«Дзiвацтвы» Сяргея Карбоўскага

На  галоўную  ролю  аднаго  са  спектакляў  рэжысёр  запрасiў...  спявачку  Iрыну  Дарафееву

На  галоўную  ролю  аднаго  са  спектакляў  рэжысёр  запрасiў...  спявачку  Iрыну  Дарафееву

Спачатку прадставiм вам Сяргея Карбоўскага: скончыў Беларускую акадэмiю мастацтваў па спецыяльнасцi рэжысёр-пастаноўшчык. Працаваў на Беларускiм тэлебачаннi, дзе вёў аўтарскiя праграмы «Вера. Надзея. Любоў», «Папараць-кветка», быў рэжысёрам праграм «Усе мы з дзяцiнства», «Вас выклiкае Спартландыя». З’яўляецца пастаноўшчыкам больш за тры дзясяткi радыё- i тэлевiзiйных спектакляў, у тым лiку «У тумане» Васiля Быкава, «Востраў надзеi i кахання» Уладзiмiра Грыўцова, «Апошнi дзень матрыярхату» Уладзiмiра Машкова i iншых. 

— Сяргей Аляксеевiч, вы жылi i працавалi ў Мiнску. Быццам бы някепска былi ўладкаваны. I раптам выбралi Бабруйск. З чым гэта звязана? 

— З жаданнем рэалiзоўваць свой творчы патэнцыял. Вось i патэлефанаваў колiшняму дырэктару Бабруйскага тэатра Веры Iльiчовай. «Прыязджайце, — сказала яна, — нам патрэбны рэжысёр!» Ну я за свае чамаданы — i адправiўся ў горад на Бярэзiне. Тым больш яго з дзяцiнства ведаў. Тут у «цыганскiм раёне»  жыў мой дзядуля па мамiнай лiнii. Ягоны дом i цяпер захаваўся. Праўда, гаспадараць у iм новыя людзi. Але гэта нiколькi не замiнала мне ўспамiнаць мiнулае – ах, якое цудоўнае яно было! 

Аднак жа трэба было прымацца за работу. Наколькi гэта адказна, я цудоўна разумеў. Бо Бабруйскi тэатр – адзiн са старэйшых у рэспублiцы, некалi на яго падмостках выступаў знакамiты Мiхаэлс, ён з’яўляецца прабацькам Гродзенскага тэатра, у iм вельмi моцная трупа. 

Мы ўзялiся ставiць «Пучыну» Астроў-скага. Затым «Жартаўнiкi» гэтага ж аўтара. Складаныя п’есы, але актуальныя. У iх востра ставiцца праблема выбару жыццёвага шляху, адказнасцi перад грамадствам, асабiстай пазiцыi. Канешне, тут важна было падабраць выканаўцаў, бо гэта дзевяноста працэнтаў поспеху. 

— Па якiм прынцыпе вы падбiраеце акцёраў? 

— Кожны рэжысёр перш за ўсё выбiрае аднадумцаў, якiя б здолелi ажыццявiць ягоныя планы. Такiх у нашым тэатры багата. Хацеў бы назваць Аляксандра Парфяновiча, дарэчы, кавалера ордэна Пашаны, Сяргея Баброўнiка, Алену Сафронаву, Анастасiю Агейкiну i iншых. Яркiя iндывiдуальнасцi, могуць сыграць у любой п’есе. «Нам, — кажуць, — падабаецца  творчая абстаноўка, якая пануе ў тэатры». Стрыножваць акцёра ў нас не прынята. Падпраўляй, «выроўнiвай», але не гнi! Аднак жа ў той час лiчу, што п’есы трэба ставiць з арыенцiрам на канкрэтнага акцёра. I не баяцца запрашаць на адказныя ролi «чужынцаў», людзей з iншых сфер дзейнасцi. 

— Раскажыце, калi ласка, пра супрацоўнiцтва з вядомай беларускай спявачкай Iрынай Дарафеевай. Запрашэнне яе сыграць у тэатры не было часам авантурным? 

— Нiколькi, гэта я вам з поўнай адказнасцю кажу. Хоць, канешне, у сяго-таго сумненнi былi. Толькi не  ў мяне. Бо ведаў Iрыну яшчэ з таго часу, калi яна выступала ў вакальна-iнструментальным ансамблi «Верасы». Гэта значыць, на працягу дванаццацi гадоў. Уважлiва сачыў за яе творчым, прафесiйным развiццём, ростам. Пераканаўся: яна здольная на многае! У тым лiку выступiць на тэатральных падмостках. У яе ёсць харызма, заражальны тэмперамент, шмат прывабных якасцей. Вось аднойчы i прапанаваў сыграць галоўную ролю ў п’есе Андрэя Курэйчыка «Асцярожна, жанчыны Парыжа!». Яна дала сваю  згоду. Ужо некалькi разоў iшоў спектакль – поўная глядзельная зала. Душа радуецца: не прагадаў з актрысай! 

— Вы ўжо другi год у тэатры. Як адчуваеце, пайшла работа? Што ў сваiх планах выношваеце? 

— Праца рэжысёра далёка не мёд. Кожны спектакль – гэта для яго выпрабаванне, звязанае з тратай энергii, сiл фiзiчных i душэўных. 

Але галоўнае, што ёсць жаданне служыць роднаму тэатру. Я выношваю шэраг праектаў. Напрыклад, паставiць «Буйны выйгрыш» Шалом-Алейхема. Бо ў iм дзеянне адбываецца ў еўрапейскiм гарадку накшталт нашага. Мне ў гэтым спектаклi хацелася б паказаць хронiкi i старога Бабруйска, i новага, якi пасля рэспу-блiканскiх «Дажынак» непазнавальна змянiўся. Папрацаваць так, каб спектакль быў для тэатра i горада своеасаблiвай вiзiтнай карткай. 

Некалi ў Бабруйску iшла п’еса «Кодэкс гонару» – пра дзекабрыстаў, якiя служылi ў Бабруйскай крэпасцi. Хачу яе аднавiць. Ужо пабываў i ў краязнаўчым музеi, i ў самой крэпасцi, вяду, так бы мовiць, падрыхтоўчую работу. А паставiць п’есу мяркую прама на тэрыторыi гiстарычнага помнiка. А чаму б i не – гэта ж вельмi цiкава, а як бы на яе глядач пайшоў! 

Ды планаў шмат. Важна, каб пад iх была i адпаведная матэрыяльная  «падстаўка». Маю на ўвазе паднаўленне той жа светлавой i гукавой апаратуры – аднаго з самых хворых месцаў тэатра. Ды i каб таго ж акцёра запрасiць (а ў нас не хапае саракагадовых), жыллё патрэбна. А цi праблема таго ж гледача не можа не хваляваць? Ён пойдзе ў тэатр тады, калi адчуе ягонае прыцягненне. Спектаклi-аднадзёнкi, пра секс i насiлле, сёння не праходзяць – давай тыя, якiя душу закранаюць. Галоўнае на сцэне – суперажыванне. Людзi павiнны знаходзiць адказы на пытаннi, якiя iх па-сапраўднаму хвалююць. Трэба надаць новае гучанне слову «катарсiс» (ачышчэнне), якое заўжды прысутнiчала ў творах старажытна-грэчаскiх аўтараў Гамера, Эсхiла, Эўрыпiда. Ну i, вядома, без новаўвядзенняў, эксперыментаў не абысцiся. 

— Прабачце, Сяргей Аляксеевiч, а чым займаецца рэжысёр пасля работы? 

— Усё тым жа – тэатрам. Думаю, разважаю. Ну а калi i застаецца якое «акенца», то дазваляю зазiрнуць у яго паэзii, супрацоўнiчаю з такiмi беларускiмi кампазiтарамi, як Алег Елiсеенкаў, Генадзь Маркевiч i iншыя. А яшчэ пад настрой рыхтую артыкулы на тэатральныя i iншыя тэмы для рэспублiканскiх i мясцовых выданняў. Творчая натура, няма ёй спачыну! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter