Дзiвак

Дзень быў цёплы, сонца ўжо добра прыпякала,   але з перапынкамi: часам яго засланялi хмаркi, што насоўвалiся з-за Ушы, з-пад Вiлейкi. Веяў сыраваты ветрык. На раскошнай вярбе гушкалiся ад яго павеву пушыстыя пупышкi...

Дзень быў цёплы, сонца ўжо добра прыпякала,   але з перапынкамi: часам яго засланялi хмаркi, што насоўвалiся з-за Ушы, з-пад Вiлейкi. Веяў сыраваты ветрык. На раскошнай вярбе гушкалiся ад яго павеву пушыстыя пупышкi. Валянцiн наўмысна зачапiў адну з галiнак, але тая адпружынiла, узнялася ўгору, не паддалася. Ён усмiхнуўся, пстрыкнуў пальцамi правай рукi, быццам так i трэба, перайшоў чыгуначнае палатно, зайшоў у кафэ. Ён часцяком абедаў тут. Раней у гэтым памяшканнi была чыгуначная сталоўка, дзе надвячоркам збiралiся не толькi тыя, хто насамрэч прагаладаўся, але i тыя, каму i чарка да смаку, i хаця гэта забаранялася прычэпленай на сцяне адпаведнай аб’явай, за апустошаныя ўжо бутэлькi дазвалялася пагрэцца няхай i з-пад палы. 

Цяпер ён сядзеў у даволi прыстойным i цiхiм кафэ. Вывучаў меню i стракатую публiку. 

Падышла маладая афiцыянтка, прыняла заказ i знiкла за перегародкаю на кухнi. Наведвальнiкаў была поўная зала. Ля барнай стойкi сядзелi дзве пары маладых людзей, яны паволi смакавалi кактэйль, курылi. Астатнiя сядзелi за столiкамi. Раптам на парозе кафэ з’явiлася маладая прыгожая жанчына з дзвюма дзяўчынкамi. Яна купiла дзецям соку i нейкiх прысмакаў. 

Жанчына была з цёмна-русымi валасамi, у ярка-квяцiстай сукенцы, з круглым тварам, чорнымi брывамi i поўнымi, ледзь намаляванымi вуснамi, а дзяўчынкi, якiм годзiкаў па тры цi крыху больш, былi зусiм белагаловымi, валаскi iх ажно, здавалася, свяцiлiся, i тварыкi ў iх былi беленькiя з ружовенькiм прасветам. 

“Цiкава, дзецi не падобныя на мацi”, — вiдаць, падумаў не адзiн ён, бо многiя звярнулi на iх увагу. Валянцiн глядзеў больш на мацi тых дзяўчынак. У вачах яе гарэлi прывабныя i загадкавыя, як светлячкi ў летнюю ноч, агеньчыкi. Дзяўчынкi елi ахвотна, запiваючы сокам. 

Валянцiн i сам не прыкмецiў, што i ён бессаромна ўгледзеўся, залюбаваўся хараством маладой мацi, абмацаў лiпкiм позiркам яе постаць. Яму чамусьцi захацелася сесцi за блiжэйшы да iх столiк, загаварыць. “Я ўсё сваё халасцяцкае жыццё марыў завесцi сям’ю i мець дзвюх дачушак, такiх, як вось гэтыя белагаловыя дзюймовачкi...” — з сумам падумаў Валянцiн. 

Але маладзiца нiбы ўгадала яго жаданне, раптоўна пасур’ёзнела, перастала ўсмiхацца, гледзячы на сваiх дачок, i ўжо не так адкрыта, употай зыркала на яго. I ён, Валянцiн, адчуваў у гэтым i сваю вiну, быццам ён i сапраўды пакрыўдзiў яе, хоць i мiжвольна. I цяпер, калi еў, ён стараўся як мага паволi гэта рабiць, а вочы яго самi па сабе крадком скiроўвалiся на iх столiк. 

Дзяўчынкi, падсiлкаваўшыся, ужо зусiм раздурэлi: круцiлiся на крэслах i ўсё старалiся ссунуцца на падлогу. Мацi ледзь чутна прыструньвала iх, супакойваючы ўказальным пальцам, а тыя думалi, што з iмi як бы забаўляюцца, весела пасмейвалiся. 

Урэшце адна з блiзнятак вырвалася з-за столiка i панеслася туды, дзе сядзела, весялiлася моладзь. Дзяўчынка была апранута па-летняму, у сукеначцы, выглядала, як маленькая прынцэса, прывабная i шустранькая, як вавёрачка. 

Валянцiн не стрымаўся, усмiхнуўся ў свае мулявiнскiя вусы, падмiргнуў на два вокi малой. Смешны тварык, пралескавыя вочкi i кiрпаценькi, усыпаны не па часе вяснушкамi носiк... 

— Та-а-та, та-а-та! Мама, гэта наш тата! 

Ад такой нечаканасцi ў Валянцiна як усё роўна нешта перавярнулася ў душы, аднак ён не разгубiўся, дастаў з кiшэнi шакаладку, якая была быццам наўмысна куплена для такога выпадку, перадаў дзяўчынцы. Яна ўзяла тую шакаладку, засмяялася i подбегам пусцiлася да мацi, а тая з дакорам, цi як ўсё роўна гнеўна, з насцярогай зiркнула на Валянцiна, нахiнулася да дзяўчынкi, нешта сказала той, толькi i пачуў слова “нельга”, але ўзяла шакаладку i падзялiла на траiх. 

У Валянцiна ў грудзях усё яшчэ нешта трымцела: чаго яна крыўдзiцца, цi ж я не ад шчырага сэрца даў тую шакаладку, я ж не кожнаму дзiцяцi тыцкаю тыя пачастункi, ну не мог стрымацца ад той непасрэднасцi яе дзяўчынкi, бо сваiх дзяцей нiколi не меў, хаця... 

з тае пары, як яшчэ жывая мацi запярэчыла ўзяць Iрыну Ваюць з пышнымi светлымi валасамi, так i ходзiць у халасцяках, хаця ўжо яму далёка за трыццаць. А ён жа так хацеў дзетак! I цяпер, калi бачыць дзiця, ажно ўвесь свецiцца той замiлаванасцю, адчувае пяшчоту да iх, абавязкова ўсмiхнецца таму дзiцяцi альбо нават загаворыць з iм, хаця кожны раз у яго балюча сцiскаецца сэрца. Ужо пяць год, як няма мацi, як Iрына выйшла замуж i гадуе дачушку. Другi б на яго месцы даўно знайшоў жанчыну цi запiў без супынку. Цяпер ён пачынае думаць пра Iрыну: “Як яна там, што робiць у тую хвiлiну, як дачушка iх? Гэта незнаёмка са сваiмi дзецьмi толькi развярэдзiла душу. Чаму  яго дзiця песцiць не ён, бацька, а чужы чалавек, чаму Iрына не прызналася яму, чаму змаўчала, кпiнаў вясковых жонак спужалася, што была два цi тры вечары з тым салдатам? I чаму ў сваiм шчасцi чалавек залежыць ад шчасця iншых людзей? Дурнiца. Я ж цябе кахаў... А цяпер што... Каб было дадзена чалавеку хоць трошачкi зазiрнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамi часу, тое, што з усёй вiдавочнасцю адкрыецца ў наплыве наступных дзён... Не атрымоўваецца, на жаль. Нiчога не можа чалавек уведаць са сваёй будучынi”. 

Ён без асаблiвага жадання парэзаў на кавалачкi прынесеную афiцыянткай адбiўную, узяў колькi, запiў мiнералкай. Мiжволi кiнуў позiрк у бок жанчыны з дзяўчынкамi. Яны збiралiся адыходзiць. Адна з дзяўчынак, тая, што падбягала да яго, штосьцi паказвала ў яго бок, нешта шчабятала мацi, а тая штосьцi ёй тлумачыла, пярэчыла. Дзяўчынка сцiшылася. Людзi ў кафэ цiкаўна паглядвалi на Валянцiна, на тую жанчыну з дзеткамi: у кожнага, вiдаць, былi свае думкi. Яна ж узяла свае пакункi i пайшла да выхаду. Валянцiн таксама ўстаў, пайшоў за iмi. Нешта штурханула яго яшчэ раз усмiхнуцца той маленькай прынцэсе. А што было яму рабiць у такiм выпадку? Вось так спакойна сядзець, перажоўваць тую ялавiчыну, калi душа рвецца, просiць выхаду? Колькi ўжо сябе стрымлiваць? Зараз ён упэўнены ў адным, што калi першым не зробiць крок, то асуджаны будзе на бясконцыя памылкi. Хопiць саступаць: адна няўдача нараджае другую, а часам цэлае мноства няўдач. Яму ўжо карцела ўзяць малую за руку, адчуць сябе шчаслiвым, бо марыў яшчэ з дзяцiнства пра тое шчасце — гэта калi мама — за адну ручку, а тата — за другую, так i не дачакаўся. 

— Ты, мусiць, вылiтая таткава дачушка, — не вытрымаў, зачапiў малую. Ужо памкнуўся быў падаць руку i пайсцi далей разам, але маладзiца неяк насупiлася, вусны яе сцялiся, а толькi што пунцовыя шчокi, здаецца, пабялелi. 

— Алеся, я табе што сказала, бярыцеся за ручкi з Юлькаю. Гэта ж чужы дзядзька, а зусiм не ваш татка, — незлаблiва прыкрыкнула на дачку, крыху тармаснуўшы яе за руку. — Ваш татка яшчэ ў радзiльным доме як даведаўся, што нарадзiла двайняты, да таго ж дзяўчынак, а ён усё чакаў сына, то i знiк. З тае пары не з’яўляецца. Казалi, што ў Маскве на будоўлях шабашыць. 

— Забаўныя вашыя дзяўчынкi, — нiбы апраўдваючыся ў нечым, разгублена сказаў Валянцiн. 

Яму зараз хацелася, каб жанчына хоць яшчэ што сказала — i яму стала б лягчэй на душы, ды тая адвярнулася i пакрочыла да чыгуначнага вакзала. За пешаходным пераходам ён усё ж дагнаў iх, зноў не ўстрымаўся, зачапiў першым: 

— Вам жа цяжка, я ж бачу, давайце дапамагу, мне па дарозе. Ды не бойцеся вы так, не з’ем я вас i вашых дзяўчынак. Няўжо я змахваю на падазронага тыпа? 

Незнаёмка быццам спалохалася яго, упарта крутанула галавой, таропка ступiла некалькi крокаў ад яго, Валянцiна. Дзяўчынкi пераглянулiся мiж сабою i таксама патэпалi за мацi. 

I тут раптам, падышоўшы ўжо да акуратна размешчаных, як на макетах архiтэктара, камерцыйных кiёскаў з рознакаляровымi вiтрынамi, малыя, як згаварылiся, захныкалi: 

— Мама, купi нам ляльку барбi. 

Маладая мацi, як усё роўна яшчэ больш разгубiлася, азiрнулася навокал i нечакана зноў зачапiлася позiркам за Валянцiна, ужо больш раздражнёна спытала: 

— Мужчына, ну што вам ад нас патрэбна? 

— Нiчога, насамрэч, нiчога. Вось толькi дазвольце вашым дзяўчынкам куплю ляльку, калi ласка, яны ж так хочуць забаўляцца. 

— Ды ўжо што з вамi рабiць, прылiплi, як... Дзякуй вам. Далiбог дзiвак, — уголас i ўжо з усмешкаю вымавiла. 

Валянцiн падышоў да кiёска i папрасiў дзве лялькi барбi. Разгледзеў iх, усмiхнуўся i купiў тых лялек, толькi ў розных сукеначках. 

Дзяўчаткi, як кветачкi, распусцiлiся, павесялелi, схапiлi кожная сваю ляльку, паднялi свае галоўкi на Валянцiна i зноў жа дружна прамовiлi: “Дзякуй, дзядзя!” 

 — Ды ўжо расцiце, прынцэсы, будзьце такiмi прыгожымi, як гэтыя лялькi, i хай у вас будзе ўсё хораша! 

Жанчына зацiкаўлена, але ўжо больш лагодна змерыла поглядам Валянцiна, быццам што ўспомнiла, i, неяк сумна паглядзеўшы яму ў вочы, прадставiлася: 

— Вольгай мяне завуць. Астатняе вы ўжо ведаеце. 

— Валянцiн, Валiк, калi хочаце, — адрэкамендаваўся ён. I для большай упэўненасцi дадаў: — халасцяк, стары халасцяк. 

— Няўжо?! I гэта вы лiчыце за аргумент, каб прыставаць да шматдзетнай жанчыны? — яна ўсмiхнулася. 

— А чаму б i не! 

Дзяўчынкi з радасцю забаўлялiся з лялькамi, аберуч ашчапервалi iх, разводзiлi рукамi тых лялек, тэпалi iмi па лаўцы. 

— Ну дык чаму халасцяк? — спытала яна асцярожна. 

— Ат, паслухаўся парады мацi, так i застаўся адзiн. 

— Што, так i засталiся бабылём? 

— Так. Прызвычаiўся ўжо, — адказаў хутка, бо не надта хацеў зноў варушыць мiнулае, як i не лез у душу да Вольгi сам. Ён хацеў даведацца, дзе яна жыве. Усё не адважваўся, як бы баючыся спудзiць тое, што, здаецца, знайшоў, яе, у каго быў ужо зняверыўся канчаткова, спытаць. Распытаць гэту статную маладзiцу з вачыма, падобнымi на расяную ажыну, з кудзеркамi на высокiм чале, з добрым, вiдаць, сэрцам, якая ў гэтыя хвiлiны дорыць яму сваю ўсмешку. Памкнуўся быў падаць руку яе дзяўчынкам, i тыя заўсмiхалiся, пайшлi насустрач. У гэтыя хвiлiны ён цешыў сябе надзеяй, што лёс паспачуваў яму i цяпер патрэбна цераз дзяцей перакiдваць на супрацьлеглы бераг кладку, каб i яна, Вольга, убачыла i таксама перакiнула тую кладку на яго бераг, каб атрымаўся масток, якi б i злучыў iх берагi. 

Яна першай спытала, дзе i кiм ён працуе. Даведаўшыся, гарэзлiва ўсмiхнулася. 

— Адчайны вы i рызыкоўны чалавек. Няўжо кепска быць халасцяком? — Вольга зноў акiнула яго дапытлiвым, але разам з тым ужо больш даверлiвым позiркам. 

— Такiм удаўся. 

Жанчына павярнулася да дзяцей. 

— Як усё ў вас проста. Ведаеце, колькi iм ўвагi патрэбна? Мы з мамай асаблiва iх не песцiм. Можа, гэта i да лепшага, разумнейшымi вырастуць дый больш спагадлiвымi, — вызначыла свой педагагiчны прынцып Вольга. 

Неспадзеўкi аднекуль прыляцела галубка i пачала прытанцоўваць на краi сметнiцы, вуркатаць. Валянцiн дастаў з кiшэнi i сыпануў ёй семак. Дзяўчынкi засмяялiся. 

— Ды не хвалюйцеся вы дарэмна, мне ўжо не васемнаццаць. Галоўнае, я люблю дзяцей, асаблiва вось такiх дзяўчынак-непасед. 

— Ой, мы тут забавiлiся, электрычка вунь ужо наша даўно стаiць, — амаль ускрыкнула, спахапiлася Вольга. 

Тыя дзвесце крокаў, што праводзiў iх да электрычкi, Валянцiн не ўпусцiў дарэмна: даведаўся iх адрас. Ён дапамог ёй падняцца на высокiя прыступкi, падняў на руках дзяўчынак, якiя, аберуч ашчаперыўшы за шыю ўжо яго, як тыя лялькi, што прыйшлiся iм даспадобы, з задавальненнем паўскоквалi на свабодныя месцы. Яна падзякавала Валянцiну, усмiхнулася на развiтанне. 

— Дзiвак вы! — вымавiла, гледзячы прама яму ў вочы. Але запрасiла праз тыдзень-другi ў госцi. Дзяўчынкi таксама разам з мацi, але ўжо больш сцiшана казалi: 

— Дзядзька Валiк, прыязджайце да нас. 

— Абавязкова прыеду. 

— Усё, дзецi, хопiць, дзядька Валiк прыедзе да нас. 

Развiталiся. Але ён не спяшаўся выходзiць з вагона. Падышоў да iх акна, зачынiў, каб не прастудзiлiся. Падмiгнуў дзяўчынкам i выйшаў на перон. 

Праз акно яму дружна махалi тры жаночыя рукi. Нанава ўбачыў яе вабны твар з даверлiвым умольным позiркам i адчуў нейкi асаблiвы жаночы водар, якi быў пры iм. Ад яе веяла даверам, жаноцкасцю i нейкай першароднай пакорлiвасцю, якая, заўважыў, ужо ёй авалодала i абудзiла ў iм нязведанае пачуцце. Ад гэтага ў душы яго было светла i радасна. 

У скверыку ажно буяў квеценню чэрвень. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter