Дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Раман Матульскi назваў самыя адметныя падзеi святкавання 500-годдзя беларускай кнiгi

Дзiвосны свет яго спадчыны

Усе мы ведаем, што 2017–ы быў у Беларусi абвешчаны Годам навукi. Але яго без перабольшвання можна назваць i годам Скарыны. Мы адзначалi паўтысячагоддзе з таго дня, як беларускi асветнiк узяў у рукi сваё першае выданне — Псалтыр. Адзначала падзею не толькi Беларусь — увесь свет. Галоўным генератарам святочных мерапрыемстваў стала Нацыянальная бiблiятэка Беларусi.

фото юрия мозолевского

— Дарэчы, наконт Года навукi i юбiлея беларускай кнiгi... Тут не проста супадзенне. Не будем забываць, што Скарына быў першым беларускiм доктарам навук! А па–другое, развiццё навукi без кнiгi, без друкаванага слова ўявiць немагчыма, — лiчыць дырэктар «дыямента ведаў» Раман Матульскi.

Колькi было мерапрыемстваў — усё адразу не прыпомнiш. Раман Сцяпанавiч згадвае, што два гады таму на сустрэчы кiраўнiкоў бiблiятэк было прапанавана больш за чатырыста пунктаў. Толькi ў Нацыянальнай бiблiятэцы адбылося каля сарака буйных, рэспублiканскага маштабу, мерапрыемстваў. Гэта плённая праца атрымала высокую адзнаку: Прэзiдэнт прысудзiў калектыву Нацыянальнай бiблiятэкi прэмiю «За духоўнае адраджэнне». Па нашай просьбе Раман Сцяпанавiч выбраў сем знакавых падзей мiнулага года.


1. Праект «Кнiжная спадчына Францыска Скарыны»

— Вядома, галоўны наш праект — гэта факсiмiльнае ўзнаўленне спадчыны Францыска Скарыны. Яно стала брэндам краiны. Праектаў такога маштабу ў свеце яшчэ не было. Звычайна ўзнаўляюць адну кнiгу, дзве... А тут — поўны збор, дваццаць тамоў факсiмiльных выданняў i яшчэ адзiн том навуковых каментарыяў. Мы працавалi пяць гадоў. Вядома, на гэтым шляху нас падтрымлiвалi. Мiтрапалiт Фiларэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi, блаславiў працу на самым пачатку. Пачалася рэалiзацыя дзякуючы дзяржаўнай праграме «Культура». Але рэалiзаваны праект усё ж не за дзяржаўны кошт. Мы пайшлi шляхам Францыска Скарыны, якi меў мецэнатаў. Галоўным спонсарам стаў банк БелВЭБ. Над праектам працаваў мiжнародны калектыў. Яго здзяйсненне фактычна зрабiлася базай для з’яўлення ўсiх iншых выданняў, прысвечаных юбiлею. Тут i персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына», i дзiцячая энцыклапедыя пра Скарыну ў трох тамах, напiсаная нашым супрацоўнiкам Алесем Сушам, i альбом «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», i выданне перакладаў скарынаўскай прадмовы да кнiгi Юдзiфi Выдавецкага дома «Звязда».

2. Спадчына Скарыны стала даступнай любому жыхару Беларусi

— 1 верасня ў нашай бiблiятэцы прэзентавалася поўнае выданне спадчыны Скарыны. Тады ж адбыўся сiмвалiчны акт перадачы камплектаў кнiг тым, для каго асветнiк у свой час iх выдаваў: моладзi. Цяпер ва ўсiх беларускiх вышэйшых навучальных установах ёсць спадчына першадрукара. Перадалi кнiгi i пасольствам краiн, дзе захоўваюцца яго выданнi. Гэтай восенню правялi цырымонii перадачы ва ўсiх абласных бiблiятэках. Мы дамагалiся, каб кожны жыхар Беларусi змог прыйсцi ў сваю раённую цi абласную бiблiятэку i патрымаць у руках выданнi Скарыны.


3. Скарына прэзентаваў нашу краiну ў свеце

— Была ў нас i задача паказаць Беларусь як дзяржаву з велiзарнымi навуковымi, адукацыйнымi, духоўнымi традыцыямi. Разам з Мiнiстэрствам замежных спраў мы распрацавалi цэлую праграму i правялi шмат знакавых мiжнародных акцый. Напрыклад, ва Уроцлаве, на Мiжнародным сусветным кангрэсе IФЛА, арганiзацыi, якая аб’ядноўвае ўсiх бiблiятэкараў свету. Правялi «круглы стол» у Празе, дзе выйшла першая кнiга Скарыны, усклалi кветкi да яго помнiка i памятнага знака. Прэзентавалi выданне кнiжнай спадчыны Скарыны ў ААН, у Ватыкане, у буйнейшых бiблiятэках свету, такiх як Нацыянальная бiблiятэка Велiкабрытанii, бiблiятэка кангрэса Злучаных Штатаў, Нацыянальная бiблiятэка Кiтая, Публiчная бiблiятэка Нью–Ёрка... Помню, у адной з такiх буйных бiблiятэк, калi я падчас прэзентацыi назваў год выдання скарынаўскiх кнiг, усе проста былi ашаломленыя, пачалi перапытваць: «Калi, калi?» З усведамленнем, што кнiгадрукаванне краiны, пра якую яны так мала ведаюць, пачалося не пазней, чым у iх, мяняюцца адносiны i да нашага праекта, i да нашай дзяржавы. Прыходзiць разуменне, што Беларусь не на задворках гiсторыi, а годна стаiць побач з iншымi краiнамi i можа зрабiць унёсак у агульную скарбонку еўрапейскай культуры.

4. Устаноўлена дакладная колькасць захаваных кнiг Скарыны

— Выданню скарынаўскай спадчыны папярэднiчала вялiкая навуковая праца. Мы з дапамогай калег з iншых краiн правялi грунтоўнае выяўленне захаванай спадчыны вялiкага палачанiна. Зараз дакладна ведаем, што ў свеце iснуе 519 асобнiкаў. Не трэба думаць, што ўсё гэта — дыхтоўныя кнiгi ў пераплёце. Нават калi захавалася некалькi староначак, гэта лiчыцца асобнiкам. Найлепш захаваныя экзэмпляры — канвалют з адзiнаццацi кнiг у бiблiятэцы Верхнялужыцкага ўнiверсiтэта.


5. Мiжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнiгадрукавання»

— 14 — 15 верасня 2017 года ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi праходзiў мiжнародны кангрэс. Колькасць зарэгiстраваных удзельнiкаў значна перавысiла магчымасцi нашай залы. Акрамя нашых суайчыннiкаў прыехала каля 120 прадстаўнiкоў 24 замежных краiн, усяго больш за 600 даследчыкаў. Гэта, як вы разумееце, не «адмiнiстрацыйны рэсурс», гэта праяўленне шчырай цiкавасцi да тэмы. Напрыклад, вялiкая дэлегацыя з Кiтая на чале з дырэктарам нацыянальнай бiблiятэкi гэтай краiны, дваццаць нашых калег са Злучаных Штатаў. Велiзарны навуковы форум дазволiў абмеркаваць шмат праблем не толькi датычна Скарыны, але i ўвогуле захавання кнiжнай спадчыны.

6. Выстаўка «Пяць стагоддзяў беларускага кнiгадрукавання»

— Па ацэнцы замежных калег, такой выставы ў Еўропе яшчэ нiхто не ладзiў. Мы вылучылi пад яе памяшканне ў 1,5 тыс. кв. м. У экспазiцыi былi такiя рэдкiя, вельмi каштоўныя кнiгi, якiх звычайна на выставах трапляецца дзве–тры. А да нас прыслалi свае экспанаты Славенiя, Славакiя, Расiя, Лiтва, Латвiя, Польшча, Германiя, Румынiя. Кожная кнiга — не толькi духоўны скарб, але i велiзарная матэрыяльная каштоўнасць. Напрыклад, першая еўрапейская кнiга — Бiблiя Гутэнберга. З Германii ў пасляваенныя гады гэты рарытэт увогуле не вывозiлi. Больш за 60 кнiг, што сышлi з варштата Скарыны. З прыватнай калекцыi ў экспазiцыю патрапiла адно з першых друкаваных выданняў на тэрыторыi сучаснай Беларусi — так званая Брэсцкая Бiблiя. Фактычна мы паказалi гiсторыю друку ўсёй Еўропы. Старадрукi размясцiлi ў храналогii iх выдання. I атрымалася, што Скарына знаходзiцца ў цэнтры экспазiцыi не толькi таму, што свята прысвечана яму, а таму, што наш асветнiк апынуўся ў цэнтры развiцця еўрапейскага кнiгадрукавання. Прысутнiчала i многа артэфактаў, такiх як рэканструкцыя першага друкарскага станка Скарыны.


7. Конкурс драматургii

— Мы былi iнiцыятарамi i ўдзельнiкамi i тых мерапрыемстваў, якiя выходзяць за кола прывычнай бiблiятэчнай справы. Супрацоўнiчалi i з банкам, якi выпусцiў манету да 500–годдзя беларускага кнiгадрукавання, i з поштай, якая падрыхтавала спецыяльны канверт i маркi. Вельмi плённым аказалася супрацоўнiцтва з кiно i тэлебачаннем. З’явiлiся дакументальныя фiльмы пра Скарыну — цяпер наша агульная задача iх папулярызаваць, каб iх паглядзелi не толькi спецыялiсты. Паспяхова прайшоў конкурс на лепшую п’есу. Мы думалi, ну з’явiцца некалькi аўтараў... Але конкурс стаў мiжнародным, свае творы дасылалi драматургi рознага ўзросту i розных творчых кiрункаў. У вынiку два спектаклi былi пастаўленыя на беларускай сцэне. Праз погляд сучасных аўтараў, рэжысёраў, акцёраў Скарына ажыў. I з завяршэннем юбiлейнага года мы з iм не развiтваемся. Францыск з Полацка застаецца з намi!

rubleuskaja@sb.by

Фото Виталия Пивоварчика.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter