

Падворак, на якім стаяла хата Жылуновічаў.

Дырэктар музея Валянціна Шуракова распавядае: «У фондах ёсць кніга «Маладая Беларусь», напісаная літаратарам і грамадскім дзеячам Львом Клейнбортам, дзе змешчаны біяграфія Цішкі Гартнага і апісанне гарбарні. І ў асабістым дзённіку Жылуновіч пісаў, што ўнутры майстэрні пануе смурод, непрыемны пах курава лезе ў нос, дыхаць няма чым. І толькі адна радасць — калі на вуліцу летам адкрываюцца вокны. А за імі — родны горад з яго зелянінай...» А потым Валянціна Леанідаўна адным сказам выдае аб тым, што можна было б яшчэ доўга высвятляць: «Пайшоў ён з роднага Капыля ў вялікае жыццё, у тую прывабную зеляніну, а вярнуўся амаль праз сто гадоў у камені».

Камень — памятны знак, дарэчы, адзіны ў рэспубліцы, які ўсталяваны ў гонар Цішкі Гартнага. Стаіць ён каля будынка музея, у самым пачатку вуліцы Жылуновіча. Грошы сабралі гараджане на суботніках. Мясцовы мастак Уладзімір Бандарэнка ўвекавечыў зямляка па копіі фотаздымка, якая захоўвалася ў музейных фондах. А ў адным з пакояў «Трагедыя і подзвіг. Стагоддзе ХХ» — невялічкі куток, прысвечаны рэпрэсіраваным землякам. Сярод іх і фотаздымак Зміцера Фёдаравіча разам з сынам Андрэем. Наогул, вобраз выхадца з сялянскай сям’і незвычайны: капялюш, кій, пінжак і прыгожыя туфлі, замест гальштука — «матылёк». Ён ну аніяк не ўваходзіў у тыя савецкія меркі. Старэйшай з дзяцей у Жылуновічаў была дачка Галіна. Доўгі час сям’я жыла ў Пецярбургу.

Копія працоўнай кніжкі Дзмітрыя Жылуновіча

ПРАМЫХ спадкаемцаў у Цішкі Гартнага, на жаль, няма. Бацька Фёдар Лукутавіч пахаваны на мясцовых могілках Капыля. Верагодна, побач з ім пакоіцца і маці Яўгенія Антонаўна. Каб знайсці гэта месца, нам з навуковым супрацоўнікам музея Андрэем Лятчэняй прыйшлося гадзіны дзве прачэсваць тэрыторыю. За дзясяткі гадоў шэрая магільная пліта згубілася сярод кустоў і зеляніны. Натыкнуліся выпадкова, калі промні сонца наўскос бліснулі на ляжачую каменную глыбу і кінуліся ў вочы некалькі складоў  «Жы» і «віч». Разгледзець стагадовы надпіс было цяжка. Спачатку «чыталі» рукамі, абводзячы амаль нябачныя літары пальцамі. Каб удакладніцца ў правільнасці знаходкі, палілі камень вадою. Прыгожым трафарэтным шрыфтам на беларускай мове было напісана: «Тут пахаваны Фёдар Лукутаў Жылуновіч. Нарадзіўся ў 1860 годзе. Пам. (ці Пах. – Аўт.) у 1931 годзе».  З абодвух бакоў таксама магільныя пліты. Можа, і маці Цішкі Гартнага там пакоіцца, але надпісы зусім зніклі, нічога не зразумець.

КАБ перагарнуць усе старонкі палітычнай і рэвалюцыйнай дзейнасці Жылуновіча, не хопіць і цэлага нумара газеты. Таму крану апошнія яго гады. У 1930-м Зміцер Фёдаравіч праходзіць па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», а ў студзені 1931 года яго разам з першым прэзідэнтам Акадэміі навук Усеваладам Ігнатоўскім выключаюць з партыі. Ігнатоўскі менш чым праз месяц застрэліцца, а Жылуновіча на некалькі гадоў адправяць «ідэйна перавыхоўвацца» на завод «Камунар» (будучы завод імя Кірава). Ён яшчэ чапляецца за жыццё, падрыхтоўвае зборнікі броднікаў аб шчаслівай будучыні савецкай краіны. Назад у партыю не прымаюць, але як пралетарскага пісьменніка ў 1934 годзе ў ліку першых прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР. Хаця гэта не перашкаджае НКВД падрыхтаваць сакрэтную характарыстыку: «Уваходзіў у кіруючы цэнтр «Савета ваяўнічых бязбожнікаў». Перакананы нацдэм». Адзначылі і тое, што ён адкрыта выступаў супраць уплыву рускай культуры на беларускую.

Магільная пліта Фёдара Жылуновіча
15 лістапада 1936 года Жылуновіча арыштавалі, вадзілі на допыты кожную ноч, а раніцай прыносілі моцна збітым. Пасля працяглых катаванняў яго прызналі псіхічна хворым, і вясной 1937 года перавялі ў псіхіятрычную бальніцу ў Магілёў, а 11 красавіка афіцыйна канстатавалі смерць ад гангрэны лёгкіх. Але чуткі сцвярджаюць іншае. Пасля пераводу ў псіхушку Жылуновіч ведаў, што рабіць. Застаўшыся без нагляду, падняў над сабой цяжкі бальнічны ложак і апусціў яго металічную ножку дакладна сабе на горла...

ДОЎГІ час месца на ўскраіне Пячэрскага парка ў Магілёве, дзе ў адной яме былі пахаваны некалькі чалавек, у тым ліку і Цішка Гартны, заставалася забароненай таямніцай. Але казалі, што людзі ўпотайкі ўсё адно прыносілі кветкі на магілу. А ў красавіку 1989 года там устанавілі невялікі памятны знак.

Зараз яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Капылі, Гродна і Магілёве, капыльская сярэдняя школа №2. Кожны год у дзень нараджэння Цішкі Гартнага на яго малой радзіме праводзіцца агульнагарадскі мітынг. Упершыню па ініцыятыве навучэнцаў ён адбыўся на 120-годдзе паэта. Памяць аб ім захоўвае і Літаратурны музей імя Янкі Купалы.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА

Літаратурную дзейнасць Цішка Гартны пачаў у 1908 годзе. Прадстаўнік рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык, даследчык гісторыі беларускай літаратуры. Заснавальнік рабочай тэматыкі ў нацыянальнай паэзіі і прозе (зборнік «Песнi», 1913 год). У найбольш значным творы — рамане «Сокi цалiны» (напісаны ў 1914—1929 гадах, выдадзены ў 1922—1930-х) — паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыянера, стварыў яркія вобразы сялян-местачкоўцаў. У сваіх творах адлюстроўваў рэвалюцыйныя падзеі і этапы сацыялістычнага будаўніцтва. У зборніках апавяданняў «Трэскi на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) паказаў падзеі Грамадзянскай вайны, абуджаныя рэвалюцыяй вёскі. Аўтар п’ес, рамана пра калектывізацыю «Перагуды» (1935), артыкулаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара і з Капыльскага краязнаўчага музея
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter